Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

15 чэрвеня Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу ўхваліў законапраект "Аб амністыі ў сувязі з 65-годзьдзем Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гадоў".

У выніку амністыі можа быць вызвалена з папраўчых устаноў закрытага тыпу каля 2230 чалавек, з устаноў адкрытага тыпу — каля 900 чалавек, скарочаны тэрмін пакараньня 9300 асуджаным, паведамляе БелаПАН.

Паводле законапраекту, пад вызваленьне ад крымінальнай адказнасьці і пакараньня трапляюць наступныя катэгорыі асуджаных:

- непаўналетнія;

- цяжарныя жанчыны;

- жанчыны і адзінокія мужчыны, якія маюць непаўналетніх дзяцей;

- асобы пэнсійнага ўзросту;

- інваліды;

- хворыя на актыўную форму сухотаў;

- ВІЧ-інфікаваныя;

- вэтэраны баявых дзеяньняў;

- удзельнікі ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС;

- асобы, якія атрымалі раненьні пры выкананьні абавязкаў у пэрыяд праходжаньня службы.

Амністыя не распаўсюджваецца на асобаў:

- да якіх раней ужываліся амністыя або памілаваньне і якія ізноў зьдзейсьнілі наўмыснае злачынства;

- якія не пакрылі нанесеную злачынствамі шкоду (за выключэньнем названай "ільготнай" катэгорыі асобаў),

- якія злосна парушаюць вызначаны парадак падчас адбываньня пакараньня;

- прызнаных асабліва небясьпечнымі рэцыдывістамі;

- асуджаных да пажыцьцёвага зьняволеньня;

- каму сьмяротнае пакараньне ці пажыцьцёвае зьняволеньне замененыя іншым пакараньнем;

- абвешчаных у вышук у сувязі з ухіленьнем ад адбываньня пакараньня;

- якія зьдзейсьнілі забойства, згвалтаваньне, разбой ці вымагальніцтва з кваліфікуючымі прыкметамі, а таксама бандытызм, тэрарызм, злачынствы супраць дзяржавы;

- якія стварылі злачынную арганізацыю, або ўдзельнічалі ў ёй, альбо ўчынілі карупцыйныя злачынствы з-за карысьлівай зацікаўленасьці;

- прыцягнутых да крымінальнай адказнасьці за кіраваньне транспартным сродкам у стане ап'яненьня.

Гэта ўжо 11-я па ліку амністыя, якая праводзіцца ў Беларусі.

Апошні раз амністыя ў Беларусі праводзілася ў 2009 годзе і была прымеркаваная да 65-годзьдзя вызваленьня рэспублікі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
XS
SM
MD
LG