Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Газавая цішыня зь Менску


Як прайшоў першы зь пяці дзён, адведзеных Крамлём афіцыйнаму Менску, каб сплаціць 200-мільённую запазычанасьць за газ?


Сяргей Купрыянаў
У другой палове дня прадстаўнік «Газпрому» Сяргей Купрыянаў паведаміў карэспандэнту «Свабоды», што зь беларускага боку не паступіла ніякай рэакцыі, у тым ліку грошай. Да якога часу будзе трываць «Газпром», перш чым вызначыцца, якія захады зрабіць у адказ? Спадар Купрыянаў сказаў:

«Ну, відавочна, у панядзелак».

А якія захады могуць быць зробленыя ў адказ?

«Мы паведамім пра гэта крыху пазьней».

Эдуард Таўпянец
У беларускім урадзе наагул адмаўляліся ад камэнтароў і размоваў на газавую тэму. Першы намесьнік міністра энэргетыкі Эдуард Таўпянец сказаў праз тэлефон карэспандэнту «Свабоды» , што ня ведае пра заявы расейскага прэзыдэнта. На пытаньне, ці мае Беларусь запазычанасьць за газ, ён адказаў:

«Ёсьць два суб’екты гаспадараньня — „Белтрансгаз“ і „Газпром“, якія заключылі кантракты і дзейнічаюць адпаведна кантрактам. Таму, калі хочаце ведаць, хто плаціў ці не плаціў… Хаця гэта, шчыра кажучы, ня вашы пытаньні».

Леанід Заіка
Паводле кіраўніка аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леаніда Заікі, цягам толькі двух першых месяцаў спажываньне газу ў Беларусі параўнальна зь мінулым годам павялічылася на 80%. Да таго ж нічога не пасьпелі прадаць.

«Крэмль гэта робіць чыста з палітычнай зацікаўленасьці. Крэмль вырашыў пагуляць, як котка з мышкай, з Аляксандрам Лукашэнкам. Вось аднялі 2 мільярды па нафце. Цяпер па газу, калі будуць новыя цэны, то Беларусі давядзецца плаціць 1 мільярд 600 мільёнаў. У выніку 3 мільярды 600 мільёнаў даляраў — гэта прэтэнзіі з боку Крамля да Аляксандра Лукашэнкі. І свайго роду эканамічны ўрок беларускаму электарату.

Сутнасьць яго простая. Вось вам падабаецца ваш прэзыдэнт, ён такі, і калі вы лічыце, што ён далей павінен заставацца прэзыдэнтам — калі ласка, плаціце 3 мільярды 600 мільёнаў даляраў за тое, каб у вас быў такі прэзыдэнт».

Андрэй Суздальцаў
Паводле маскоўскага палітоляга Андрэя Суздальцава, Аляксандру Лукашэнку падчас візыту ў Маскву не ўдалося дамовіцца ні зь Дзьмітрыем Мядзьведзевым, ні з Уладзімерам Пуціным.

«Ён нічога ня вырашыў. Была цяжкая размова, але ён нічога ня вырашыў. Ён вылучыў гэтае патрабаваньне — забясьпечваць Беларусь. Ён не патлумачыў, чаму расейскі бок толькі па нафце павінен датаваць на 6-7 мільярдаў даляраў у год. Мядзьведзеў і не зразумеў, чаму Расея нечым абавязаная».

Цяпер, паводле спадара Суздальцава, расейскі бок дзейнічае строга паводле дамовы:

«Па сутнасьці, нават гэтых пяці дзён няма і Расея павінна была ўжо пасьля апошняга плацяжу скараціць пастаўкі. Я прапаную перайсьці на перадаплату зь Беларусьсю. Ясна, што беларускі бок плаціць ня будзе. Гэтае кіраўніцтва Беларусі ня будзе нармальна плаціць Расеі і ўвесь час будзе нешта выдумляць.Чакаецца сур’ёзная дэстабілізацыя беларуска-расейскіх стасункаў. І тое, што было 11-12 чэрвеня, — гэта толькі кветачкі. Таму расейскі бок імкнецца хаця б адну тэму закрыць і дамагчыся хаця б аплаты за газ».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG