Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палата Прадстаўнікоў сёньня не разглядала пытаньне ратыфікацыі Мытнага кодэксу Мытнага саюзу Расеі, Беларусі і Казахстану. Наступнае паседжаньне Палаты адбудзецца 23 чэрвеня. Варта адзначыць, што парлямэнты Расеі і Казахстану ўжо ратыфікавалі гэты дакумэнт. Ці можна сказаць, што гэты факт шмат гаворыць пра тое, якімі былі вынікі суботніх перамоваў у Маскве Аляксандра Лукашэнкі? Чаму кіраўнікі Беларусі і Расеі нічога не паведамляюць грамадзкасьці сваіх краінаў, чым скончыліся гэтыя перамовы? На гэтыя пытаньні адказвае шэф-рэдактар газэты «Народная воля» Сьвятлана Калінкіна.

Цыганкоў: Тое, што Палата Прадстаўнікоў не разглядала пытаньне ратыфікацыі Мытнага кодэксу Мытнага саюзу — ці ня сьведчыць гэта ўскосна пра вынікі сустрэчаў Лукашэнкі ў Маскве? Бо відавочна, калі б вынікі тых сустрэчаў былі пераможныя, то Кодэкс быў бы ўрачыста прыняты.

Калінкіна: Сапраўды, беларускі бок настойвае, каб з Мытнага кодэксу не было ніякіх выключэньняў і настойліва патрабуе адмены мыта на нафту. Але цьвёрдую пазыцыю заняла і Расея, таму відавочна, што нафтавая спрэчка і зьяўляецца перашкодай для падпісаньня Беларусьсю Мытнага кодэксу.

Думаю, у Менску шмат у каго выклікае зьдзіўленьне той факт, што Масква неяк ня вельмі настойвае на тым, каб у Мытным саюзе было абавязкова тры чальцы. І сёньняшнія падзеі, як мне здаецца, сьведчаць, што і дэпутаты, і кіраўніцтва Беларусі чакалі іншых вынікаў ад перамоваў у Маскве.

Цыганкоў: Наколькі ўвогуле нармальная такая сытуацыя, калі пра вынікі перамоваў кіраўнікоў двух дзяржаваў нічога не вядома?
Беларусь і Расея ўжо не саюзьнікі, але яшчэ няма сьмеласьці і патрэбы казаць, што «мы разышліся».
Пра што гэта сьведчыць і з пункту гледжаньня вынікаў тых перамоваў, і з пункту гледжаньня стаўленьня кіраўнікоў гэтых дзяржаў да грамадзкасьці сваіх краінаў?

Калінкіна: Гэта, сапраўды, незвычайная сытуацыя. Вельмі рэдка бываюць сустрэчы ў 11 гадзін вечара, калі прэзыдэнт Беларусі прыехаў у Маскву, а расейскіх кіраўнікоў там не было. Маўчаньне, на мой погляд, сьведчыць пра тое, што Беларусь і Расея ўжо не саюзьнікі, але яшчэ няма сьмеласьці і патрэбы казаць, што «мы разышліся». Гэта такое маўчаньне, каб не сказаць лішняга і не пагоршыць сытуацыю.

І ў Беларусі і ў Маскве разумеюць — на дадзены момант эфэктыўна кіраваць Беларусьсю можа толькі чалавек, які знаходзіць спосабы дамаўляцца з Масквой. І зараз Лукашэнка дэманструе, што і ён ня можа дамаўляцца з Масквой. І гэта прынцыпова новае палітычнае становішча беларускага кіраўніка.


  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG