Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадпрымальнік Андрэй Бандарэнка ў калёніі абвясьціў галадоўку


Андрэй Бандарэнка

Андрэй Бандарэнка

Пра галадоўку Бандарэнкі «Свабодзе» паведаміў адвакат Зьміцер Лаеўскі. У Бабруйскай калёніі, дзе адбывае пакараньне Андрэй Бандарэнка, гэтыя зьвесткі не камэнтуюць.


Адвакат Бандарэнкі Зьміцер Лаеўскі: «Мой падабаронны папярэдзіў мяне, што пачне галадоўку 15 чэрвеня. Галадоўка Бандарэнкі ніяк не зьвязаная з умовамі ўтрыманьня ў калёніі. Яго галоўнае патрабаваньне — гэта перагляд справы і вызваленьне, бо ён лічыць сябе невінаватым. А таксама ён патрабуе выпраўленьня працэсуальных памылак. Гэтак, да сёньняшняга дня мне нават не выдавалі копію пастановы Менскага гарадзкога суду, які пацьвердзіў прысуд Першамайскага раённага суду адносна Бандарэнкі. Між тым ад суду мінуў амаль месяц. Нарэшце, сёньня копію выдалі, і зараз я магу накіраваць скаргу на прысуд вышэй. Андрэй вырашыў падмацаваць сваю пазыцыю яшчэ і галадоўкай — гэта ягонае права».

Першамайскі суд Менску прызнаў прадпрымальніка Андрэя Бандарэнку вінаватым у крадзяжы маёмасьці шляхам махлярства і асудзіў на 6 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці. 18 траўня Менскі гарадзкі суд гэты прысуд пацьвердзіў, Андрэя Бандарэнку накіравалі для адбыцьця пакараньня ў Бабруйскую калёнію.

Між тым прадпрымальнік сваёй віны не прызнае і зьвязвае перасьлед са сваім удзелам у выбарах. У 2008 годзе сябра АГП Андрэй Бандарэнка браў удзел у выбарах у парлямэнт, не пагадзіўся з вынікамі галасаваньня і працягваў іх абскарджваць, нягледзячы на «рэкамэндацыі» з уладных колаў «супакоіцца». Неўзабаве супроць Андрэя Бандарэнкі завялі крымінальную справу, і ён патрапіў пад суд.

Гэта ўжо другая галадоўка Андрэя Бандарэнкі за час зьняволеньня. Першы раз ён галадаваў амаль два тыдні ў канцы 2009 году. Тады прадпрымальнік пратэставаў супроць зьмяшчэньня ў калёнію, калі яшчэ не была разгледжаная ягоная касацыйная скарга на прысуд Першамайскага суду Менску.
XS
SM
MD
LG