Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі крызіс адчулі каля 60% насельніцтва


Такая выснова ўтрымліваецца ў сацыялягічным дасьледаваньні "Сацыяльныя наступствы сусьветнага фінансавага крызісу", якое ў канцы 2009 — на пачатку 2010 году правяла лябараторыя аксіямэтрычных дасьледаваньняў НовАК разам зь Беларускім інстытутам стратэгічных дасьледаваньняў (BISS, Літва) і дасьледчым цэнтрам Інстытуту прыватызацыі і мэнэджмэнту (ІПМ).

У рэпрэзэнтатыўнай выбарцы ўзялі ўдзел 1570 рэспандэнтаў. Пра гэта паведамляе Інтэрфакс.

Паводле дадзеных сацапытаньня, траціна рэспандэнтаў сьцьвярджае, што ў поўнай меры "адчулі" нэгатыўныя наступствы крызісу, крыху больш за 30% "хутчэй адчулі" яго ўплыў. Пра значнае зьніжэньне даходаў у 2009 годзе паведамілі 14,7% апытаных, а трэць адзначыла, што іхні даход "крыху зьнізіўся".

Між тым беларусы аптымістычна глядзяць на сытуацыю ў 2010 годзе. Так, 53,8% рэспандэнтаў лічаць, што іхнія даходы ў 2010 годзе ня стануць меншымі, 19,9% чакаюць росту даходаў, нязначнае зьніжэньне даходаў прагназуюць 17,1% апытаных.

Зьніжэньне даходаў рэспандэнты ў асноўным зьвязваюць з палітыкай дзяржавы (18,9%) і дзеяньнямі працадаўцы (16%). З палітыкай дзяржавы зьвязаныя і асноўныя чаканьні адносна росту даходаў.

У дасьледаваньні адзначаецца, што найбольшы ўплыў крызісу адчулі беспрацоўныя (42,1%), уладальнікі бізнэсу і кіраўнікі вышэйшага зьвяна (па 63,6%), рабочыя (40%), хатнія гаспадыні (37,5%).

Менш за ўсё крызіс адбіўся на дзяржаўных службоўцах, вайскоўцах і "бюджэтніках".

Сярод найбольш актуальных праблемаў, выкліканых крызісам, беларусы называюць рост цэнаў (68,6% апытаных), павелічэньне камунальных тарыфаў (54,8%), спад вытворчасьці (26,2%).

Паводле дадзеных дасьледаваньня, каля 40% апытаных адзначылі аслабленьне ўзаемадапамогі, гатоўнасьці прыйсьці на выручку, зьніжэньне даверу паміж людзьмі. На думку аўтараў дасьледаваньня, гэта зьвязана з ростам канкурэнцыі на рынку працы. Дадзеная тэндэнцыя асабліва ярка выявілася ў асяродзьдзі індывідуальных прадпрымальнікаў, беспрацоўных і кіраўнікоў прадпрыемстваў.
XS
SM
MD
LG