Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.


З ДАЖДЖОМ...


...але ня холадна: 11 — 18 градусаў.

НЕ ПРАХОДЗЬЦЕ МІМА:


Адкрыцьцё выставы фатаграфіяў пераможцаў і фіналістаў конкурсу “Прэс-фота Беларусі 2010”. Аўтацэнтар “Кія Атлант-М Баравая”, пачатак а 18.30.

Канцэрты Зьмітра Вайцюшкевіча ў краязнаўчым музэі ў Воршы (12.00), у музычнай школе ў Сяньне (16.00), у доме культуры мястэчка Багушэўск (18.00).

ТАМ ДЗЕ НАС НЯМА:


Прэзыдэнт Аўганістану Хамід Карзай пачынае пяцідзённы візыт у Японію.

З касмадрому Байканур стартуе ракета “Саюз” з двума амэрыканцамі і расейцам у бок Міжнароднай касьмічнай станцыі.

На футбольным чэмпіянаце сьвету ў Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы гаспадары згуляюць з Уругваем, Гандурас з Чылі, Гішпанія з Швайцарыяй.

ТАКСАМА Ў ГЭТЫ ДЗЕНЬ:


У 1834 у вёсцы Дудзічы пад Пухавічамі нарадзіўся Аляксандар Ельскі, беларускі літаратар і гісторык. У сябе на радзіме Ельскі стварыў музэй, дзе было больш за 7 тысяч кніг, 20 тысяч рукапісаў, тысячы гравюраў, карцін, манэт, археалягічных знаходак. Сёньня ад усяго гэтага не засталося ані знаку. Затое засталіся творы Ельскага. Ён перакладаў на беларускую мову паэму Адама Міцкевіча “Пан Тадэвуш”. Уражваюць ягоныя зацікаўленьні ў галіне беларускае этнаграфіі. Ельскі пісаў і пра традыцыі варэньня піва ў нашым краі і пра гаворку беларускіх жабракоў і пра тканыя слуцкія паясы. Толькі для “Слоўніка геаграфічнага” ён стварыў ажно 20 тысяч артыкулаў пра Беларусь.

У 1875 нарадзіўся беларускі кампазытар Кастусь Галкоўскі. Пісаў ён харавыя сюіты, апрацоўкі народных песень, а таксама ўласныя песьні на вершы Багушэвіча, Коласа, Купалы, Танка ды іншых. Паколькі родны горад Галкоўскага – Вільня – за гады ягонага жыцьця пераходзіў з рук аднае ўлады да іншае і ўрэшце стаў сталіцаю Літвы, дык прафэсар Віленскай кансэрваторыі быў прызнаны народным артыстам Літоўскай ССР. Памёр ён у 1963 годзе, і на доме, у якім ён жыў, на старажытнай вуліцы Завальнай, да сёньня захавалася мэмарыяльная табліца ў гонар кампазытара Галкоўскага.

У 1879 нарадзіўся Васіль Рагуля, беларускі грамадзкі і палітычны дзеяч, пасол і сэнатар у Польшчы (памёр у 1955).

У 1925 заснавана найбольш славуты піянэрскі лягер у СССР – “Артэк” у Крыме.

У 1937 нарадзіўся амэрыканскі пісьменьнік і сцэнарыст Эрык Сыгал, аўтар сусьветна вядомага бэстсэлеру “Гісторыя каханьня” (1970) (памёр у 2010).

У 1963 у космас паляцела першая жанчына на сьвеце – Валянціна Церашкова.

ЁСЬЦЬ НАГОДА:


Дзень салідарнасьці зь сем’ямі зьніклых і палітвязьняў.

Дзень Блюма (Bloomsday). Гэта сьвята аматараў добрай літаратуры, якое прывязанае да даты 16 чэрвеня 1904 году — у гэты дзень адбываецца вандроўка рэклямнага агента Леапольда Блюма па Дубліне, адлюстраваная ў рамане ірляндзкага пісьменьніка Джэймса Джойса “Ўліс”.

МІНУС 365:


Год таму на сайце “Свабоды”: "Беларускія пісьменьнікі распрануліся".

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:


"Што можна сказаць пра дзяўчыну, якая памерла ў дваццаць пяць гадоў? Што яна была прыгожая. І разумная. Што яна любіла Моцарта і Баха. І "Бітлз". І мяне". — Эрык Сыгал, пачатак "Гісторыі каханьня" (пераклад Алеся Асташонка)

"Містэр Леапольд Блюм упадабаў сабе ў ежы нутраныя органы жывёлы й птаства. Ён любіў густы суп з гусіных вантробаў, арэхападобныя пупы, начыненыя печаныя сэрцы, падсмажаную скрылёчкамі ў цёртых сухарох пячонку, смажаную ікру траскі. Больш за ўсё ён любіў прыпечаныя на вугольлі барановы ныркі, якія пакідалі на ягоным паднябеньні далікатны прысмак лёгкадухмянае мачы”. — Джэймс Джойс, "Уліс" (пераклад Яна Максімюка)
XS
SM
MD
LG