Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Максіма Бакіева абвінавачваюць у тэрарызьме


Максім Бакіеў

Максім Бакіеў

Улады Кіргізстану заявілі, што патрабуюць ад Вялікабрытаніі выдаць малодшага сына экс-прэзыдэнта краіны Курманбека Бакіева Максіма.

Пра гэта паведаміў намесьнік старшыні часовага ўрада Кіргізстану, які курыруе праваахоўны сэктар, Азымбек Бекназараў.

Ён таксама паведаміў, што пакуль невядома, ці затрыманы Максім Бакіеў альбо папрасіў палітычнага прытулку. Пра гэта паведамляюць "РІА Новости".

У Бішкеку мяркуюць, што малодшы сын зрынутага прэзыдэнта Кіргізстану замешаны ў арганізацыі і фінансаваньні масавых беспарадкаў у сярэдзіне траўня на поўдні рэспублікі з мэтай зьвяржэньня часовага ўраду.

У аўторак Генпракуратура Кіргізстану адправіла запыт Вялікабрытаніі аб экстрадыцыі Максіма Бакіева.

"Мы будзем патрабаваць выдачы Максіма Бакіева, паколькі ўпэўненыя, што ён і ягоны дзядзька Жаныш Бакіеў (брат экс-прэзыдэнта) замешаныя ў шматлікіх злачынствах і тэрарызьме", -- сказаў Бекназараў. Ён таксама падкрэсьліў, што кіргізскія ўлады будуць ставіць пытаньне аб выдачы Максіма Бакіева "перад Англіяй і ЗША".

"Калі яны змагаюцца з тэрарызмам і нават для гэтага трымаюць базу НАТО ў Кіргізстане, то няхай яго выдадуць", -- падкрэсьліў Бекназараў.

Намесьнік старшыні кіргізскага Кабміна ўпэўнены, што ўлады рэспублікі змогуць даказаць датычнасьць сям'і былога прэзыдэнта да тэрарызму.

Максім Бакіеў таксама абвінавачваецца ў зьдзяйсьненьні шэрагу эканамічных злачынстваў і карупцыі. У красавіку ён быў абвешчаны ў міжнародны вышук праз Інтэрпол. 13 чэрвеня сын зрынутага прэзыдэнта Кіргізстану быў затрыманы брытанскімі памежнікамі ў аэрапорце "Фарнборо", куды ён прыляцеў на арандаваным прыватным самалёце.
XS
SM
MD
LG