Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Моладзевыя актывісты Франак Вячорка і Зьміцер Пармон ня вераць, што пракуратура прыцягне да адказнасьці людзей у цывільным, якія іх зьбівалі.

27 траўня хлопцаў жорстка зьбілі падчас затрыманьня, каб прадухіліць іхны ўдзел у акцыі ўшанаваньня памяці Максіма Багдановіча. Зьмітру Пармону ў машыне зламалі ключыцу. У адказ на свае заявы ў пракуратуру ён атрымаў паведамленьне, што вядзецца разбор.

Зьміцер Пармон называе адказ пракуратуры фармальнасьцю. Ён лічыць, што ўлады імкнуцца толькі зрабіць выгляд, што сьледчыя выконваюць усе працэдурныя нормы, прадугледжаныя заканадаўствам.

Зьміцер Пармон у шпіталі пасьля зьбіцьця, 28 траўня
27 траўня Зьмітра зь міліцыі "хуткая" адвезла ў 6 клінічны шпіталь зь пераломам ключыцы. Мэдыкі зафіксавалі зьбіцьцё і зрабілі хлопцу апэрацыю. У шпіталі яго наведаў сьледчы і запэўніў, што будуць высьвятляцца асобы тых людзей, якія яго зьбілі і завезьлі ў міліцыю. Праз 11 дзён Зьмітра выпісалі дадому.

"Яшчэ тыдні тры буду на бальнічным дома з рукой вось перавязанай. Папраўляюся паціху. Прыйшла папера. Напісалі, што накіравалі запыт у Цэнтральны РУУС і нібыта там будуць разьбірацца.

Калі шчыра, то я ня ведаю. Здаецца мне, што ніякага прыцягненьня да адказнасьці ня будзе. Асобы лёгка высьветліць, але каб гэтым нехта займаўся, малаверагодна".

Франак Вячорка быў разам са Зьмітром у машыне, калі людзі ў цывільным прымушалі іх сядзець на падлозе і зьбівалі нагамі і падгалоўнікамі ад крэслаў. Франка пасьля таго, як Зьмітра адвезьлі ў шпіталь, завялі на калідор трэцяга паверху. Франак распавёў, што там нейкі міліцэйскі начальнік выцягнуў зь ягонага заплечніка бел-чырвона-белыя сьцягі і партрэты Максіма Багдановіча. Міліцыянт круціў яму рукі і ўсяляк абражаў. Пасьля гэтага загадаў, каб Франка выставілі з будынка на вуліцу.

Але хлопец вярнуўся па накіраваньне на экспэртызу.
Калі пракуратура адмовіцца распачаць справу, то мы самі правядзем расьсьледаваньне ...

"Я ніякага адказу на маю скаргу не атрымаў. У любым выпадку я буду тады скардзіцца ў вышэйшыя органы. Спэцслужбы і ўлады зацікаўленыя, каб гэтую справу замяць. У нас ёсьць фотаздымкі, відэа. Калі пракуратура адмовіцца распачаць справу, то мы самі правядзем расьсьледаваньне.

Улады ня хочуць ствараць прэцэдэнт, бо калі будуць распачатыя справы супраць гэтых спэцназаўцаў, то ўсё гэта раскруціцца ланцужком у крымінальныя справы супраць іншых міліцыянтаў ці кадэбістаў. Улады ня хочуць даваць апазыцыі козыр. Спэцслужбы даюць нам зразумець, што сілавікі застануцца беспакаранымі".

Лідэр Маладога Фронту Зьміцер Дашкевіч неаднойчы зьвяртаўся ў пракуратуру са скаргамі на дзеяньні спэцназаўцаў і людзей у цывільным. Яго разам з паплечнікамі неаднойчы зьбівалі падчас разгону мірных пікетаў. На ўсе звароты быў адказ, што спэцназаўцы дзейнічалі ў рамках закону, або — што немагчыма высьветліць асобы тых, хто зьбіваў апазыцыянэраў.

Зьміцер Дашкевіч
"Няма ніякіх пэрспэктываў прыцягненьня да адказнасьці тых людзей, якія зьбівалі дэманстрантаў, інакш сыстэма пачала б судзіць сама сябе.

Але звароты ў пракуратуру рабіць неабходна, бо кожны такі выпадак трэба фіксаваць, каб потым пры дэмакратычнай уладзе кожны такі выпадак быў дасьледаваны і было прынятае справядлівае рашэньне".

Паводле заканадаўчых нормаў Франак Вячорка і Зьміцер Пармон да 27 чэрвеня мусяць атрымаць адказ наконт таго, ці будзе ўвогуле распачата крымінальная справа.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG