Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зборная Італіі, пераможца папярэдняга сусьветнага чэмпіянату, у сваім стартавым матчы ў панядзелак ня здолела перамагчы даволі бадзёры Парагвай. Цікавае назіраньне: футбалісты з гэтай лацінаамэрыканскай краіны адразу пасьля сьвістка на перапынак сабраліся ў цэнтры поля. Для зьяднаньня духу, трэба думаць.


Зборка гэтая, праўда, не дапамагла парагвайцам у другім тайме ўтрымаць пераможны лік – пасьля кутняга ўдару брамнік Віляр "згубіў" вароты, а Дэ Росі з двух мэтраў адправіў мяч у сетку.

Калі вы чэмпіёны сьвету, то будзьце ласкавыя паказваць чэмпіёнскі футбол. З усёй павагай можна ставіцца да Парагваю, але гэтая зборная ніколі не была фаварытам мундыяляў. Футбольны Парагвай трывала асацыюецца не зь перамогамі, а з калярытным былым брамнікам Чылявэртам, які выдатна біў штрафныя і пэнальці.

Мінулы чэмпіянат сьвету італьянцы пачалі зь перамогі і скончылі перамогай у фінале, таксама перамагалі ў стартавых матчах трыюмфальных для сябе далёкіх мундыяляў у 1934-м і 1938-м. А вось у 1982 годзе ў Гішпаніі, калі італьянцы таксама сталі чэмпіёнамі сьвету, у першым матчы яны згулялі "па нулях" з палякамі. Але тыя палякі – не раўня цяперашняму Парагваю. Тады польская зборная стала бронзавым прызэрам чэмпіянату, тады гулялі Зьбігнеў Бонек, Гжэгаж Лята…

Чамусьці мне здаецца, што італьянцы не ўтрымаюць сёлета сваёй чэмпіёнскай кароны. За гэта сьведчыць і той факт, што эўрапейскія зборныя ніколі не перамагалі на чэмпіянатах сьвету, якія ладзіліся за межамі Эўропы.

Хочацца, каб чэмпіёнамі сьвету стала якая-небудзь новая зборная. Дагэтуль пахваліцца перамогай на мундыялі могуць толькі бразыльцы (5 разоў), згаданая ўжо Італія (4), немцы (3), Уругвай ды Аргентына (па 2), Францыя ды Англія (па 1 выйграным Кубку сьвету). А вось Гішпанія, напрыклад, ніколі не была нават сярод прызэраў.

Рэкамэндацыі да вечаровага прагляду на аўторак, 15 чэрвеня: Бразылія – Паўночная Карэя, а 21:30.
XS
SM
MD
LG