Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як павінна адказаць Беларусь на газавы ўльтыматум Расеі — пагасіць даўгі на працягу пяці дзён ці працягваць плаціць за газ па-старому? Пытаньне да мінакоў у Горадні.

Спадар: "Што значыцца — напляваць? Ёсьць гандлёвыя дачыненьні, людзі дамаўляліся. Ну, як гэта: у мяне купілі, і таму я маю права разьлічваць, што грошы вернуцца. Гэта — калі чыста па-партнэрску падыходзіць. Але ўсё гэта — палітыка… Партнэрскія адносіны павінны быць, а калі не атрымліваецца, трэба сядаць за стол і дамаўляцца. Так я сам раблю і так павінна быць".

Сталы спадар: "Я думаю, што Расея шмат ішла на саступкі Беларусі і гэта ўжо — пэўная рыса, дзе самой Беларусі трэба ісьці на саступкі нейкія цывілізавана. Бясплатны сыр — дзе? У мышалоўцы. Тым больш з Украінай у Расеі цяпер добрыя адносіны, яны для Эўропы будуць запампоўваць і нафту, і газ, усё, што захочуць. Так што для Беларусі выйсьця іншага няма, Лукашэнку трэба задумацца сур’ёзна — як сябе паводзіць".

Спадар: "Трэба плаціць, бо Мядзьведзеў сказаў, што зьменшыць падачу газу. Канфлікт, канфлікт можа быць! Але цяжка сказаць пэўна, як прэзыдэнт вырашыць — так і будзе".

Спадар: "Я думаю — трэба плаціць, трэба шукаць грошы, залаты запас жа існуе, таму трэба заплаціць, і праблемаў тады ня будзе. Ня трэба ствараць праблемы".

Малады спадар: "Плаціць, канечне, трэба, гэта не такія для Беларусі вялікія грошы. А выставілі ўмовы, таму што аказваюць ціск у зьвязку з заключэньнем мытнага саюзу".

Спадар: "Плаціць трэба, тым больш што, атрымліваецца, яны выкупілі пяцьдзясят адсоткаў "Белтрансгазу", і цалкам аплочана было з умовай, што грошы гэтыя пойдуць на аплату газу, калі тарыфы падымуцца. Але куды яны пайшлі — невядома. Расея чыніць ціск, канечне. Я думаю, што пошліны на нафту для нас застануцца, апроч толькі той, што для ўнутраных патрэбаў. Гэта — палітыка".

Малады спадар: "Я лічу, што трэба плаціць, паколькі мы бярэм газ у іх. Таму трэба шукаць грошы, выйсьце з гэтай сытуацыі. Я думаю, што павінны знайсьці".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG