Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Бішкек настойвае на выдачы Бакіева


Курманбек Бакіеў

Курманбек Бакіеў

Пракуратура Беларусі ў адказе, накіраваным у Бішкек, заявіла, што Бакіева ў Кіргізстане перасьледуюць паводле палітычных матываў.

Генэральная пракуратура Кіргізстану атрымала адмоўны адказ з Менску на свой запыт аб экстрадыцыі экс-прэзыдэнта Курманбека Бакіева.

Як паведаміў "Свабодзе" начальнік арганізацыйна-інспэктарскай управы Генэральнай пракуратуры Кіргізстану Сумар Насіза, ліст з Генэральнай пракуратуры Беларусі быў атрыманы ў Бішкеку ў панядзелак. Адказ кароткі, на адным аркушы.

Сумар Насіза
"Адказ такі – беларуская пракуратура піша, што ня можа выдаць Бакіева, бо лічыць, што таго перасьледуюць паводле палітычных матываў", паведаміў спадар Насіза. Ён заявіў, што такая матывацыя адмовы не адпавядае рэчаіснасьці.

"Сьледчыя органы прад'явілі афіцыйнае абвінавачваньне экс-прэзыдэнту Кіргізскай рэспублікі па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу, у тым ліку зьвязаным з забойствам грамадзян. У сувязі з гэтым судом быў абраны арышт як мера стрыманьня. Усе гэтыя дакумэнты мы цалкам прадставілі беларускаму боку і гарантавалі, што Бакіеў будзе адказваць толькі за канкрэтныя дзеяньні і ня будзе прасьледавацца паводле нейкіх палітычных ці іншых матываў, і што справа будзе вырашацца выключна судом".

Начальнік арганізацыйна-інспэктарскай управы Генэральнай пракуратуры Кіргізстану Сумар Насіза заявіў, што ягоная краіна будзе працягваць дамагацца ад Беларусі выдачы Бакіева, якім чынам – будзе вырашана пасьля таго як экспэрты ацэняць адказ зь Менску.
беларускі бок прыняў палітычнае рашэньне, а не рашэньне ў адпаведнасьці з канвэнцыяй ...

"Я думаю, што беларускі бок прыняў палітычнае рашэньне, а не рашэньне ў адпаведнасьці з канвэнцыяй, беручы пад увагу тое, што прэзыдэнт Беларусі афіцыйна заявіў, што ён знаходзіцца пад ягонай абаронай і любыя патрабаваньні аб ягонай экстрадыцыі не будуць разглядацца".

Паводле прад’яўленых абвінавачваньняў, Бакіеву пагражае пакараньне да 20 гадоў турэмнага зьняволеньня. Сьмяротнае пакараньне ў Кіргізстане скасаванае. Запыт аб выдачы Бакіева грунтуецца на Кішынэўскай канвэнцыі "Аб прававой дапамозе і прававых адносінах па грамадзянскіх, сямейных і крымінальных справах".
XS
SM
MD
LG