Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АДКБ не выключае "ніякіх сродкаў" умяшальніцтва ў кіргіскія падзеі


У Маскве прайшлі кансультацыі сакратароў Рады калектыўнай бясьпекі (РКБ) краінаў-удзельніцаў Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ). Тэрміновая сустрэча прысьвечаная сытуацыі ў Кіргізстане была скліканая на пазоў прэзыдэнта Расеі Дзьмітрыя Мядзьведзева, які старшынюе цяпер у РКБ. На ягонае запрашэньне прысутнічалі таксама прадстаўнікі Часовага ўраду Кіргізстану.

Па выніках паседжаньня была агучана заява, што чальцы арганізацыі "ня выключылі выкарыстаньня ніякіх сродкаў, якія ёсьць у патэнцыяле АДКБ і ўжываньне якіх магчымае ў залежнасьці ад разьвіцьця сытуацыі ў Кіргізіі".

Прадстаўнікі Армэніі, Беларусі, Казахстану, Расеі, Таджыкістану і Ўзбэкістану заявілі, што ўзгаднілі паміж сабой магчымыя мерапрыемствы і паінфармуюць аб дасягнутых дамоўленасьцях кіраўнікоў сваіх дзяржаў.

Раней Часовы ўрад Кіргізстану зьвярнуўся да Расеі з просьбай аб вайсковай дапамозе для ўрэгуляваньня міжэтнічных сутыкненьняў на поўдні краіны. Масква адмовіла, матывуючы гэта тым, што ня мае на такія дзеяньні адпаведнага міжнароднага мандату.
XS
SM
MD
LG