Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Марс 500" раскрые асаблівасьці "мужчынскага цыклю"


Міжнародны экспэрымэнт "Марс-500" — імітацыя 520-дзённага касьмічнага палёту на Чырвоную плянэту — унікальная магчымасьць дасьледаваць так званыя "мужчынскія крытычныя дні". Гэтай тэмаю шчыльна займаецца вядучы нямецкі адмысловец у галіне малекулярнай мэдыцыны з унівэрсытэту ў Эрлянгене, прафэсар Енс Тыцэ — куратар праекту "Марс".

"Калі расейцаў хвалюе найперш тое, як чалавек рэагуе на ўмовы экстрэмальнай ізаляцыі ў працяглым касьмічным палёце, то мяне падобныя экспэрымэнты цікавяць у зьвязку з тым, што гэта ўнікальная магчымасьць, каб дасьледаваць нявысьветленыя мэдычныя зьявы зямнога паходжаньня", кажа ў інтэрвію выданьню "Spiegel" прафэсар Тыцэ.

Сутнасьць экспэрымэнту — у тым, што цягам 520 дзён 6 мужчын з Расеі, Кітаю, Францыі і Італіі будуць знаходзіцца ў своеасаблівай "клетцы".
Падчас папярэдняга 105-дзённага экспэрымэнту праз аналіз пробаў мачы чальцоў каманды ўдалося выявіць пэрыядычныя ваганьні ўзроўню гармонаў — фэномэн, які мы назвалі "мужчынскім цыклем".
Гэты комплекс памерам у 550 квадратных мэтраў збудаваны ў ангары Маскоўскага інстытуту мэдыка-біялягічных праблем, што на ўскрайку Масквы. Ён складаецца з чатырох модуляў бяз вокнаў. Кожны з шасьці ўдзельнікаў мае ўласны пакойчык памерам 6 квадратных мэтраў. Тэлевізар забаронены, аднак экіпажу дазволена кантактаваць з навакольным сьветам праз электронную пошту. Можна было таксама ўзяць з сабой кнігі, DVD-дыскі ды відэагульні. Дасьледчыкі спадзяюцца пракантраляваць усе паводзіны і ўвесь рацыён удзельнікаў экспэрымэнту. Паколькі ўплыў навакольнага асяродзьдзя зьведзены да мінімуму, мяркуецца, што вынікі дасьледаваньняў будуць адзначацца высокай якасьцю.

Як сьцьвярджае Енс Тыцэ, "падчас папярэдняга 105-дзённага экспэрымэнту, аналізуючы пробы мачы ўдзельнікаў, нам удалося выявіць пэрыядычныя ваганьні ўзроўню гармонаў — фэномэн, які мы назвалі "мужчынскім цыклем".

Паводле прафэсара Тыцэ, лябараторна гэты фэномэн ніколі раней не назіраўся. Лічылася, што гарманальны фон у мужчын, адрозна ад жанчын, досыць стабільны. Дадзеныя папярэдніх дасьледаваньняў абверглі гэтае меркаваньне. Сэкрэцыя стэроідных гармонаў у мужчын, гэтаксама як і ў жанчын, адбываецца цыклічна. Што тычыцца сэкрэцыі адэльстэрону, дык тут дзейнічае цыкль 28 дзён. Калі ж гаворка ідзе пра тэстастэрон ці картызол, то цыкль мае працягласьць 7 або 14 дзён.

"Зразумела, на падставе аналізаў мачы цяжка меркаваць, як мяняецца настрой мужчыны ў залежнасьці ад ваганьняў канцэнтрацыі стэроідных гармонаў", — адзначае прафэсар Тыцэ. — "Такі выдатны шанец дае праект "Марс-500", які дапаможа вывучыць гэтае ды іншае пытаньні дастаткова глыбока".

Напрыклад, пытаньне карэляцыі гарманальных збояў. Вонкава яны выяўляюцца ў непамерным сэксуальным жаданьні, якое часам даходзіць да маніякальнасьці, таксама ў нематываванай раздражнёнасьці, дрэнным настроі, нэрвовасьці, дэпрэсіўнасьці, стомленасьці, санлівасьці і да таго падобных прыкметах.

Праявы мужчынскіх крытычных дзён назіраюцца ў студэнтаў-вакалістаў.
Гарманальныя працэсы, якія кіруюць ня толькі голасам, але самымі рознымі паводзінамі і нават сном чалавека, у мужчын і жанчын адрозьніваюцца радыкальна.
Так, у пэўныя дні маладым людзям забараняецца сьпяваць. У гэты час голас, напрыклад, сьпевака-тэнара пачынае гучаць груба, хоць ад прыроды ён і высокі. Калі праігнараваць гэта і працягваць сьпяваць, то можна ўвогуле пазбавіцца голасу. А вось жанчыны могуць у крытычныя дні сьпяваць звонка і прыгожа. Аднак лекары і ім таксама раяць не злоўжываць сьпевамі, бо наступствы могуць быць тыя самыя, што і ў мужчын.

Паводле нямецкага адмыслоўца, гарманальныя працэсы, якія кіруюць ня толькі голасам, але самымі рознымі працэсамі ў арганізьме чалавека, у тым ліку сном, у мужчын і жанчын адрозьніваюцца радыкальна. Асноўныя гармоны ў жанчын — прагестэрон і эстраген, а ў мужчын — тэстастэрон.

Перш чым даць старт экспэрымэнту "Марс-500", навукоўцы разглядалі магчымасьць удзелу ў ім і жанчын. Аднак зь цягам часу адмовіліся ад гэтай ідэі, бо зразумелі, што працяглае суіснаваньне ў ізаляванай прасторы прадстаўнікоў абодвух полаў прывядзе сама менш да няспынных спрэчак і канфліктаў. 18-месячная ізаляцыя і сама па сабе можа пашкодзіць фізычнаму ды псыхічнаму здароўю ўдзельнікаў экспэрымэнту.

Сярод мэдычных аспэктаў экспэдыцыі — таксама вывучэньне сувязі паміж ужываньнем кухоннай солі і падвышаным артэрыяльным ціскам.

"Для кожнага ўдзельніка каманды", — кажа прафэсар, — "індывідуальна ў якасьці штодзённага рацыёну вызначаныя тры асноўныя стравы і два перакусы. Агулам гэта 15 тысяч страў, збольшага ўжо гатовых. Зь цягам часу мы будзем зьніжаць колькасьць солі з 12 да 6 грамаў і назіраць, як гэта будзе адбівацца на стане здароўя "касманаўтаў".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG