Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Няхай Бакіеў едзе ў Кіргізстан і свой народ абараняе"


"Ці павінна Беларусь і далей хаваць зрынутага прэзыдэнта Кіргізстану Бакіева?" На гэтае пытаньне адказваюць жыхары Гомелю.


“Няма неабходнасьці ваяваць дзеля кіргізаў, няхай самі разьбіраюцца”


Спадарыня:
"Ня трэба! Няхай едзе й свой народ абараняе. Чаго ён абараняе яго тут? Там жа страх што робіцца! А ён сядзіць, прышчаміўся добра. Калі я не вінаватая, я нікога не баюся. А калі я за такі кароткі тэрмін змагла нажыцца, тады трэба баяцца".

Спадар: "Бываюць жа ўцекачы! Будзем лічыць, што ўцякач. Ёсьць жа міжнародныя працэдуры з прадстаўленьнем матэрыялаў пра ягоную вінаватасьць. Адпаведна, паводле закону й трэба дзейнічаць".



Спадарыня: "А чаму й не? Калі чалавеку патрэбная дапамога, то чаму не аказаць яму такую дапамогу?!"

Спадар: "Мы абавязаныя яго хаваць. Паглядзіце, што зараз робіцца ў Кіргізстане, якія пачаліся ўзбурэньні! Мы ня кінулі чалавека на волю лёсу. А Расея, якая падтрымала Кіргізстан і разьвязала там гэтую бойню, Расея павінна за гэта адказваць".

Спадарыня: "Я лічу, што рабіць гэтага ня трэба, бо псуем дачыненьні з Расеяй. Мы — маленькая краіна, якой самой патрэбная дапамога. І мы застаемся без падтрымкі — і Эўропа нас не падтрымае, і Расея не падтрымае".

Спадар: "Наагул не патрэбна было зь ім зьвязвацца. Няхай бы бабай сядзеў у сябе дома. Чым ён тут будзе займацца? На градках будзе разам з тым, хто яго запрасіў?"

Спадарыня: "Мы дакладна ня ведаем, які гэта чалавек — добры ці кепскі, калі так проста казаць. Мы павінны даць чалавеку якісьці прытулак. Мы ж жывёлін абараняем, а яны не заўсёды добрыя. Бывае, і кусаюцца".

Спадарыня: "Я думаю, што ня трэба. Калі яго рэспубліка патрабуе, то трэба яго вярнуць".

Спадар: "Экстрадзіраваць на радзіму! Калі яго будуць там судзіць, няхай судзяць. Калі ён там парушыў заканадаўства, то павінен несьці адказнасьць".

Спадар: "Я калі б быў прэзыдэнтам, то не хаваў бы яго. Гэта ўжо нейкае асабістае стаўленьне… Але ў прынцыпе — трэба вярнуць яго на радзіму".

Спадар: "Я думаю, што ня трэба яго хаваць, абвастраць сытуацыю. Ён там нарабіў спраў — няхай адказвае.

Спадар: "Ня трэба хаваць — мне проста падказвае інтуіцыя".

Спадарыня: "А дзеля чаго тут яго хаваюць? Нейкія праблемы там у яго, і таму ён тут хаваецца. Назад на радзіму трэба яго выправіць".
XS
SM
MD
LG