Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве шукаюць парэшткі салдат вэрмахту


Вядуцца раскопкі.

Вядуцца раскопкі.

У Магілёве распачалі пошукавыя працы на месцы пахаваньня нямецкіх салдат Другой усясьветнай вайны. Агароджаная дзялянка з шыльдай пра тое, што робіцца на вуліцы Крупскай, прыцягвае ўвагу мясцовых жыхароў. Людзі сталага веку ведаюць, што тут хавалі салдат вэрмахту. Для маладзейшых — гэта навіна. Ніякіх знакаў пра вайсковыя клады нямецкай арміі на Крупскай не было.


На могілках, паводле кіраўніка групы спэцыялістаў Службы перазахаваньня Народнага саюзу Нямеччыны ў Беларусі Вольфганга Браста, пахавана да дзьвюх тысяч салдат.

Вольфганг Браст
«Сёлета мы атрымалі дазвол з гарвыканкаму на тое, каб пачаць эксгумацыю парэшткаў. Вядзе пошукавыя працы 52 асобны батальён Міністэрства абароны Беларусі. Ужо выкапалі парэшткі 129 чалавек. Частка зь іх — з жэтонамі. Многія старыя людзі ведаюць пра могілкі гэтыя. У пяцідзясятыя гады, калі пракладалі па вуліцы дарогу й іншыя камунікацыі, шмат хто ноччу нешта тут шукаў. Я, праўда, ня ведаю, што. Магістраль праходзіць акурат пасярэдзіне могілак. Там, дзе цяпер можна капаць, будзем капаць. Знойдзеныя парэшткі будуць перазахаваныя на зборных могілках пад Бабруйскам. Там ужо перазахавана больш за 9 тысяч чалавек».

На тое, каб правесьці пошукавыя працы на вуліцы Крупскай, гарвыканкам адвёў месяц. Гэтага тэрміну замала, кажа адказны за правядзеньне раскопак Вячаслаў Грыбайлаў. «Будзем зьвяртацца, каб падоўжыць тэрмін, бо зашмат працы», кажа ён.

У Магілёве пахаваньні нямецкіх салдат ёсьць ня толькі на вуліцы Крупскай, але і на гарадзкіх Васкрасенскіх могілках. Раней яны называліся Лютэранскімі.

За час раскопак на Крупскай нехта скраў два пралёты пераноснай мэталёвай агароджы. Месца раскопак не ахоўваецца.

Такія мэдальёны нямецкіх салдат знойдзеныя і ў Магілёве.

Шыльда, якая найбольш прыцягвае людзкую ўвагу.

Месца раскопак. Аўтамагістраль вуліцы Крупскай пракладзеная пасярэдзіне могілак.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG