Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кадравы голад у мэдыцыне застанецца да 2013 году


Васіль Жарко
Васіль Жарко

Праблему забесьпячэньня шпіталяў і паліклінік спэцыялістамі Міністэрства аховы здароўя плянуе вырашыць у 2013 годзе. Такую заяву міністар Васіль Жарко зрабіў на прэсавай канфэрэнцыі, прысьвечанай Дню мэдыка, які адзначаецца 20 чэрвеня. Васіль Жарко таксама паведаміў, што да канца гэтага году плянуецца істотнае падвышэньне заробкаў мэдыкам.


Напярэдадні прафэсійнага сьвята міністар казаў выключна пра дасягненьні сыстэмы аховы здароўя ў мінулым годзе. У тым ліку — пра павелічэньне колькасьці апэрацый па перасадцы ўнутраных органаў, пра разьвіцьцё высокіх тэхналёгій і навукі. І толькі адказваючы на пытаньні журналістаў, прызнаў, што заробкі мэдыкаў складаюць 76% ад сярэдняга заробку ў народнай гаспадарцы. Аднак гэткае становішча неўзабаве будзе выпраўлена, запэўніў Васіль Жарко:

«Так, намі распрацаваны праект указу кіраўніка краіны пра істотнае павышэньне заробку. Зараз ён знаходзіцца ва ўрадзе на ўзгадненьні зь іншымі міністэрствамі і ведамствамі, а затым будзе перададзены ў адміністрацыю. Зь вялікай верагоднасьцю магу сказаць, што падвышэньне заробку адбудзецца. Калі? Магчыма, што ў чацьвёртым квартале».

ь вялікай верагоднасьцю магу сказаць, што падвышэньне заробку адбудзецца.
Міністар не назваў магчымы памер падвышэньня заробкаў, але паведаміў, што сёньнявысокакваліфікаваны лекар з улікам сумяшчальніцтва і начных дзяжурстваў мае заробак памерам 1 мільён 369 тысяч рублёў, а мэдработнік сярэдняга зьвяна — 786 тысяч. Яшчэ адной агучанай праблемай сталася пытаньне кадраў. Сёлета мэдустановы краіны заявілі пра 4,5 тысячы вакансій, на іх разьмеркавана 1.900 спэцыялістаў. Васіль Жарко кажа, што мэдыкамі перадусім забясьпечваюцца ўстановы сталіцы:

«Каб зьняць гэтую праблему, мы далі для ўстаноў аховы здароўя, нават коштам іншых рэгіёнаў, больш за 500 выпускнікоў. У апошнія гады таксама павялічылі набор лекараў да 2 700 чалавек, і 50% зь іх — коштам пазабюджэтнага навучаньня. Але на наступны год будзем набіраць менш, каб праз шэсьць гадоў не стварыць праблему перанасычанасьці працоўнымі рэсурсамі. Бо кожны лекар будзе працаваць — мінімум — на 1,2 стаўкі. Ня ўсе пэнсіянэры адразу пойдуць на пэнсію, і ім таксама неабходна забясьпечыць працоўнае месца. Гэткім чынам да 2013 году мы выйдзем на ўкамплектаваньне сыстэмы аховы здароўя цалкам».

Праблема недахопу стацыянарных месцаў у шпіталях, якая асабліва заўважна выявілася ў мінулагоднюю эпідэмію грыпу, праблема забесьпячэньня аптэк мэдычнымі прэпаратамі, бюракратычны характар сыстэмы аховы здароўя і многія іншыя засталіся ў перадсьвяточным выступе па-за ўвагай міністра, але мэдыкі ў сваёй працы сутыкаюцца зь імі штодзень. Гаворыць лекар аднаго зь менскіх шпіталяў Андрэй Вітушка:

«Вядома, што людзей лечыць не апаратура, а іншыя людзі. І каб была якасная і прафэсійная праца з пацыентамі, людзі, якія іх лечаць, павінны быць задаволеныя і матываваныя. А ў нас зараз сыстэма аховы здароўя і яе мэнэджмэнт больш зацікаўленыя такімі рэчамі, як паказчыкі, працэнты, каэфіцыенты і гэтак далей. І на чалавека — пацыента — застаецца вельмі і вельмі мала часу. Гэтыя і іншыя праблемы настолькі сур’ёзныя, што па меры іх нарастаньня яны могуць паставіць пад пагрозу дзейнасьць самой сыстэмы».

Як паведаміў міністар аховы здароўя Васіль Жарко, каб дапамагчы лекарам у выпісваньні рэцэптаў, лістоў непрацаздольнасьці і іншай дакумэнтацыі, неўзабаве ў шпіталях і паліклініках краіны зьявяцца новыя штатныя адзінкі — памочнікі лекараў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG