Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзень Блюма (па-ангельску: Bloomsday) — гэта нагода для шматлікіх прыхільнікаў прыгожага пісьменства па ўсім сьвеце згадаць ірляндзкага пісьменьніка Джэймса Джойса (1882-1941) і ягоны раман "Уліс", які зьявіўся ў 1922 годзе ў Парыжы, а распавядае пра дзень 16 чэрвеня 1904 году ў Дубліне.


Мала хто на сьвеце прачытаў гэты раман да канца (калі не лічыць некаторых пісьменьнікаў, дасьледнікаў літаратуры і студэнтаў ангельскай філялёгіі), аднак усе прызнаюць, што Джойс і "Ўліс" — гэта самы ўплывовы аўтар і самы ўплывовы раман ХХ стагодзьдзя. "Уліс" — краевугольны камень літаратурнага мадэрнізму. То бок, раман, які ўваходзіць у самы сьціслы канон сусьветнай літаратуры, побач, напрыклад, з "Іліядай" і "Адысэяй" Гамэра ды "Боскай камэдыяй" Дантэ.

З кананічнымі творамі наогул бывае так, што шмат хто пра іх існаваньне чуў, але амаль ніхто іх не чытаў. Ці знойдзецца хоць адзін чалавек у Беларусі, які прачытаў "Іліяду", "Адысэю" і "Боскую камэдыю"? Добра, калі б знайшоўся і адгукнуўся тут, на сайце Радыё Свабода. Але я занадта не спадзяюся. Сам я, прызнаюся бяз розгаў, да такіх не належу, хоць на маёй хатняй паліцы гэтыя творы стаяць, і то ў розных перакладах — які па-чэску, які па-польску, а які і па-расейску.

Але з "Улісам" мне пашанцавала крыху больш. Я яго прачытаў, спачатку ў польскім перакладзе, потым у ангельскім арыгінале, а потым яшчэ перачытваў некаторыя месцы ў францускім, расейскім, чэскім і славацкім перакладах. Але ўсё гэта, так бы мовіць, дробязі ў параўнаньні з сусьветным сьвяткаваньнем Дня Блюма, у якім, па сутнасьці, ніхто ў нікога не правярае знаёмства з кананічным творам Джойса.

"Уліс" — кажучы тэлеграфным стылем — гэта такая мадэрнісцкая "Адысэя", у якой Адысэем/Улісам зьяўляецца не гераічна-ўзвышаны пэрсанаж, роўны багам ці паўбагам, а камічна-заземлены, падобны хутчэй на самага звычайнага сьмяротніка, чым на Адысэя з-пад Троі, то бок, Jedermann, everyman, кожны з нас. У Джойса сучасным Улісам зьяўляецца рэклямны агент Леапольд Блюм, ірляндзец габрэйскага паходжаньня, чый лёс, калі можна так выказацца, глыбока няважны для гісторыі ўсяго астатняга сьвету. Тым ня менш, наважыўшыся прыраўнаць лёс Блюма-everyman’a да лёсу гамэраўскага Адысэя, Джойс сказаў гэтаму астатняму сьвету, што кожны чалавек насамрэч пракладвае сваю прыватную адысэю па дарогах і заблукалішчах штодзённага жыцьця. Калі каму не даспадобы такі журналісцка-павярхоўны падыход да вызначэньня праблематыкі "Ўліса", я рэкамэндую яму заглянуць на сайт Літаратура.org, дзе гэтую праблематыку мы расшалопваем больш салідным чынам (http://litaratura.org/chytalnya?artid=17).

Падзеі ва "Ўлісе" адбываюцца 16 чэрвеня 1904 году — гэты дзень ня меў нейкага асаблівага значэньня ні для гісторыі Ірляндыі, ні для гісторыі сьвету. Нічога важнага ці вартага чалавечай памяці ў гэты дзень не адбылося. Але ў жыцьці Джойса гэты дзень меў істотнае значэньне — якраз 16 чэрвеня 1904 ён пайшоў на першы шпацыр з Норай Барнакл, дзяўчынай, зь якой ён пазнаёміўся ў Дубліне некалькі дзён раней. Джойс закахаўся па вушы і запрапанаваў Норы, каб яна разам зь ім пакінула Ірляндыю і выехала за мяжу. Доўга ня думаючы, Нора пагадзілася. Яны пражылі разам наступных 36 гадоў, папераменна ў Італіі, Францыі і Швайцарыі. Задумаўшы ў 1914 годзе, напярэдадні сусьветнай вайны, напісаць сучасную адысэю і зьмясьціць яе ў прасторы аднаго гораду ды часе аднаго дня, Джойс выбраў Дублін і дзень 16 чэрвеня 1904.

Першае адзначэньне Дня Блюма адбылося ў Дубліне ў 1954 годзе, на 50-я ўгодкі падзеяў, апісаных ва "Ўлісе". Тады група прыхільнікаў літаратуры з Дубліну, некаторыя зь якіх былі знаёмыя з Джойсам як рэальнай асобай, наняла два экіпажы і пастанавіла праехацца па ірляндзкай сталіцы, узнаўляючы фікцыйны маршрут вандровак Леапольда Блюма і некаторыя сцэны з раману. Сьвяткаваньне дацягнула толькі да сцэны ў бары Дэйва Бэрна (гэта сцэна зь першай паловы раману) і там закончылася, бо ўсе ўдзельнікі Bloomsday (дарэчы, гэта яны тады ўпершыню прыдумалі гэткую назву сьвята) напіліся ў бэлю і не былі ў змозе працягваць далейшых захадаў.

У сьвяткаваньні 100-х угодкаў Bloomsday, у 2004 годзе, магістрат Дубліну выдаў 10 тысяч дармовых "ірляндзкіх сьняданкаў" на вуліцы О’Конэла (у які ўваходзілі кілбаскі, падсмажаны бэкон, тосты, фасоля, белы і чорны пудынг) для сваіх і замежных гасьцей і разявакаў, якія зьявіліся на той увекавечанай ва "Ўлісе" вуліцы, каб аддаць шанаваньне Джэймсу Джойсу.

Мне некалькі разоў даводзілася браць удзел у адзначэньні Дня Блюма. Два ці тры разы мы зь Сяргеем Шупам, рэдактарам беларускага перакладу "Ўліса", схадзілі на ірляндзкае піва ў паб "James Joyce" у Празе. У 1998 годзе я браў удзел у адмысловым сэмінары аб творчасьці Джойса, наладжаным на Bloomsday у Ягелонскім унівэрсытэце ў Кракаве.

І яшчэ запомніўся Bloomsday у 2000 годзе. У Прагу зь Нямеччыны прыехаў Міхась Лукашук, які тады быў студэнтам нейкай нямецкай Hochschule і якога ў Празе я ўбачыў з экзэмплярам нямецкага перакладу "Ўліса". Хлопец хадзіў з гэтай кніжкай па Празе і чытаў сабе па кавалку, спрабуючы "ўзнавіць" вандроўку Блюма па Дубліне. Калі Міхась прыйшоў на Радыё Свабода, была больш-менш пара дня, адведзеная ва "Ўлісе" для сцэны ў рэдакцыі газэты, у якой працаваў рэклямны агент Леапольд Блюм (сёмы эпізод раману). Я, Міхась і ягоны бацька (Аляксандар Лукашук) зайшлі ў радыёстудыю і запісалі кароткую гутарку пра значэньне "Ўліса" для сусьветнай і беларускай культуры наогул ды для спажываньня ірляндзкага піва ў прыватнасьці. Помніцца, што я тады даў Міхасю экзэмпляр беларускага перакладу "Ўліса", каб ён, калі ўжо апынецца ў Нацыянальнай чэскай бібліятэцы (адзначаючы бібліятэчную сцэну зь дзявятага эпізоду "Ўліса"), мог прачытаць сабе, прыкладам, наступнае:

"Пык Маліган, лёгка прытупваючы, трэліў:

Пачую — лаюцца засранцы,
Ці шлюху згледжу на гулянцы,
А думка мчыцца нестрымана
Да Ф. МакКэрды Аткінсана,
Што на драўлянай ножцы ходзіць.
Другі ў спадніцы ў клетку модзіць,
Ня п'е ніякай моцнай брагі,
Завуць яго — бязгубы Магі.
Жаніцца ў іх няма ахвоты,
Бо й з ананізмам шмат турботы.

Блазнуй далей. Пазнай сябе.

Прыпыніўся ніжэй за мяне, насьмешліва абмервае паглядам. Я запыняюся.

— Страхапут ты хаўтурны, — зжаліўся Бык Маліган. — Сынг ужо перастаў хадзіць у чорным, каб прыпадобніцца да людзей. Чорныя толькі вароны, ксяндзы й ангельскі вугаль.

Сьмех прабегся па ягоных вуснах.

— Лонгварт моцна занядужаў, — паведаміў ён, — пасьля таго, як ты напісаў пра тую старую атраху Грэгары. Ах ты, зап’янелы жыдаезуіт зь інквізыцыі! Яна табе мосьціць пасаду ў часопісе, а ты разносіш ейную чаўпню кібенімацеры. Няўжо нельга было пад Ейтса?

Ён рушыў уніз, строячы міны, цілікаючы ў такт плаўных помахаў рукамі:

— Найпрыгажэйшая з кнігаў, што выйшлі ў нашай краіне на маім вяку. Міжвольна прыгадваеш Гамэра.

Ён затрымаўся ля падножжа сходаў.

— Я нарадзіў п’есу для страхапутаў, — аб’явіў ён урачыстым тонам.
Заля з маўрытанскімі калёнамі, пераблытаныя цені. Закончыўся танец дзевяці маўраў у шапачках індэксаў.

Салодкагучнымі й зьменлівымі галасамі, Бык Маліган адчытаў свой пэргамін:

Кожны Сам Сабе Жонка
ці
Мядовы Месяц у Жмені
(народны амаралітэт у трох аргазмах)
напісаны Яйцаводам Маліганам

Ён павярнуў да Стывэна шчасную блазьнюкаватую ўсьмешку, кажучы:

— Я баюся, што маскі занадта празрыстыя. Але паслухай.

Ён стаў чытаць, marcato:

— Асобы:

ТОБІ РУКАБЛУДЗКІ (вышмарганы паляк)
МАНДАВОШКА (разбойнік з узьлеску)
МЭДЫК ДЫК
і (два зайцы адным стрэлам)
МЭДЫК ДЭЙВІ
МАТУЛЯ ГРОГАН (вадаліўка)
СЬВЕЖАЯ НЭЛЬКА
і
РАЗАЛЬКА (курва з вугальнай прыстані)

Пасьмейваючыся, ён ішоў паперадзе Стывэна, хітаў сюды-туды галавою й весела зьвяртаўся да ценяў, душаў людзей:

— О, тая ноч у Кэмдэн-холе, калі дочкі Эрыну мусілі падымаць свае спадніцы, каб пераступіць церазь цябе, калі ляжаў ты ў сваіх віннаколерных, шматколерных, прыўкрасназбыткоўных ванітах!

— Найнявіньнейшы з сыноў Эрыну, — адгукнуўся Стывэн, — дзеля якога тыя спадніцы калі-колечы падымаліся".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG