Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебскага актывіста аштрафавалі за “засьмечваньне гораду”


Аляксандар Кузьняцоў
Аляксандар Кузьняцоў

Паводле рашэньня адміністрацыйнай камісіі Першамайскага райвыканкаму кіраўнік віцебскай “Моладзі БНФ” Аляксандар Кузьняцоў “засьмечваў горад” сваімі перадвыбарчымі агітацыйнымі плякатамі.

Штраф памерам 35 тысяч рублёў на Аляксандра Кузьняцова наклалі ў ягоную адсутнасьць. Пра пакараньне яго спавясьцілі афіцыйнай паперай, якую ён атрымаў сёньня.

У лісьце з гарвыканкаму таксама напісана, што спадар Кузьняцоў нібыта не зьявіўся на пасяджэньне камісіі, і таму пакараньне – “завочнае”. Але гэта ня так, кажа актывіст. І пацьверджаньне таму – запіс у кнізе скаргаў, зроблены ім 8-га чэрвеня.

У той дзень ён быў выкліканы ў райвыканкам, прыйшоў роўна да 3-й дня, як было ўказана ў позьве, але гадзіну безвынікова прачакаў пад дзьвярыма. Аказалася, што ўсе правапарушальнікі мусяць станавіцца ў чаргу да чыноўнікаў і чакаць выкліку. Аляксандар Кузьняцоў расцаніў гэта як непавагу да людзей і запісаў у кнізе скаргаў, што адміністрацыя Першамайскага раёну парушае дырэктыву прэзыдэнта “Пра дэбюракратызацыю дзяржаўнага апарату”.

Моладзевы актывіст сябе парушальнікам закону ня лічыць. Аляксандар Кузьняцоў балятаваўся ў віцебскі гарсавет на мінулых выбарах, і ў яго былі агітацыйныя плякаты з партрэтам ды з выявай нацыянальнага сьцяга на ёлцы – гэта быў фатаздымак вядомай акцыі яшчэ аднаго віцебскага актывіста, сябра КХП БНФ Сяргея Каваленкі.

21-га красавіка Аляксандра Кузьняцова затрымалі міліцыянты, якія сарвалі некалькі такіх плякатаў, заявіўшы, што яны віселі ў неналежных месцах. Кузьняцоў мяркуе, што іх сарвалі знарок – каб “апазыцыйныя” плякаты радзей траплялі на вочы жыхарам Віцебску.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG