Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выкладчыкі скардзяцца на атмасфэру падазронасьці падчас тэставаньня


У вышэйшых навучальных установах краіны працягваецца цэнтралізаванае тэставаньне. Сёньня здавалі тэст па расейскай мове. Што вядома пра умовы, у якіх праходзіць тэставаньне?

Усяго ў краіне здаваць тэст па расейскай мове запісалася 105 тысяч маладых людзей. Большасьцю гэта выпускнікі школ гэтага году ды крыху тых, хто пажадаў атрымаць другую вышэйшую адукацыю. Забясьпечваюць тэставаньне некалькі тысяч выкладчыкаў, мабілізаваных ня толькі з ВНУ, але і са школаў.

Мая суразмоўца — выкладчыца аднаго з менскіх унівэрсытэтаў. Яна ўдзельнічала ў забясьпячэньні тэставаньня і пагадзілася падзяліцца ўражаньнямі. Адзіная ўмова: каб не называлі яе імя, бо можа страціць працу.

Расповед спадарыня пачала з таго, што ўсім выкладчыкам дазволілі мець толькі сінія гелевыя асадкі. Нагадаю, абітурыентам на тэставаньні дазволена мець толькі чорныя асадкі. На думку чыноўнікаў, якія арганізоўваюць тэставаньне, гэта выключае магчымасьць для выкладчыка падкарэктаваць тэст вучня. Гэта толькі адна з рысаў сыстэмы падазронасьці, якія пануюць на тэставаньні, мяркуе мая суразмоўца:

«Што адбываецца? Вось прыйшлі абітурыенты, расьселіся, пішуць тэст. Выкладчыкі сочаць за абітурыентамі. А ёсьць яшчэ другія выкладчыкі, у тым ліку зь сярэдніх школ альбо гімназій, якія сочаць за тымі выкладчыкамі. І былі яшчэ назіральнікі, які заходзілі і сачылі за ўсім, што адбывалася. Між тым мне падаецца, выкладчыкі і самі б справіліся са сваёй працай. Правільна рассадзіць абітурыентаў, даць ім тэсты — вось і ўся праца».
Выкладчыкі сочаць за абітурыентамі. А ёсьць яшчэ другія выкладчыкі, у тым ліку зь сярэдніх школ альбо гімназій, якія сочаць за тымі выкладчыкамі.


Другая мера засьцерагчыся ад дапамогі выкладчыка — гэта тое, што выкладчыкі прыходзяць у аўдыторыі паводле лятарэі. То бок з раніцы выкладчыца яшчэ ня ведала, у якую аўдыторыю на тэставаньне яна патрапіць. Здавалася, гэтага было б дастаткова — але не. Яшчэ на ўваходзе яе прымусілі здаць жаночую сумачку і мабільныя тэлефоны.

«Як на маю думку, было б дастаткова папрасіць выкладчыкаў пакінуць сумкі ў адной частцы пакою і адключыць мабільныя тэлефоны. Бо калі гэтак сочаць адзін за адным, то хто будзе нешта рабіць забароненае?»

Яшчэ адна праблема — ці прынясе тэст хоць нейкую карысьць таму, хто яго напісаў? Даведацца пра вынікі свайго тэставаньня можна будзе празь 10 дзён, а вось зноў убачыць ужо правераны тэст, каб зразумець, дзе памыляўся, — такой магчымасьці для абітурыента не прадугледжана. "Атрымліваецца, мы на памылках ня вучымся", — зрабіла выснову мая суразмоўніца.

І нарэшце такая выснова: тэставаньне на беларускі ўзор — рэч дастаткова дарагая.

«А колькі капэртаў трацяць! Тэсты прыносяць ў адных капэртах, адказы складаюць у другія, а капэрты ўсе дарагія, непрамакальныя. Тыя ж бэджыкі выкладчыкі атрымліваюць толькі на адзін раз, праз 2 гадзіны бэджык трэба здаць. Гэта ж колькі сродкаў дзяржава траціць — і дзеля чаго?»

Мая суразмоўца кажа, што яе асабіста абразіла стаўленьне да яе як да патэнцыйнай злачынцы. «Гэта генэтычная прыкмета цяперашняй ўлады», — мяркуе выкладчыца.

«Уражаньне, што дзяржава судзіць па сабе і таму гэтак не давярае сваім грамадзянам: абітурыентам ды іх бацькам, настаўнікам ды выкладчыкам. Магчыма, людзі, якія прыдумваюць усё новыя правілы гэтых тэставаньняў, самі калісьці махлявалі, падманвалі, прыпісвалі, давалі хабар».

Тэставаньне прайшло, але выкладчыкі нават ня ведаюць, якія практыкаваньні выконвалі абітурыенты — зазіраць у тэсты ім было катэгарычна забаронена, і нават навучэнцам было загадана закрываць тэсты, калі да іх набліжаецца выкладчык. Пры гэтым пэўнае ўражаньне пра тэст у маёй суразмоўніцы склалася: "Дакладна ведаю, што там былі памылкі друку, бо абітурыенты пыталіся, як разумець тое, што пераблытаныя нумары пытаньняў і замест "словно" было напісана "слово". Тэст складаўся ў Рэспубліканскім інстытуце кантролю ведаў — дзіўна, што там не знайшлі часу, каб пракантраляваць і выправіць свае ўласныя памылкі".

І праз гадзіну пасьля тэставаньня ў будынак унівэрсытэту немагчыма было прайсьці па асабістых справах. Студэнты, якія пільнавалі ўваходы і выхады, нічога не тлумачылі і спасылаліся на загады кіраўніцтва. Гэта яшчэ адно з назіраньняў — да сыстэмы кантролю вельмі шырока далучаныя студэнты, якія некалькі гадоў таму самі былі абітурыентамі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG