Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідэры АГП і кампаніі "Гавары праўду", якія на мінулым тыдні знаходзіліся зь візытам у Канадзе і ЗША, падвялі вынікі сваіх сустрэч за акіянам. Галоўным вынікам сябры апазыцыйнай дэлегацыі назвалі дамоўленасьць аб правядзеньні да прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі парлямэнцкіх слуханьняў у Кангрэсе ЗША на беларускую тэматыку


Старшыня АГП Анатоль Лябедзька заявіў, што ў часе візыту прадстаўнікі апазыцыі знайшлі новы замежны прыярытэт — Канаду:

"Мы адкрылі для сябе вельмі пэрспэктыўную краіну. Ня буду гаварыць за ўсю апазыцыю, усю грамадзянскую супольнасьць, але для АГП Канада — такі ж самы прыярытэт, як і Эўрапейскі Зьвяз, як і ЗША".

У Канадзе беларуская апазыцыя мела сустрэчы з кіраўніком ураду, чатырма міністрамі, сьпікерам парлямэнту, многімі дэпутатамі, якія ўдзельнічалі ў слуханьнях па Беларусі. Паводле спадара Лябедзькі, Канада — моцная і пэрспэктыўная краіна, якая хоча пашырыць свой уплыў у сьвеце, і ў тым ліку — у Беларусі.

Уладзімер Някляеў перадаў словы аднаго з арганізатараў іх паездкі ў Канаду, сказаныя пасьля ўсіх сустрэч:

"У выпадку прыходу да ўлады беларускіх дэмакратычных сілаў Канада гатовая стаць лякаматывам інтэграцыі Беларусі ў сусьветную эканоміку".

Паводле спадара Някляева, уся беларуская дыпляматыя прайшла па калідорах улады Канады значна менш, чым іх дэлегацыя за адну паездку.

Ужо сёлета канадцы пагадзіліся на працяг кантактаў і гатовыя нават прывезьці ў Беларусь эліту сусьветнай эканамічнай думкі, паведаміў Яраслаў Раманчук:

"Мы дамовіліся наконт таго, што напрыканцы верасьня альбо на пачатку кастрычніка правядзем разам з нашымі канадзкімі партнэрамі буйны інвэстыцыйны эканамічны форум у нашай краіне, з тым, каб сюды запрасіць рэфарматараў з Канады, запрасіць людзей, зь якімі яны працуюць ва ўсім сьвеце, і, па сутнасьці, зрабіць вельмі просты мэсыдж: калі ў Беларусі будуць зробленыя рэформы, то канадзкі бізнэс ня будзе стаяць убаку, а будзе ўкладаць мільярды ў нашу эканоміку".

Спадар Раманчук паведаміў, што Канада таксама гатовая дапамагчы Беларусі ў фармаваньні дэмакратычных інстытутаў і незалежных СМІ.

Галоўным вынікам сустрэч у ЗША сябры апазыцыйнай дэлегацыі назвалі дамоўленасьць аб правядзеньні да прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі парлямэнцкіх слуханьняў у Кангрэсе на беларускую тэматыку, а таксама тое, што ў ЗША, рыхтуючы законапраект аб інтэрнэце, возьмуць пад пільную ўвагу абмежаваньне свабоды інтэрнэту ў Беларусі. Гаворыць А. Лябедзька:
слуханьні даюць пэўную гарантыю пэрсанальнай бясьпекі тых людзей, якія бяруць удзел у прэзыдэнцкай кампаніі ...

"Такія слуханьні даюць пэўную гарантыю пэрсанальнай бясьпекі тых людзей, якія бяруць удзел у прэзыдэнцкай кампаніі ў Беларусі. Другое — сытуацыя з мас-мэдыя і інтэрнэтам. Калі гэтае пытаньне будзе ўвязана з мажлівымі пэрспэктывамі эканамічных і палітычных санкцый, то гэта прымусіць улады ў Беларусі сем разоў адмераць, а адзін адрэзаць".

Сябры беларускай дэлегацыі, ацэньваючы свае сустрэчы ў Вашынгтоне, заявілі, што ў ЗША пры новым прэзыдэнце ня страчаная цікавасьць да сытуацыі ў Беларусі. А. Лябедзька паведаміў, што ў Дзярждэпартамэнце ў іх было тры насычаныя сустрэчы з чыноўнікамі, якія фармуюць замежную палітыку:

"Што датычыць Дзярждэпартамэнту, то зараз там ідзе асэнсаваньне, што рабіць зь Беларусьсю. Там няма пазыцыі на сёньняшні дзень. Яшчэ толькі выпрацоўваецца стратэгія і плян дзеяньняў".

Сярод іншых знакавых дамоўленасьцяў апазыцыі ў Вашынгтоне — абяцаньне кангрэсмэна Джона Маккейна наведаць Беларусь напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG