Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Голас Быкава — у музэі гісторыі беларускай літаратуры


Васіль Быкаў

Васіль Быкаў

У дзень, калі Васілю Быкаву споўніцца 86, ягоны голас загучыць у Дзяржаўным музэі гісторыі беларускай літаратуры. Менавіта там 19 чэрвеня апоўдні пачнецца менская прэзэнтацыя аўдыёкнігі народнага пісьменьніка "Доўгая дарога дадому".

Кніга выйшла ў сэрыі "Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе". Цягам 6 гадзінаў і 22 хвілінаў гучаць на ёй успаміны Васіля Быкава ў непаўторным аўтарскім выкананьні.

Ён прачытаў свае мэмуары ў праскай студыі Радыё Свабода ў 2002 годзе. Тады ж сорак фрагмэнтаў запісу прагучалі ў нашым эфіры. А сёньня пра тое, як рабіліся тыя свабодаўскія запісы, прыгадвае іх рэдактарка Алена Ціхановіч.

Алена Ціхановіч: "Мэмуарам ён даваў шанцы..."

Мяне найбольш уразіла дакладнасьць і нават "падначаленасьць" Васіля Ўладзімеравіча. Ён прыходзіў без спазьненьняў, не патрабаваў чайнай раскачкі, проста адразу мы ішлі ў студыю. Пісьменьнік нібы ведаў, што часу мала, што трэба пасьпець...

Голас можна было б назваць ціхім і невыразным, калі б гэта ня быў той, быкаўскі голас. Хрыплаваты, спакойны. Здаецца, мы сапраўды пераканалі яго, што аўтарскае чытаньне — гэта адзіна прымальны варыянт.

Яшчэ адна дэталь была для майго вуха вельмі заўважнай — Васіль Уладзіміравіч чытаў без асаблівага дыктарскага намаганьня, як бы толькі прагаворваў тэкст, які быў асноўным творам, асноўным сродкам зьмястоўнай выразнасьці.

У кароткіх перапынках мне давялося пачуць прызнаньні, што гэтыя мэмуары пісаліся толькі "з памяці", бязь зьверкі з архівамі, якія засталіся дома. Або прапалі. Або былі спаленыя.

Памятаю таксама, што Васіль Уладзімеравіч з сумнай упэўненасьцю казаў, што ў 21-м стагодзьдзі сур’ёзную літаратуру ўжо ня будуць чытаць. Але мэмуарам ён усё ж даваў шанцы...

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG