Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыя злавіла банду дарожных рабаўнікоў


Гомельская міліцыя сумесна з супрацоўнікамі галоўнай управы крымінальнага вышуку МУС затрымала банду налётчыкаў, якая рабавала вялікагрузныя аўтамашыны на шашы Кобрын — Гомель.

Арыштаваныя чацьвёра налётчыкаў. Пятаму ўдалося схавацца на тэрыторыі Ўкраіны. Пра гэта паведаміла БелТА са спасылкай на прэсавую службу Гомельскага УУС.

Злачынны промысел банда вяла з канца мінулага году. Вядомы дзясятак налётаў. Пераважна гэта быў участак шашы ад Калінкавічаў да Гомелю. Асаблівую цікавасьць у дарожных рабаўнікоў выклікала прадукцыя берасьцейскага малочнага прадпрыемства «Савушкін прадукт», СП «Санта Брэмар» і Кобрынскага масласырзаводу.

На шашу рабаўнікі выяжджалі ноччу. Даганялі фургон і ехалі за ім амаль што ўпрыцірку. Важак банды ламаў замок альбо проста адчыняў засаўку. На хаду скрынкі з прадукцыяй перадаваў напарніку ў легкавік.

Здабычу рабаўнікі маглі пакінуць на ўзбочыне шашы, а пасьля зноў даганялі вялікагруз, каб пажывіцца нанава.

У склад групоўкі ўваходзілі чацьвёра жыхароў украінскага гораду Крамянчуга — ад 22 да 39 гадоў. Яны ня мелі віду на жыхарства ў Беларусі, але здымалі дом у вёсцы Краснае, што пад Гомелем.

У хаўрусе з украінцамі быў 29-гадовы ўраджэнец Лепельскага раёну Віцебскай вобласьці, які жыў у Гомелі. Кіраўніка банды ён ведаў з турэмных часоў, калі той адбываў дзевяцігадовае пакараньне за аналягічнае злачынства.

Папаліся рабаўнікі, калі танна збывалі на рынках Гомелю прадукцыі Кобрынскага масласырзаводу. Амаль 2 тоны сыру яны прадавалі за 6 тысяч даляраў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG