Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На гарбату да Бакіева запісалася 25 журналістаў


Курманбек Бакіеў

Курманбек Бакіеў

Былы прэзыдэнт Кіргізстану Курманбек Бакіеў сёньня ў Менску запрасіў журналістаў на тэрміновую прэсавую канфэрэнцыю, на якой заклікаў увесьці ў Кіргізстан міратворчыя сілы АДКБ. Адказнасьць за беспарадкі на поўдні краіны ён усклаў на часовы ўрад і кіраўнікоў мясцовых органаў улады, якія, на ягоную думку, не кантралююць сытуацыю і ня ведаюць, што рабіць.

Курманбек Бакіеў у першую чаргу абверг заявы з боку Часовага ўраду Кіргізстану, што ён і яго сямейнікі вінаватыя ў эскаляцыі становішча на поўдні краіны:

«Ня варта валіць усё з хворай галавы на здаровую. Трэба спыняць валіць усё на мяне, на маіх блізкіх, на ўсё мінулае кіраўніцтва. Замест таго, каб займацца бясьпекай грамадзян, яны займаюцца толькі ганеньнямі, крымінальнымі справамі, запалохваньнем».

Крымінальную справу, якая заведзеная супраць яго па факце перавышэньня паўнамоцтваў, спадар Бакіеў назваў беспадстаўнай.

Пра пачатак канфлікту на поўдні Кіргізстану ён сказаў наступнае:

«Міжнацыянальны канфлікт, які адбыўся ў Ошы, — яго пачаткам паслужыла самая звычайная бытавая спрэчка. Прынамсі мне так паведамілі. У нейкім казіно горада Ош паміж маладымі хлопцамі кіргіскай нацыянальнасьці і ўзбэцкай адбылася спрэчка. І замест таго, каб пагасіць яе, і мясцовыя органы ўлады і Часовы ўрад альбо праігнаравалі, альбо зрабілі выгляд, што нічога не адбываецца».

Магчымасьці ўрэгуляваньня сытуацыі ў Кіргізстане Бакіеў бачыць толькі ў зьнешнім умяшальніцтве і ў міратворчых намаганьнях саміх «братніх узбэцкага і кіргіскага народаў». Часовы ўрад ня зможа навесьці парадак, лічыць ён.

«Хацелася б яшчэ раз зьвярнуцца да кіраўнікоў краін АДКБ больш апэратыўна і адэкватна праявіць рэакцыю на сытуацыю ў Кіргізстане і дапамагчы народам, якія там жывуць, аднавіць стабільнасьць і парадак».

Бакіеў адмовіўся ідэнтыфікаваць запісы голасу, што нібыта належыць ягонаму сыну Максіму з заклікамі да рэваншу, якія распаўсюджваліся ў інтэрнэце.

Ён заявіў, што не зьбіраецца вяртацца ў Кіргізстан, хаця мае там падтрымку, што ён не кантактуе з былымі сябрамі ўраду сваёй краіны, а таксама, што ён нікуды не выяжджаў з тэрыторыі Беларусі пасьля свайго прыезду. Бакіеў зазначыў, што зьбіраецца з часам працаваць у Беларусі ў вытворчай сфэры. Аднак ён яшчэ ня вырашыў, як доўга будзе тут заставацца. Пры гэтым Бакіеў прызнаў, што яму ў Беларусі камфортна, краіна і людзі яму падабаюцца.

У канцы прэсавай канфэрэнцыі журналісты папрасіліся ў дом, у якім жыве Бакіеў, на гарбату. Той абяцаў запрасіць. Служба аховы тут жа склала сьпіс ахвотных, у які запісаліся 25 журналістаў.


XS
SM
MD
LG