Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У бліжэйшыя выходныя ў Польшчы адбудзецца першы тур прэзыдэнцкіх выбараў, у якіх галоўныя кандыдаты на перамогу гэта выканаўца абавязкаў прэзыдэнта, сьпікер Сэйму Браніслаў Камароўскі ды лідэр апазыцыйнай партыі “Права і справядлівасьць”, брат загінулага прэзыдэнта Леха Качынскага – Яраслаў Качынскі.

48% - на такую колькасьць галасоў выбарцаў можа разьлічваць Браніслаў Камароўскі паводле вынікаў апошніх апытаньняў. Такім чынам, каб перамагчы ў першым туры, сьпікеру Сэйму не хапае зусім няшмат. Камароўскі, зрэшты як і іншыя лідэры кампаніі, сустракаецца з выбарцамі па ўсёй краіне:

“Я разам з вамі, каб разам думаць пра Польшчу, што трэба зрабіць, каб нашая краіна ішла простай дарогай да посьпеху”

Учора Камароўскага падтрымаў папулярны палітык з Падляшша, былы прэм’ер і міністар замежных спраў ва ўрадах посткамуністаў Уладзімеж Цімашэвіч:

“Шмат хто чакаў, што і я буду балятавацца, і я за гэта ўдзячны. Зьвяртаюся да ўсіх і асабліва да маіх прыхільнікаў - у бліжэйшую нядзелю я аддам свой голас за спадара Браніслава Камароўскага”

Падтрымка Цімашэвічам Камароўскага – гэта ўдар па кандыдаце ад левых сілаў Гжэгажы Напяральскім, які на гэты момант у перадвыбарчых рэйтынгах займае трэцяе мейсца з падтрымкай прыкладна кожнага дзясятага выбарцы.

Між тым галоўны канкурэнт Браніслава Камароўскага Яраслаў Качынскі цягам сёлетняй, перадусім кароткай кампаніі, якая адбываецца ў ценю смаленскай трагедыі, паволі, але амаль увесь час набірае папулярнасьць – цяпер за яго гатовыя галасаваць 34% палякаў:

“Я заклікаю да таго, каб гэта была сур’ёзная выбарчая кампанія, каб пэрыяд польска-польскай вайны, які цягнецца ўжо некалькі гадоў, у тым ліку гэта тычыцца і непрымальнай лексыкі, якую палітыкі выкарыстоўваюць у спрэчках, скончыўся”.

Варта адзначыць, што і Браніслаў Камароўскі і Яраслаў Качынскі – гэта палітыкі, якія неабыякавыя да беларускай справы. Прыкладам, за часоў прэм’ерства Качынскага быў створаны спадарожнікавы тэлеканал Белсат.

Акрамя Камароўскага, Качынскага і Напяральскага на найвышэйшую пасаду ў дзяржаве балятуюцца яшчэ сямёра кандыдатаў. Сярод іх былы прэм’ер, а цяперашні віцэ-прэм’ер ва ўрадзе Туска Вальдэмар Паўляк, былы віцэ-прэм’ер кабінэту Яраслава Качынскага Анджэй Лепер, былы міністар замежных спраў Анджэй Аляхоўскі, аднак іх падтрымліваюць 1-2% выбарцаў.

Вальдэмар Паўляк, аднак, не губляе аптымізму:

“Ужо каторы раз спрабую знайсьці журналіста, каб паспрачацца: калі мой вынік будзе ніжэйшы, чым вынікі апытаньняў – я аддаю свой заробак на карысьць ахвяраў паводкі, але калі вышэйшы – то вы гэтак зробіце”, - кажа Паўляк.

Ахвотных сярод журналістаў, аднак, пакуль не знайшлося.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG