Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Плюралізм ад ОНТ: пытаньні вастрэйшыя за адказы


Упершыню за апошнія гады на Беларускім тэлебачаньні ўскосна ўзьнялі праблему свабоды слова. У панядзелак падчас ток-шоў “Выбар” на тэлеканале ОНТ, дзе падсумоўваўся міжнародны мэдыяфорум у Менску, удзельнікі паспрабавалі асэнсаваць сутнасьць падзелу на незалежныя і афіцыйныя СМІ, вызначыць мяжу адказнасьці журналістаў падчас інфармацыйных войнаў.


Апроч таго, нечаканы эфэкт меў экспэрымэнт з інтэрактыўным блёкам для гледачоў: ледзьве ня кожнае трэцяе SMS-паведамленьне паступіла ад людзей, абураных прымусовай падпіскай на прэзыдэнцкую “Советскую Белоруссию”. Ці варта чакаць зьменаў на манапалізаванай дзяржавай мэдыяпрасторы?

Дыскусійную танальнасьць удзельнікам праграмы “Выбар” прапанаваў вядучы ток-шоў Сяргей Дарафееў. Было адчуваньне, што прадстаўнікі Міністэрства інфармацыі, дзяржаўных тэлеканалаў і друкаваных выданьняў даўно забыліся, што ім могуць публічна задаваць нязручныя пытаньні, і выглядалі досыць разгубленымі. У прыватнасьці, так і “завісла” ў паветры пытаньне пра інфармацыйныя войны, якія пэрманэнтна выбухаюць паміж Беларусьсю і Расеяй, калі адносіны на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаваў чарговым разам абвастраюцца. Ці павінны журналісты выконваць палітычны заказ уладаў, ператвараючыся ў “тэлекілераў”, альбо захоўваць нэўтралітэт? Ліліся агульныя разважаньні пра маральную адказнасьць у кожным канкрэтным выпадку, а ўрэшце тэму спусьцілі на тармазах. Адзін з удзельнікаў ток-шоў — публіцыст Пётар Марцаў:
Беларускі бок яшчэ не зусім гатовы адкрыта гаварыць — то бо пытаньні значна вастрэйшыя, чым адказы...


“Не магу сьцьвярджаць, быў хтосьці разгублены ці не, але Дарафееў, пэўна, на сёньня адзін з найлепшых тэлевядучых, і ён дастаткова адкрытыя пытаньні задае. Ва ўсялякім выпадку, па маёй інфармацыі, у аўторак пасьля кожнай перадачы ён “адграбае”… Ужо іншая рэч — як на гэтыя пытаньні адказваюць. Як па маіх адчуваньнях, дык беларускі бок яшчэ не зусім гатовы адкрыта гаварыць — то бо пытаньні значна вастрэйшыя, чым адказы. Зразумела, што расейцы казалі больш адкрыта, тое, пра што думаюць. Прынамсі, і Лысенка гаварыў, і галоўны рэдактар “Новых известий”. Але, тым ня меней, нешта адказваюць і нашы. Таму мне падалося, што крыху свабадней стала. Дарэчы, на перадачу павінны былі прыйсьці “генэралы” — Кісель, Якубовіч, Зімоўскі. Але не прыйшлі…”

Сярод гасьцей студыі быў вядомы расейскі тэлежурналіст Анатоль Лысенка — адзін са стваральнікаў папулярнай на мяжы 1980—90-х праграмы "Взгляд". Ён сказаў, што размова ў студыі ОНТ нагадала яму падзеі 24-гадовай даўніны, калі савецкае грамадзтва толькі пачынала абмяркоўваць пытаньні адказнасьці, маральнасьці і г.д. Іншымі словамі, у пытаньнях свабоды выказваньняў Беларусь адкацілася на нават не на гады, а на дзесяцігодзьдзі.

Ці насамрэч сёньня, словамі спадара Марцава, “адграбаў” за сваю сьмеласьць Сяргей Дарафееў, — сказаць цяжка. Аднак гаварыць пра рэйтынг учорашняй перадачы ён не палічыў патрэбным:
Я ж не для рэйтынгу гэта раблю...


