Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Афіцыйная статыстыка сьцьвярджае, што беспрацоўных у Беларусі — менш чым 1 працэнт ад усяго працаздольнага насельніцтва. Аднак гэтай лічбе мала хто верыць.

Тым, хто афіцыйна зарэгістраваны ў дзяржаўнай службе занятасьці, дзяржава плаціць грашовую дапамогу, меншую за 50 тысяч рублёў. Дзеля такой мізэрнай сумы многія проста не становяцца на ўлік, а самастойна спрабуюць знайсьці крыніцу даходаў. Як і хто ратуецца цяпер ад беспрацоўя ў Беларусі? Сытуацыю вывучалі карэспандэнты «Свабоды». |

ГОМЕЛЬШЧЫНА


«Кожны чацьвёрты жыхар рэгіёну шукае працу»

З пачаткам летняга сэзону сотні жыхароў Гомельшчыны ад’яжджаюць у Расею, каб працаваць на тамтэйшых будоўлях. Пра гэта апавядае будаўнік з прыгараднай вёскі Раманавічы спадар Аляксей:

«Усё Падмаскоўе. У Маскву нашы ўжо й ня надта хочуць, не імкнуцца. Зараз Падмаскоўе разрастаецца, працы — мора. Асабліва калі лета — толькі давай рабочую сілу. Расейцы вось прыяжджаюць і шукаюць людзей — давай і давай».

Па словах суразмоўцы, «адыходны промысел» у Расеі прываблівае і гараджанаў, і вяскоўцаў найперш магчымасьцю нешта зарабіць — для сябе, для дзяцей:

«Людзям грошы патрэбныя! Людзі будуюцца — дзяцей трэба забясьпечыць жытлом і ўсім іншым. Машыну людзі хочуць мець. Заробак жа ў Расеі амаль у тры разы большы. Умовы працы ня надта добрыя, а грошы — добрыя. Меней як паўтары тысячы „зялёнымі“ не атрымліваем».

Афіцыйная статыстыка ня ўлічвае прыкладна 250 тысяч працаздольнага насельніцтва.
«Адыходнікі» ня надта вераць афіцыйнай статыстыцы, што ўзровень беспрацоўя ў Беларусі складае 1 адсотак.

Абвяргаюць гэты паказьнік і незаангажаваныя назіральнікі.

Гомельскі незалежны эканаміст Мікалай Новікаў сьцьвярджае, што ў рэгіёне самае высокае схаванае беспрацоўе — афіцыйная статыстыка ня ўлічвае прыкладна 250 тысяч чалавек, альбо чвэрць працаздольнага насельніцтва.

«Даволі значная частка, амаль кожны пяты ці чацьвёрты працаздольны чалавек у Гомельскай вобласьці, шукае працу ня ў нас тут, а ў іншым месцы — ці за мяжой, ці ў якойсьці шэрай сфэры».

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


Цяпер менш працаўнікоў наймаюць ягаднікі Лунінеччыны

Ягаднікі Лунінеччыны наракаюць на кошты трускалак. Заезныя купцы прапануюць цану, якая не задавальняе прыватнікаў. Дзяржаўныя нарыхтоўчыя канторы купляюць трускалкі ўсяго па 600-1000 рублёў. Таму многія месьцічы выпраўляюцца на рынак, спрабуючы прадаць даражэй, або вязуць у Менск і абласныя гарады. У сувязі з гэтым магчымасьці дадатковага заробку сёлета на Лунінеччыне практычна не існуе, кажа жыхарка вёскі Бродніца:

«Людзям жа трэба плаціць. А аплата ў нас даволі высокая, у памеры пяці тысячаў рублёў за гадзіну. Таму калі наймаць два-тры чалавекі, каб выбраць трускалкі, то ў дзень трэба будзе заплаціць каля 150 тысячаў. З улікам сёлетняй цаны такі памер аплаты немагчымы».

Паводле жанчыны, у мінулым годзе сытуацыя была лепшай. На дадатковы заробак прыяжджалі ня толькі з Лунінеччыны, а і з суседніх раёнаў:

«У мінулым годзе нарыхтоўка вялася і прыватнікамі, і дзяржавай. Прыяжджалі нават з Ганцавіч. Гаспадары езьдзілі ў суседні раён па людзей, некаторыя нават тут жылі ў сэзон. А сёлета такая малая цана, што магчымасьці зарабіць практычна і няма».

На Піншчыне, як і штогод, пачалі зьбіраць ягады і грыбы. Выдаткі — мінімальныя, толькі цярплівасьць, кажа жыхарка вёскі Асьнежыцы:

«Сэзон нарыхтовак толькі-толькі пачаўся. Людзі зьбіраюць і ягады, і грыбы. У асноўным прымаюцца дзяржаўнымі нарыхтоўчымі канторамі, але ёсьць і прыватнікі».

Гурочнікі плацяць у дзень наймітам па 40-50 тысяч рублёў

На Століншчыне найбольш актыўна цяпер вядзецца нарыхтоўка агуркоў. У вёсцы Альшаны, якая налічвае каля сямі тысячаў жыхароў, амаль у кожным двары — вялізныя цяпліцы. Практычна няма сям’і, якая не займалася б вырошчваньнем агуркоў. Да таго ж іншай магчымасьці зарабіць, акрамя як прадаючы гародніну, амаль няма, кажа жыхарка Альшан. Шмат каму агуркі забясьпечваюць дадатковы заробак:

Цэны на агуркі зваліліся да 300 рублёў за кіляграм.
«Дастаткова заехаць у цэнтар і знайсьці ахвотных дадаткова зарабіць. Аплата працы за дзень складае каля сарака-пяцідзесяці тысяч рублёў».

Цэны на агуркі не задавальняюць палешукоў. Яшчэ на мінулым тыдні ў Альшанах прадавалі гэтую гародніну па 1500-1700 рублёў. Цяпер жа цана падае. Да таго ж ураджай сёлета даволі добры:

«Немагчыма цяпер ужо зарабіць на агурках. Цана звалілася да 300 рублёў за кіляграм. У мінулым годзе ў гэты час цана трымалася на ўзроўні тысячы рублёў. А цяпер і ахвотных здаць агуркі няшмат».

Часам заробак на агурках аказваецца не дадатковым, а асноўным ці нават адзіным. У Альшанах для шмат каго іншай працы проста няма.

ВІЦЕБШЧЫНА


«Разгружаю склады айчынных вытворцаў шкарпэтак»

Аршанец Ігар Казьмярчак мае спэцыяльнасьць «Актор драматычнага тэатру». Ён скончыў Магілёўскую вучэльню культуры і мастацтва, але «з мастацтвам ня склалася», як ён сам кажа. Таму, каб зарабляць на жыцьцё, Ігар пачаў гандляваць шкарпэткамі. Прычым не на мясцовым кірмашы, а «кошнікам», як казалі даўней — разьяжджае па невялікіх мястэчках ды прапаноўвае свой тавар:

«Купляю шкарпэткі на фабрыках — „Кім“, фабрыка „Васіліна“. І прадаю іх у невялікіх мястэчках, накшталт Арэхаўску ці Коханава. У Воршы дык вялікая канкурэнцыя, бо беларускія шкарпэткі пацясьнілі ўжо расейскія ды кітайскія. Таму даводзіцца так „катацца“. Што зробіш? Трэба было неяк зарабляць, во і падаўся ў такую сфэру».

Паводле Ігара Казьмерчака, зь ягонай «акторскай» студэнцкай групы ў тэатры працуюць толькі двое. Адзін з аднагрупнікаў стаў ст’юардам, лятае на самалётах, распавядае Ігар. Хтосьці пайшоў у забаўляльную сфэру, а хтось і ў гандаль. Прынамсі, пакуль Ігар Казьмярчак пра нязьдзейсьненую тэатральную кар’еру не шкадуе.

«Нас корміць «Славянскі базар»

Як можна спалучыць высокае мастацтва і такі празаічны занятак, як гандаль, ведаюць спадарыні Тацяна і Вольга. Стаўшы беспрацоўнымі, яны навучыліся шыць ды вязаць. Цяпер зарабляюць на жыцьцё тым, што прадаюць свае вырабы, у тым ліку ў «Горадзе майстроў» на фэстывалі «Славянскі базар у Віцебску».

Спадарыня Тацяна да скарачэньня працавала на камбінаце шаўковых тканін. Цяпер вяжа на продаж карункавыя капялюшыкі- зьмяшчае аб’явы ў рэклямных газэтах. Уладкоўвацца на сталую працу спадарыні Тацьцяне не дазваляе здароўе:

«Я пакутую на дыябэт, у мяне ціск. А вязаць дужа люблю, гэта супакойвае, адцягвае ўвагу ад праблемаў. Што я раблю? Дзіцячыя шапачкі, капялюшыкі… Усе хваляць, і добра бяруць. Хаця, канечне, галоўны распродаж — гэта на «Славянцы», раз на год. Але няважна! Затое я сяджу, як кароль.

Каралеўскія распродажы, паводле спадарыні Тацяны, — гэта прадаць вялікі шаль за 100 тысяч рублёў. Гандлёвае месца на «Славянскім базары» летась каштавала 41 тысячу. Калі кошты не падымуць, то сэнс ёсьць, кажа майстрыня.

І дадае: штогод у гандлёвых шэрагах сустракаюцца новыя твары — людзі навучаюцца самым розным рамёствам, каб толькі мець лішнюю капейчыну. Адна з такіх — спадарыня Вольга, нядаўняя выпускніца тэхналягічнага ўнівэрсытэту. Распавядае, што пакуль была ў дэкрэтным адпачынку, дужа прыдалося ўменьне шыць. Потым навучылася вязаць і ўвогуле стала майстрыняй на ўсе рукі — абы знайшоўся пакупнік:

«У прынцыпе, зьвязаць магу ўсё — ад шкарпэтак да паліто. І дзіцячае адзеньне, і дарослае. І зь бісэру пляту кветкі, дрэўцы, карціны цэлыя ў мяне вышываныя бісэрам ёсьць. І шыю шмат чаго. Ну вось, глядзіце: дрэўца зь бісэру, бярозка, 30 сантымэтраў вышынёй, каштуе 40 тысяч. Па-мойму, гэта нядорага. І бяруць!»

Вольга разумее, што ўладкавацца па спэцыяльнасьці «мадэльер жаночага адзеньня» можна хіба толькі на стратнае віцебскае прадпрыемства «Сьцяг індустрыялізацыі». Гэтая пэрспэктыва жанчыну ня вабіць, і таму яна кажа: «Пакуль што нас корміць «Славянскі базар».

Выканаўчы дырэктар аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Яраслаў Раманчук лічыць, што ў адлюстраваньні становішча на рынку працы дзяржаўныя чыноўнікі карыстаюцца лічбамі прыхаванай статыстыкі. На думку экспэрта, так званая «лішняя працоўная сіла» перавышае 30 працэнтаў ад агульнай колькасьці працаздольных.

«Ня трэба чакаць, што нейкі добры дзядзька нешта для цябе зробіць ці дзяржава дасьць нейкі кавалачак. Варта перадусім дбаць самому. Удасканальвацца ў прафэсіі, вучыць мову. Попыт на клясных спэцыялістаў ёсьць і за межамі Беларусі. Калі ты добра робіш кладку з цэглы, ці клеіш шпалеры, альбо выдатна кіруеш аўтамабілем — у цябе будзе праца і ў крызіс», — пераконвае Яраслаў Раманчук. Дарэчы, на інтэрнэт-сайце навукова-дасьледчага цэнтру Мізэса разьмешчана праграма Яраслава Раманчука «Мільён новых працоўных месцаў для Беларусі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG