Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывіста АГП Івана Крука вінавацяць у распаўсюдзе бюлетэня «Прававая дапамога насельніцтву» без выходных дадзеных. Нібыта ён раскідваў бюлетэнь у паштовыя скрыні і наўпрост раздаваў людзям.


Судовае паседжаньне перанесьлі з прычыны таго, што ў суд не зьявіліся тры сьведкі, на чыіх паказаньнях, згодна зь міліцэйскім пратаколам, і грунтаваліся абвінавачаньні супраць Івана Крука ў распаўсюдзе нелегальнай друкаванай прадукцыі.

Іван Крук заявіў сёньня сем хадайніцтваў, у тым ліку — каб у суд былі выкліканыя кіраўнік раённай выбарчай камісіі, а таксама кіраўнікі раённых сілавых структураў, якія, на яго думку, і фальсыфікуюць супраць яго ўжо ня першую судовую справу.

Адна са сьведак, якую сёньня дапыталі ў судзе, патлумачыла, што ўзяла адзін бюлетэнь «Прававая дапамога насельніцтву» ў Івана Крука ў кватэры, чытала яго сама і нікому пры гэтым не перадавала.

Астатнія сьведкі, на чыіх паказаньнях грунтуецца абвінавачаньне, у суд зь невядомай прычыны не зьявіліся. Адзін зь іх напісаў скаргу ў міліцыю, што бюлетэнь «Прававая дапамога насельніцтву», у якім было зьмешчана інтэрвію з Іванам Круком, падчас выбарчай кампаніі яму ўкінулі ў паштовую скрыню.

Двое іншых падпісаліся пад тым, што нібыта Іван Крук распаўсюджваў бюлетэнь сярод іх непасрэдна. Але, на думку самога спадара Крука, сьведкі не зьявіліся ў суд таму, што ім насамрэч няма чаго сказаць — бо міліцэйскі пратакол сфальсыфікаваны, а сьведкаў прымусілі паставіць пад ім подпісы.

На працэсе прысутнічаў актывіст АГП з Астравецкага раёну Мікалай Уласевіч. Вось што ён сказаў нашаму радыё:

«Яму інкрымінуюць распаўсюд СМІ без выходных дадзеных, але выходныя дадзеныя на бюлетэні ёсьць. Значыцца, гэты пратакол узяты са столі. Я лічу, што такая пастаноўка пытаньня ў судзе недапушчальная. Улады хочуць закрыць рот тым, хто акрамя іх мае сваю думку».


XS
SM
MD
LG