“Я ж не для рэйтынгу гэта раблю... Але пакуль што ніякіх камэнтароў не даю — не пасьля ўчорашняй перадачы, а ўвогуле. Вырашыў узяць паўзу. Бо такое ўражаньне, што я адзін раблю нашае тэлебачаньне. Сьмешна. Гэта няпраўда, усе працуюць, проста штосьці атрымліваецца, а штосьці не атрымліваецца. Так што я цяпер без інтэрвію. А то неяк няёмка. Я не прывык да такой увагі на свой адрас, таму лічу яе няправільнай”.

Асобны блёк “Выбару” быў прысьвечаны папулярнаму наватвору “сацыяльная адказнасьць журналіста”. Што хаваецца за выразам, пад прыкрыцьцём якога ўсё часьцей выносяцца папярэджаньні недзяржаўным СМІ ды “ставяцца на від” асобныя журналісты? Варта згадаць леташнія публікацыі пра сьвіны грып, расцэненыя як мэтанакіраванае сеяньне панікі ў грамадзтве. Уцямнага адказу гледачы так і не пачулі.

Бясплённа спрабаваў вядучы "выбіць" з намесьніцы міністра інфармацыі Ліліі Ананіч прызнаньне: калі беларускія гледачы змогуць глядзець арыгінальны пакет расейскіх тэлеканалаў, якія цяпер актыўна разбаўляюцца ды цэнзуруюцца беларускім бокам? Спачатку чыноўніца спрабавала выруліць дэклярацыямі пра "адпрацоўку пытаньня", але ўрэшце прызнала, што няма падставаў у акрэсьленай пэрспэктыве нешта зьмяняць. Ня надта падтрымала яна і ініцыятыву стварэньня грамадзкага тэлебачаньня, якое працавала б на сродкі і тэматычны заказ не дзяржавы, а саміх гледачоў.

Дырэктар дырэкцыі замежнага вяшчаньня расейскага каналу "ТВ-Центр" Уладзімер Какашвілі кажа, што ўзровень цяперашніх адносінаў Масквы і Менску ніяк не спрыяе зьяўленьню ў Беларусі лішняй крыніцы інфармацыі:
Нам выкручвалі доўга рукі, каб мы аддалі праграму "Сталічнаму тэлебачаньню", каб СТВ само яе там фармавала на свой густ...


"Мне складана даваць ацэнкі, я ніколі нават ня быў у гэтым Міністэрстве інфармацыі, не давялося. Але я вам факты проста падаю. Магу сказаць, што нам выкручвалі доўга рукі, каб мы аддалі праграму "Сталічнаму тэлебачаньню". З той мэтай, каб СТВ само яе там фармавала на свой густ, уразала рэкляму, запускала ў эфір і самастойна аддавала ў кабэльныя сеткі. Пры гэтым нам давалі дамову, паводле якой ад рэклямы там быў прапісаны "нуль". Не фігуральна гаворачы, а рэальна. Каб насамрэч права ўразаньня рэклямы мы давалі бясплатна. То бо іх не задавальняла, каб мы працавалі праз свайго прадстаўніка, ім трэба было нас загнаць на СТВ. Гэта пры тым, што ў іх ёсьць "Рен-ТВ", а таксама "РТР-Беларусь" яны робяць".

15 сакавіка ў праграме "Выбар" пачаў функцыянаваць новы інтэрактыўны блок — SMS-чат. У другой частцы эфіру на экране зьявіўся радок з паведамленьнямі. Відавочна, не цэнзураваны, бо гледачы адзначыліся рэдкім адзінствам што да агалошваньня фактаў прымусовай падпіскі на дзяржаўныя СМІ, перадусім — на прэзыдэнцкую "Советскую Белоруссию". Выразы кшталту "колькі яшчэ мы будзем карміць рэдакцыю "СБ"?" прымушалі задумацца пра "сацыяльную безадказнасьць" афіцыйных журналістаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG