Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўніцтва партыі БНФ правяло прэсавую канфэрэнцыю, выказаўшыся пра "раскол" у партыі, газавы канфлікт з Расеяй і пэрспэктывы аўтарэфэрэндуму.

Прэсавая канфэрэнцыя кіраўнікоў партыі БНФ пачалася са спазьненьнем — чакалі, што зьбярэцца болей журналістаў, але тыя яе пераважна праігнаравалі. Некаторыя мяркуюць, што ў партыі БНФ раскол, які адбіваецца на папулярнасьці дзейных кіраўнікоў партыі. Ці гэта так — пытаньне да старшыні партыі Аляксея Янукевіча:

Аляксей Янукевіч
"Расколу — абсалютна адказна гэта заяўляю — у партыі няма. Сапраўды, пасьля зьезду частка людзей аўтарытэтных не прыняла новы курс. Падкрэсьлю, новы курс на вяртаньне ў грамадзтва, а не на згодніцтва з уладамі. Сытуацыя расколу была б магчымая, калі б новае кіраўніцтва і папярэдняе кіраўніцтва прапаноўвалі б нейкія пляны альтэрнатыўныя. Аднак пазыцыя папярэдняга кіраўніцтва зьвялася да суцэльнай крытыкі таго, што рабілася новым кіраўніцтвам, у тым ліку ідэі аўтарэфэрэндуму ды іншых ідэй. І ў выніку гэтыя людзі страцілі падтрымку ўнутры партыі. На сёньня нельга казаць, што ёсьць два погляды на тое, як павінна разьвівацца партыя, пляны на стратэгічнае разьвіцьцё. Пляны ёсьць толькі ў новага кіраўніцтва".

На нядаўнім паседжаньні сойму былі выключаныя з партыі вядомыя актывісты Франак Вячорка, Уладзімер Малей ды іншыя. Супроць гэтых выключэньняў выказаліся некаторыя аўтарытэтныя сябры партыі, якія ўзьнялі пытаньне пра адыход партыі БНФ ад дэмакратычных нормаў і ад жорсткай апазыцыі дзейнай уладзе. Вядомы актывіст партыі БНФ з Кобрына Аляксандар Мех падзяляе пазыцыю, згодна зь якой у партыі мае месца раскол:

Алесь Мех
"Усе гэтыя ініцыятывы, якія паходзілі ад новага кіраўніцтва партыі БНФ, былі на карысьць рэжыму Лукашэнкі. Той жа аўтарэфэрэндум. І тое, што адбываецца сёньня, — гэта выключэньне з партыі актыўных сяброў. Між тым гэта людзі, якімі ганарацца, якіх паўсюль ведаюць, як той жа Малей. Такім чынам, гэта курс на зьнішчэньне партыі".

Ідэя правядзеньня рэфэрэндуму супроць падвышэньня мыта на прывезеныя ў Беларусь аўтамабілі стала "фірменнай" ідэяй новага кіраўніцтва партыі БНФ і актыўна прасоўвалася з канца мінулага году. У красавіку ў Цэнтравыбаркам была пададзеная заяўка на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы. Аднак Цэнтравыбаркам яе не задаволіў. Між тым у канцы траўня зрабілася відавочна, што кіраўніцтва Беларусі не пагадзілася на падвышэньне мыта, як прадугледжвала дамова аб Мытным саюзе з Расеяй і Казахстанам. Кіраўнікі партыі БНФ мяркуюць, што сярод прычын, якія прымусілі Лукашэнку зьмяніць сваю пазыцыю, быў і ціск грамадзкасьці на чале з БНФ:

Ігар Лялькоў
"Наша ініцыятыва была першай, і яна каталізавала працэсы выяўленьня грамадзянамі сваёй пазыцыі. І гэта паўплывала на рашэньне гэтыя зборы не падвышаць", — сказаў намесьнік старшыні партыі Ігар Лялькоў. Ён таксама паведаміў, што ініцыятыўная група сёньня падасьць у Вярхоўны суд скаргу на Цэнтравыбаркам — на адмову ў рэгістрацыі. "Мы будзем змагацца за скасаваньне новых збораў і для юрыдычных асобаў", — паведаміў Ігар Лялькоў.

Кандыдат на прэзыдэнта ад партыі БНФ Рыгор Кастусёў выказаў сваё стаўленьне да закліку старшыні партыі КХП БНФ Зянона Пазьняка "байкатаваць будучыя прэзыдэнцкія выбары":

Рыгор Кастусёў
"На маю думку, калі б байкатаваць выбары, то гэтым трэба было б пачынаць займацца яшчэ год таму. Але партыя БНФ прыняла рашэньне ісьці да выбарцаў праз вылучэньне на прэзыдэнта. Бо калі мы ня ўдзельнічаем у выбарах, мы ня зможам данесьці нашы погляды на тое, што адбываецца ў краіне".

Што да "газавага ўльтыматуму" Расеі, то, на думку Рыгора Кастусёва, Лукашэнка ў выніку "падпіша ўсё, што трэба, на ўмовах Расеі", бо для яго "галоўным ёсьць захаваньне ўлады, а не інтарэсы беларускага народу".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG