Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Створаны грамадзкі камітэт дзеля вызваленьня Яўгена Якавенкі


Яўген Якавенка
Яўген Якавенка

Створаны грамадзкі камітэт дзеля вызваленьня Яўгена Якавенкі, якога пакаралі годам абмежаваньня волі, абвінаваціўшы ва ўхіленьні ад вайсковай службы. Хлопец патрабаваў, каб позвы з ваенкамату яму дасылалі на беларускай мове. Але вайскоўцы спаслаліся на роўнасьць беларускай і расейскай моваў і адмовіліся пісаць па-беларуску. На знак пратэсту Якавенка не пайшоў у ваенкамат.

У грамадзкі камітэт дзеля вызваленьня Яўгена Якавенкі ўвайшлі праваабаронцы, прадстаўнікі палітычных партый і рухаў, а таксама журналісты.

На першым паседжаньні быў распрацаваны зварот на імя Аляксандра Лукашэнкі, у Палату прадстаўнікоў і Генэральную пракуратуру. Усе пагадзіліся, што справа Якавенкі — узор дыскрымінацыі паводле моўнай прыкметы. Згодна са зваротам, пад якім будуць сабраныя подпісы грамадзянаў краіны, чыноўнікі мусяць выбачыцца перад Яўгенам, а пракуратура павінна прыцягнуць да адказнасьці тых, хто дапусьціў зьнявагу беларускай мовы і пакараў невінаватага чалавека.

Мікола Статкевіч
Былы вайсковец Мікола Статкевіч заявіў, што цяперашняе войска выхоўвае не беларускіх, а расейскіх патрыётаў. Ён прыгадаў, што ў першыя гады незалежнасьці ў войску пачала распаўсюджвацца беларуская мова. Выйшаў першы вайсковы расейска-беларускі слоўнік, і афіцэраў масава пачалі вучыць на курсах беларускай мове.

«Былі нават лекцыі па беларускай вайсковай гісторыі, але з прыходам Аляксандра Лукашэнкі ўсё было скасавана, і цяпер войска варожа ставіцца да беларускай мовы.

Увогуле, любое войска павінна вітаць патрыятызм у грамадзтве. Войска грунтуецца на патрыятызьме. А ў Беларусі сытуацыя адваротная. Больш у нас вітаецца расейскі патрыятызм. Людзі, якія ведаюць, шануюць мову і гатовыя за яе змагацца, караюцца ў войску.

За амаль 20 гадоў незалежнасьці ў нас так і не зьявілася беларускага патрыятычнага войска».

Наста Палажанка
Намесьніца старшыні «Маладога фронту» Наста Палажанка запэўніла, што моладзевыя актывісты правядуць шэраг акцыяў, перш за ўсё ў Гомелі, каб інфармаваць насельніцтва пра справу Яўгена Якавенкі.

«Тут тры праблемы. Першая — рэпрэсіі ў дачыненьні да актыўнай моладзі. Другая — папулярызацыя такога паняцьця, як палітжаўнерства. На вялікі жаль, „Малады фронт“ сутыкнуўся з гэтым глябальна. Трэцяя — гэта дыскрымінацыя беларускай мовы і людзей, якія ўжываюць беларускую мову ў жыцьці».

Нагадаем: 4 чэрвеня суд Цэнтральнага раёну Гомелю пакараў Яўгена Якавенку годам абмежаваньня волі за ўхіленьне ад мерапрыемстваў вайсковага прызыву. У судзе спасылаліся на Канстытуцыю Беларусі, якая гарантуе роўнасьць расейскай і беларускай моваў, і на ўнутраныя інструкцыі Міністэрства абароны, згодна зь якімі справаводзтва вядзецца на расейскай мове.

Прадстаўнікі ваенкамату спасылаліся на тое, што хлопец скончыў школу і ўнівэрсытэт транспарту, дзе навучаньне вядзецца на расейскай мове, і таму абавязаны разумець расейскую мову і прымаць позвы, напісаныя па-расейску.

Яўген Якавенка — сябра БХД. Ягоныя паплечнікі лічаць, што на рашэньне ягонай справы паўплываў менавіта гэты фактар.

Гамельчука, верніка канфэсіі «Сьведкі Еговы» Зьмітра Смыка суд апраўдаў, нягледзячы на ранейшае пакараньне буйным штрафам. Апраўдаў суд і Яна Міхайлава, які паводле першага судовага прысуду адбыў амаль увесь тэрмін пакараньня.

Валянцін Стэфановіч
Прадстаўнік праваабарончай арганізацыі «Вясна» Валянцін Стэфановіч паведаміў:

«Намі ўжо праінфармаваная „Міжнародная амністыя“ ў справе Яўгена Якавенкі. „Міжнародная амністыя“ рыхтуе шэраг тэрміновых зваротаў з просьбай адмяніць прысуд. „Амністыя“ згодная з тым, што Якавенка пацярпеў з-за сваіх перакананьняў і што ён мае права на альтэрнатыўную вайсковую службу».

Праваабаронцы засьцерагаюць, што справа Якавенкі можа стаць першай у шэрагу падобных. Пытаньне ж пра альтэрнатыўную службу Палата прадстаўнікоў будзе разглядаць толькі ў верасьні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG