Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

На думку многіх аналітыкаў, зьмена ўлады ў Кіргізстане ў красавіку, пасьля якой прэзыдэнт краіны Курманбек Бакіеў знайшоў прытулак у Беларусі, наступіла пры дапамозе Масквы. Таму цяпер шмат хто глядзіць на Крэмль, чакаючы, што якраз адтуль выйдзе ініцыятыва, як пакласьці канец непарадкам і этнічнай разьні на поўдні Кіргізстану. Але Масква не сьпяшаецца прымаць рашэньне.


Чаму Масква не сьпяшаецца?


Днямі Роза Атунбаева, кіраўніца часовага ўраду Кіргізстану, сказала, што ўлады не спраўляюцца з сытуацыяй, і папрасіла Расею ўвесьці свае войскі. Аднак жа Крэмль, які ў жніўні 2008 году даволі энэргічна ўехаў на танках у Грузію пасьля просьбаў сэпаратыстаў з Паўднёвай Асэтыі абараніць іх ад замахаў Тбілісі, гэтым разам падобнага энтузіязму ў адносінах да Кіргізстану не праяўляе.

Учора ў Маскве адбыліся кансультацыі сакратароў Рады калектыўнай бясьпекі (РКБ) краінаў-удзельніц Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ). Тэрміновая сустрэча, прысьвечаная сытуацыі ў Кіргізстане, была скліканая на ініцыятыву прэзыдэнта Расеі Дзьмітрыя Мядзьведзева, які старшынюе цяпер у РКБ.

Мядзьведзеў назваў сытуацыю ў Кіргізстане “нецярпімай”, але сказаў, што рашэньне аб захадах у адносінах да Кіргізстану ён пакідае кіраўнікам дзяржаваў-удзельніц АДКБ. Нагадаем, што сябрамі АДКБ зьяўляюцца Армэнія, Беларусь, Казахстан, Кіргізстан, Расея, Таджыкістан і Ўзбэкістан.

Відавочна, што Масква ня хоча дзейнічаць аднабакова, так, як яна дзейнічала ў Грузіі ў 2008-м. Магчыма, таму, каб яшчэ раз не нарвацца на асуджэньне і крытыку міжнароднай супольнасьці, уключна з Вашынгтонам, у адносінах зь якім Масква прытрымліваецца "перазагрузкі" стасункаў, што адбылася ня так даўно пры адміністрацыі прэзыдэнта ЗША Барака Абамы.

Значыць, магчымая міратворчая місія расяянаў у Кіргізстане павінна адбыцца, як мінімум, пад шыльдай АДКБ. Ня выключана, што расяяне хацелі б, каб высланьне іхнага вайсковага кантынгенту ў Кіргізстан блаславіла і ААН. Паводле газэты "The New York Times", такога абароту справы хацеў бы і Барак Абама.



Ці ў кіргіскую сытуацыю ўмяшаецца Вашынгтон?

Малаверагодна, каб Вашынгтон заняў актыўную пазыцыю адносна таго, што адбываецца ў Кіргізстане. ЗША ня ўмешваліся ні ў “рэвалюцыю тульпанаў” 2005 году, ні ў замену Курманбека Бакіева ў красавіку сёлета.

Амэрыканцам, зразумела, важна ўтрымаць вайсковую базу ў Манасе, церазь якую ідуць пастаўкі натаўскім вайскоўцам у Аўганістане. Вашынгтон мяркуе больш-менш так: хто б насамрэч ні кіраваў Кіргізстанам, яму напэўна спатрэбяцца жывыя грошы, якія Вашынгтон плаціць Бішкеку за арэнду базы.

Калі б Вашынгтон стаў адназначна на чыйсьці бок у кіргіскім канфлікце, рызыка страты базы ў Манасе была б значна большая, чым цяпер, калі амэрыканцы выразна не ангажуюцца ва ўнутраную палітыку Кіргізстану, пакідаючы справу ўрэгуляваньня непарадкаў Маскве.

З другога боку, Вашынгтону вельмі не хацелася б, каб у сьвеце разглядалі магчымы ўвод расейскага войска ў Кіргізстан як згоду Белага дому на заяўленае Мядзьведзевым права Расеі мець сфэру “прывілеяваных інтарэсаў” на постсавецкай тэрыторыі. А таму Вашынгтон і дае зразумець, што ўвод расейскіх сілаў у Кіргізстан павінен мець моцную міжнародную санкцыю, і найлепш было б, калі б гэтая санкцыя была ад Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў.

А што ААН?

Лін Паскаў, намесьнік генэральнага сакратара ААН, на ўчорашнім пасяджэньні Рады бясьпекі ААН, прысьвечаным сытуацыі ў Кіргізстане, заклікаў сяброў ААН стварыць "калідор гуманітарнай дапамогі" для гэтай краіны.

Паводле Паскаў, гуманітарнай дапамогі патрабуе таксама Ўзбэкістан, у якім апынуліся — паводле розных ацэнак — ня менш чым 70 тысяч этнічных узбэкаў, уцекачоў з ахопленага непарадкамі і этнічнай калатнечай поўдня Кіргізстану.

Пра мандат для нейкага міратворчага кантынгенту для Кіргізстану ў ААН пакуль што афіцыйна не гаворыцца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG