Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусамі гандлююць, але з гэтым змагаюцца


Дзярждэпартамэнт ЗША ня можа належным чынам вызначыць высілкі беларускіх уладаў з праявамі гандлю людзьмі з прычыны закрытасьці дзяржорганаў, замалой колькасьці незалежнай інфармацыі ды агульнага страху рэпрэсій з боку ўладаў за крытыку існага рэжыму.


Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША штогод накіроўвае ў Кангрэс справаздачу аб намаганьнях замежных урадаў па ліквідацыі цяжкіх формаў гандлю людзьмі. Сёлета ў справаздачы, што ўяўляе зь сябе найбольш усёабдымны дакумэнт такога роду – даецца ацэнка становішча ў 175 краінах.

Градацыя краінаў робіцца па стандартах, устаноўленых у адпаведнасьці з прынятым у 2000 годзе Законам ЗША аб абароне ахвяраў гандлю людзьмі (TVPA). Да першага ўзроўню (Tier 1) адносяцца краіны, якія цалкам адпавядаюць стандартам TVPA. Да другога ўзроўню (Tier 2) адносяцца краіны, якія ня цалкам адпавядаюць мінімальным стандартам TVPA, але ўрады якіх прыкладаюць сур'ёзныя высілкі па выкараненьні гандлю людзьмі. "Кантрольны сьпіс 2-га ўзроўню" (Tier 2 Watch List) прызначаны для краінаў, урады якіх ня ў поўнай меры выконваюць мінімальныя стандарты TVPA, але прыкладаюць да гэтага значныя высілкі. Акрамя таго, краіны, якія ўваходзяць у кантрольны сьпіс, характарызуюцца значнай колькасьцю ахвяраў гандлю людзьмі ці значным ростам гэтага паказчыка ў сытуацыі, калі ўрад не прыкладае дастатковых высілкаў для вырашэньня праблемы. Краіны, што не прыкладаюць значных высілкаў для захаваньня мінімальных стандартаў, адносяцца да 3-га ўзроўню (Tier 3).

Як піша ва ўводзінах да справаздачы дзяржаўны сакратар Гілары Клінтан, ЗША лічаць барацьбу з гандлем людзьмі ў сябе ў краіне і за мяжой найважнейшым напрамкам зьнешняй палітыкі ЗША і робяць усё магчымае, каб пакончыць з гэтай пошасьцю.

Як адзначаецца ў справаздачы, на сёньняшні дзень у катэгорыю сучасных рабоў ва ўсім сьвеце патрапілі 12,3 млн. дарослых і дзяцей. Сюды ўключана прымусовая праца, нявольніцкая праца, а таксама прымус да прастытуцыі. Найбольшая колькасьць выпадкаў гандлю людзьмі зафіксаваная ў краінах Азіі ды Ціхага акіяну: 3 выпадкі на 1000 жыхароў.

Беларусь, як і летась, патрапіла ў лік краінаў "2-га ўзроўню» – там, дзе ўрад ня цалкам адпавядае прадугледжаным заканадаўствам ЗША мінімальным стандартам у галіне процідзеяньня гандлю людзьмі, але прыкладае значныя высілкі ў гэтым напрамку.

Як сказана ў справаздачы Дзярждэпартамэнту ЗША, «Беларусь зьяўляецца краінай паходжаньня, краінай прызначэньня і краінай транзыту для жанчын, мужчын і дзяцей, якія прадаюцца з Беларусі ці празь Беларусь у Расею, Нямеччыну, Польшчу, ды іншыя эўрапейскія краіны, Турцыю, Ізраіль, Ліван ды Аб'яднаныя Арабскія Эміраты (ААЭ) у мэтах камэрцыйнай сэксуальнай эксплюатацыі ці прымусовай працы. Таксама ёсьць інфармацыя пра тое, што жанчыны зь беларускіх сем'яў зь нізкім даходам былі змушаныя да заняткаў прастытуцыяй у Менску. Паводле МУС РБ, самая вялікая рызыка патрапіць у лік прадаваных людзей у Беларусі існуе для незамужніх жанчын ва ўзросьце ад 16 да 30 гадоў. Для завабліваньня сваіх ахвяраў гандляры людзьмі часта выкарыстоўвалі сацыяльныя сеткі.

У справаздачы адзначаецца, што нягледзячы на імкненьне беларускіх уладаў змагацца з праявамі гандлю людзьмі ў РБ, складана вызначыць эфэктыўнасьць такіх дзеяньняў з боку беларускіх уладаў з прычыны іх закрытасьці, замалой колькасьці незалежных паведамленьняў і агульнага страху рэпрэсій з боку ўладаў за крытыку існага рэжыму. У справаздачы падкрэсьліваецца, што па даступнай інфармацыі беларускія ўлады ў 2009 годзе, як выглядае, рабілі пазытыўныя крокі ў напрамку паляпшэньня абыходжаньня з ахвярамі гандлю людзьмі і падтрымкі няўрадавых арганізацыяў, што займаюцца гэтай праблемай. Але "агульны палітычны клімат запужваньня зьяўляецца натуральнай перашкодай сапраўднаму партнэрству ўладаў з ахвярамі ды анты-трафікавымі арганізацыямі. Фундаваньне дзяржаўнай праграмы, якой у 2005 годзе нададзены статус закону, засталося нерэалізаванай.

Складальнікі дакладу рэзюмуюць: «Урад РБ прадэманстраваў сьціплы прагрэс у прадухіленьні гандлю людзьмі на працягу справаздачнага пэрыяду. Грамадзяне, СМІ ды няўрадавыя арганізацыі ў Беларусі часта падвяргаліся запалохваньню і суроваму кантролю, які абмяжоўваў адкрытае абмеркаваньне гандлю людзьмі ў краіне". У справаздачы Дзярждэпартамэнту ЗША таксама адзначаецца, што пад выглядам мераў па барацьбе з гандлем людзьмі ўлады РБ абмяжоўвалі беларускім грамадзянам права падарожнічаць за мяжу на законных падставах. А агульнадзяржаўны плян па змаганьні з гандлем людзьмі, дзеяньне якога заканчваецца ў 2010 годзе, быў сфакусаваны на барацьбе зь нелегальнай міграцыяй, што можа выклікаць блытаніну паміж паняцьцямі "гандаль людзьмі" і "незаконны правоз".

Сытуацыя з гандлем людзьмі ў розных частках сьвету


Колерам пазначаны ўзроўні Tier:

Шэры – Tier 1
Ружовы – Tier 2
Чырвоны – Tier 2 Watch List
Сіні – Tier 3






Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG