Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суды над гарадзенскімі актывістамі


Адміністрацыйная справа ў дачыненьні да астравецкага актывіста Івана Крука рашэньнем суду спыненая. Сёньня ж абласны суд Горадні пакінуў бязь зьменаў прысуд актывісту зь Вялікай Бераставіцы Алегу Рамашкевічу, згодна зь якім той вымушаны выплаціць 875 тысяч рублёў паводле абвінавачваньня ў расклейваньні ўлётак на сьценах дамоў падчас выбарчай кампаніі.


Іван Крук
Івана Крука вінавацілі ў распаўсюдзе бюлетэня "Прававая дапамога насельніцтву" без выходных дадзеных. Нібыта ён раскідаў бюлетэнь у паштовыя скрыні і наўпрост раздаваў людзям.

Два дні запар на суд не зьяўляліся тры сьведкі, на чыіх паказаньнях, згодна зь міліцэйскім пратаколам, і грунтаваліся абвінавачаньні.

Сёньня судзьдзя абвясьціў рашэньне: адміністрацыйную справу ў дачыненьні да Івана Крука спыніць з-за адсутнасьці складу правапарушэньня.

Вось што сказаў нашаму радыё Іван Крук, пасьля таго як выйшаў сёньня з суду:

Крук: "Я такога рашэньня, канечне, не чакаў. Але яно законнае, аб’ектыўнае. Цяжка сказаць, што сыстэма дала збой, але я прадставіў суду неабвержныя факты: у справе было 18 дакумэнтаў, і на кожны я даў законны адказ. І суд гэта ўзяў пад увагу".

Алег Рамашкевіч
Сёньня ж у абласным судзе разглядалася скарга сябра Грамады, Алега Рамашкевіча, на рашэньне Бераставіцкага раённага суду, згодна зь якім ён мусіць выплаціць 875 тысяч рублёў нібыта за расклейваньне ўлётак на сьценах дамоў падчас выбарчай кампаніі.

Алег Рамашкевіч і ягоныя сябры, якія прыйшлі на паседжаньне, з прычыны непаразуменьня ў патрэбную залю ня трапілі, і разгляд справы адбыўся бяз іх. Прысуд пакінулі бязь зьменаў. Дарэчы, на паседжаньні прысутнічалі прадстаўнікі Бераставіцкага райвыканкаму, якіх своечасова і правільна праінфармавалі пра месца разгляду. Алег Рамашкевіч надалей не пагаджаецца з рашэньнем суду.

Рамашкевіч: "Зроблена, я думаю, гэта было спэцыяльна, бо гэтая справа носіць палітычны характар, бо гэтая справа датычыць выбараў. Я не прысутнічаў падчас разгляду і ня мог паглядзець нікому ў вочы і слова сказаць. Я зрабіў запіс у кнізе скаргаў і напісаў, што мяне папросту падманулі".

Нагадаю, што Алега Рамашкевіча аштрафавалі на 875 тысяч рублёў за тое, што падчас выбарчай кампаніі ён нібыта на трох пад’ездах у вёсцы Малая Бераставіца разьвесіў свае агітацыйныя ўлёткі.

Алег Рамашкевіч ужо некалькі гадоў запар ня можа знайсьці працу ў Бераставіцкім раёне. У яго трое малых дзетак і жонка, якая працуе ў дзіцячым садку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG