Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выдадзеная сёлета ў чэрвені ў зальцбурскім выдавецтве кніга "Хто памірае здаровым, больш мае ад жыцьця" абвяргае вельмі распаўсюджанае клішэ, быццам паміраць здаровым шкада.

"Паміраць увогуле шкада, прычым у любым узросьце, аднак калі гэта адбываецца ня ў муках, сьмерць аказваецца не такой трагічнай", лічаць аўтары кнігі — унівэрсытэцкі прафэсар мэдыцыны Зігфрыд Мэрын і журналіст Крысьціян Скальнік.

Дэталёва прааналізаваўшы мноства мэдычных дасьледаваньняў, Мэрын і Скальнік прышлі да высновы: здаровае старэньне цалкам магчымае.

Адна з галоўных умоваў — ня верыць казкам пра розныя цудадзейныя прэпараты, вітаміны, травы, дыеты, якія ў разьліку на наіўных спажыўцоў рэклямуюцца як эфэктыўныя сродкі ад раку, інфаркту, інсульту і гэтак далей. У што сапраўды трэба верыць, пішуць аўтары, дык гэта ў шкоду курэньня. Адмовіцца ад яго азначае падоўжыць жыцьцё на гады.

Ня трэба пераацэньваць і сілу сучаснай мэдыцыны. Паводле Зігфрыда Мэрына і Крысьціяна Скальніка, "мэдыцына не адыгрывае такой істотнай ролі, як прынята меркаваць.
Здаровае старэньне цалкам магчымае, толькі ня трэба пераацэньваць сілу сучаснай мэдыцыны і верыць у цудадзейнасьць разрэклямаваных прэпаратаў, вітамінаў і дыетаў.
Дзякуючы майстэрству лекараў, працягнуць жыцьцё ўдалося толькі 10—20% хворых". Тым ня менш, насуперак усім папярэджаньням адмыслоўцаў наконт каляпсу сыстэмы аховы здароўя, які мае здарыцца неўзабаве, людзі з кожным годам укладаюць усё болей і болей сродкаў у мэдычны рамонт арганізму. Шырыцца вера ў эфэктыўнасьць дарагога лекаваньня. Як лічаць аўтары кнігі "Хто памірае здаровым, больш мае ад жыцьця", дзеля захаваньня папуляцыі здаровых людзей сыстэма аховы здароўя не павінна быць дарагой.

У якасьці прыкладу падаецца барацьба з такой хваробай, як дыябэт другога тыпу. На яго лекаваньне выдзяляюцца мільярды, хоць у 85% выпадкаў хваробу можна перамагчы разумнай дыетай і фізычнымі практыкаваньнямі.

Тое, што лекары настойваюць на мэдыкамэнтозным шляху, сьведчыць хутчэй пра ціск з боку вытворцаў лекаў, якія імкнуцца захаваць свае касьмічныя прыбыткі. Як вынік, у апошнія дзесяцігодзьдзі людзі нярэдка трацяць грошы зусім бессэнсоўна.

Аўтары кнігі дзеляцца ўражаньнямі ад сустрэчаў са здаровымі старымі, якія далёка перасягнулі 80-гадовы рубеж, звычайны для Аўстрыі — краіны, дзе мужчыны ў сярэднім жывуць прыкладна да 77 гадоў, а жанчыны да 83. (Для параўнаньня: у Беларусі гэтыя паказчыкі складаюць адпаведна 63 і 75 гадоў, ва Ўкраіне — 63 і 74, у Расеі — 59 і 72, у Калюмбіі зь яе пэрманэнтнай партызанскай вайной — 69 і 75). Досьвед аўстрыйскіх старажылаў, па-першае, абвяргае распаўсюджанае ўяўленьне пра добрыя гены, якія абумоўліваюць даўгавечнасьць. Шмат хто з гэтых людзей не адзначаўся ў маладосьці моцным здароўем, некаторыя нават цяжка хварэлі. Да таго ж яны перажылі вайну, голад, самыя розныя стрэсы. Тым ня менш на сваім дзявятым, калі ня больш, дзясятку гэтыя людзі адзначаюцца фізычнай, духоўнай і сацыяльнай актыўнасьцю, яны езьдзяць на роварах і аўтамабілях і выглядаюць нашмат маладзейшымі за свой узрост.

Усе гэтыя не старога выгляду старажылы ніколі не наведвалі спартыўныя клюбы, а проста вялі памяркоўны лад жыцьця.
Актыўныя старажылы, якія молада выглядаюць, ніколі не ўчашчалі ў спартыўныя клюбы, не змагаліся адмыслова зь лішняй вагой, не прытрымліваліся так званага "здаровага харчаваньня".
На іх думку, калі да фізычных нагрузак імкнуцца любым коштам, гэта скарачае жыцьцё. Працягвае ж яго толькі прыемная фізычная дзейнасьць — праца ў садзе, калі яна даспадобы, працяглыя шпацыры ў ахвоту на сьвежым паветры і г.д. У гэтай актыўнасьці не павінна быць прымусу.

Сярод доўгажыхароў, як правіла, няма тлустых. Няма сярод іх і тых, хто ў маладосьці адмыслова змагаўся зь лішняй вагой. Усе гэтыя людзі ніколі не прытрымліваліся так званага "здаровага харчаваньня" ці вэгетарыянства. Пра дыету яны пачыналі думаць толькі пад старасьць.

І яшчэ адзін цікавы момант. Усім доўгажыхарам была яшчэ ад маладосьці ўласьцівая пэўная форма аўтызму. Гаворка ідзе не пра нейкія клінічныя формы, а пра своеасаблівую засяроджанасьць чалавека на сваім уласным сьвеце, які займае асноўную яго ўвагу і ўнутраную энэргію. Яны не сыходзяць у самаізаляцыю ад навакольнага асяродзьдзя, а ўспрымаюць жыцьцё ў пэўным кантэксьце, адкідаючы ўсё астатняе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG