Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Стоп-бэнзін”. Чыноўнікі не прыйшлі на круглы стол

абноўлена

За круглым сталом было шмат вольных месцаў — чыноўнікі не прыйшлі.
За круглым сталом было шмат вольных месцаў — чыноўнікі не прыйшлі.

Спроба арганізатараў грамадзянскай кампаніі «Стоп-бэнзін» зладзіць круглы стол з прадстаўнікамі канцэрну «Белнафтахім» апынулася няўдалай. Ніхто з чыноўнікаў на сустрэчу не зьявіўся.

У адной з канфэрэнц-заляў менскага гатэлю «Арбіта» сабраліся толькі арганізатары акцыі «Стоп-бэнзін», журналісты, а таксама незалежны эканаміст Сяргей Чалы ды кіраўнік Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва Сяргей Балыкін. Замест круглага стала атрымалася нешта кшталту прэс-канфэрэнцыі.

Арцём Шаркоў, адзін з арганізатараў акцыі пратэсту «Стоп-бэнзін»: «Мы хацелі сабраць шырокі круглы стол, з прадстаўніцтвам дзяржаўных органаў, накіроўвалі запрашэньні ў канцэрн «Белнафтахім», Міністэрства транспарту і камунікацый, Міністэрства эканомікі, Дзяржаўны мытны камітэт, Міністэрства прамысловасьці. Сёньня ад іх атрымалі разнастайныя адмовы: ад каго пісьмовыя, ад каго вусныя».

Так прэсавая сакратарка «Белнафтахіму» Марына Касьцючэнка ў сваім лісьце да арганізатараў круглага стала падзячыла за запрашэньне на мерапрыемства і адзначыла, што «рашэньні пра зьмяненьні коштаў на нафтапрадукты прымаюцца канцэрнам «Белнафтахім» у рамках заканадаўства Рэспублікі Беларусь».

Арганізатары кампаніі «Стоп-бэнзін» хочуць пачуць ад чыноўнікаў уцямнае тлумачэньне наконт таго, чаму павышаюцца цэны на бэнзін. Падчас гутаркі ўдзельнікі высоўвалі свае гіпотэзы наконт сапраўдных прычынаў падаражэньня паліва, падкрэсьліваючы, што хацелі б пачуць адказы прадстаўнікоў «Белнафтахіму» ці Міністэрства эканомікі.

Сяргей Балыкін падчас круглага стала.
Сяргей Балыкін, кіраўнік Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва:

«Свабоднай гульні на беларускім рынку няма ў прынцыпе. Калі б на беларускім рынку нафтапрадуктаў была насамрэч нейкая канкурэнцыя ці нешта блізкае да гэтага, то цана была б у выніку ніжэйшая».

Незалежны эканаміст Сяргей Чалы лічыць, што эфэкт ад самой кампаніі «Стоп-бэнзін» ёсьць. Паводле словаў Чалага, у Беларусі слаба разьвітая сыстэма зваротнай сувязі паміж уладай і простымі грамадзянамі, а падобныя акцыі якраз запаўняюць гэты прабел.

Арганізатары акцыі пратэсту супраць высокіх коштаў на паліва плянуюць працягваць распаўсюджваць налепкі з сымболікай грамадзкай кампаніі «Стоп-бэнзін», а таксама не адмаўляюць магчымасьці паўтарэньня акцыяў на запраўках.

На пачатку чэрвеня аўтааматары зьбіраліся ды запраўлялі на АЗС «Белнафтахіму» кожны па 2 літры, тым самым спрабуючы паказаць, што кошты на паліва растуць нашмат хутчэй за заробкі.

Канстанцін Міхайлаў, арганізатар грамадзкай кампаніі «Стоп-бэнзін»:

«Будзем чакаць адказу ад Адміністрацыі прэзыдэнта, і ад гэтага адказу будзе залежаць далейшае разьвіцьцё падзеяў, таму што, магчыма, мы плянуем праводзіць далей акцыі, падобныя на тую, што была зладжаная 4 чэрвеня, у выпадку, калі нас і надалей будуць ігнараваць».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG