Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто затыкае рот - разьвязвае рукі


Пра адрозьненьні расейскай і беларускай дыктатураў, «прыморскіх партызанаў» і праблемы этнічнай ідэнтычнасьці мы пагутарылі зь Міхаілам Магідам, маскоўскім актывістам руху жыльцоў супраць кропкавай забудовы і шэрагу іншых сацыяльных ініцыятываў, вядомым палітычным блогерам (shraibman), які гэтымі днямі наведаў Менск.

Будзімір: Нягледзячы на ўсю блізкасьць (дэкляраваную і сапраўдную) паміж Беларусьсю і Расеяй, шматлікія расейскія госьці кажуць пра тое, што пры ўезьдзе ў Беларусь у іх адразу ж узьнікае адчуваньне, што яны апынуліся ў іншай краіне. Тыя, хто прыяжджае на машыне, захапляюцца ашаламляльнай зьменай якасьці дарог, тых, хто прылятае на самалёце, дзівіць незвычайная пустэльнасць аэрапорта. А калі ты заўважыў, што патрапіў у іншую краіну, па якіх прыкметах?

М.Магід: Ды, безумоўна, гэта іншая краіна, і гэта адразу адчуваецца ў Менску. Уражвае параўнальная чысьціня беларускіх вуліц, адсутнасьць такой колькасьці аўтамабіляў, як у
У Менску больш супакою, прасторы, сонца.
Маскве і іншых буйных расейскіх гарадах, не такая шчыльная забудова... У Менску больш супакою, прасторы, сонца, менш бруду, рэклямы, камэрцыйных шапікаў. Менск выклікае ў мяне асацыяцыі з маім дзяцінствам, з Масквой 70-х (хоць тады бруду было шмат). Можа быць - гэта проста ілюзія, ну, так заўсёды бывае ў дзяцінстве: неба - чысьцейшае, паветра саладзейшае, прастора - большая, велізарнейшая.

Каля Нацыянальнай бібліятэкі, якую акаляюць пустка і лясы, згадаліся такія позьнесавецкія фантастычныя фільмы, як «Госьця з будучыні» і «Праз церні да зорак». Там таксама - велізарныя шклобэтонныя забудовы ў асяродзьдзі лясоў. Нейкая футурыстычная фантазія, постбальшавізм, саўковы рай.

Наогул, мне ў вас вельмі спадабалася. Адзінае што непрыемна ўразілі маштабы п'янства. У Расеі, канечне, п'юць і п'юць шмат, але ў Менску колькасьць п'яных на вуліцах проста зашкальвае. Адначасова з супакоем тутэйшая атмасфэра працятая дзіўнай скаванасьцю і нудой. Мо таму і п'юць, ня ведаю...

Будзімір: Ці адрозьніваецца рэальная Беларусь ад тваіх асабістых чаканьняў і тых уяўленьняў аб ёй, якія бытуюць у Расеі?

М.Магід: У Расеі існуюць два міты пра Беларусь. Для людзей старэйшага пакаленьня, з тых, хто настальгуе па СССР, рэжым Лукашэнкі - нешта накшталт апошняга аскепка СССР. Яны жадалі б, каб Брэжнеў уваскрос і вярнуў іх у той час, які яны лічаць сваім, і Лукашэнка ў іх разуменьні - гэта інкарнацыя ці то Брэжнева, ці то Сталіна.

На мітынгах супраць кропкавай забудовы нярэдка зьяўляюцца пажылыя клікушы, якія пачынаюць крычаць, што яны жадаюць назад у СССР, і што Бацька - гэта выратаваньне. Прычым, я думаю, што пры ўсёй агіднасьці таго, што яны кажуць, іх хутчэй шкада - гэта людзі, якія крануліся розумам у выніку другога вялікага пералому - пералому 90-х. Мізэрныя пэнсіі, масавае беспрацоўе, разбурэньне сацыяльнай дзяржавы, грамадзкай культуры - усяго гэтага дастаткова, каб звар'яцець. Вінаватыя, хутчэй, не яны, а расейская дзяржава... Як бы там ні было, для шматлікіх людзей старэйшага пакаленьня Беларусь - апошняя надзея.

Так, беларуская дзяржава параўнальна больш сацыяльная, чым расейская. У вас не было жудаснага разбурэньня прамысловасьці ды інфраструктуры, не было татальнай маргіналізацыі насельніцтва, таму што Беларусь пазьбегла крымінальнай прыватызацыі 90-х.
Беларуская дзяржава параўнальна больш сацыяльная, чым расейская.
У вас дзяржава прымушае прыбытковыя прадпрыемствы падтрымліваць стратныя. Ня ведаю, наколькі эфэктыўная такая сыстэма, але яна дапамагае пазьбегнуць маргіналізацыі і высокага беспрацоўя. Тым ня менш, у Беларусі таксама шмат бедных і незадаволеных, ёсьць сацыяльная палярызацыя, у краіне паступова адбываецца прыватызацыя прамысловасьці, разгортваецца кропкавая забудова ў інтарэсах багатых грамадзян, здольная разбурыць інфраструктуру бедных раёнаў...

Зь іншага боку, для дэмакратычна і лібэральна настроеных людзей Беларусь - гэта грубіянская дыктатура. Парадокс, аднак, у тым, што ў сучаснай Расеі дыктатура больш жорсткая, чым у Беларусі, хоць яна мае іншую прыроду.

Будзімір: Аднак менавіта Беларусь лічыцца ў сьвеце «апошняй дыктатурай Эўропы», тады як Расея прызнаецца якой-ніякой, са шматлікімі агаворкамі, але дэмакратыяй. Ты з гэтым нязгодны?

М.Магід
: Абсалютна нязгодны. Ніякай дэмакратыі ў Расеі няма і, хутчэй за ўсё, не было, за выключэньнем, можа быць, пэрыяду зь 1991 па 1993 гг. У кастрычніку 1993 году быў расстраляны парлямэнт, і гэта стала адпраўным пунктам фармаваньня новай постсавецкай дыктатуры.
Ніякай дэмакратыі ў Расеі няма.
Выбары 1996 году былі сфальсыфікаваныя, гэта сёньня шырока вядомы факт. Усе наступныя выбары ў Расеі - таксама фэйк. У некаторых суб'ектах РФ Пуцін-Мядзьведзеў атрымлівалі пад 100% галасоў выбарцаў. Такіх вынікаў проста ня можа быць пры адносна дэмакратычных выбарах. Расейскую ўладу ніхто не абіраў, яна сама сябе прызначыла.

Будзімір: Ну, гэтым нас ня зьдзівіш. Але ты казаў, што расейская дыктатура больш жорсткая, чым у Беларусі.

М.Магід: Ну што сказаць, калі апазыцыйных актывістаў, якія ўдзельнічаюць у пратэстах супраць кропкавай забудовы ў Маскве, беспакарана зьбіваюць нанятыя ўладальнікамі бандыты на вачах міліцыі? Калі ім ламаюць ногі? Калі ў незалежнай журналісткі ў Тальяці (Г. Дзьмітрыевай) супрацоўнікі міліцыі забіраюць дзяцей з-за крытычных публікацыяў пра мясцовае начальства і становішча ў рэгіёне? У Петразаводску чалавеку, толькі падазраванаму ў тым, што ён кінуў лямпачку з фарбай ва ўрадавую ўстанову, пілуюць напільнікам зубы... Гэта нейкая крымінальная тэрарыстычная дыктатура лацінаамэрыканскага тыпу, якая пагражае ня толькі самім апазыцыянэрам, але нават іх сваякам, нават дзецям!

Будзімір: Чым яшчэ, апроч большай брутальнасьці, адрозьніваецца расейскі палітычны рэжым ад беларускага?

М.Магід: Беларусь - гэта строга кіраваная цэнтралізаваная сыстэма. А пуцінская сыстэма ўяўляе сабою сукупнасьць карупцыйных міні-дыктатураў («крышаў»), у межах якіх шчыльна пераплятаюцца інтарэсы чынавенства і бізнэсу. Гэтыя, па-сутнасьці, мафіёзныя ўтварэньні дзейнічаюць па-за рамкамі якой-небудзь законнасьці, гэта значыць, прасьцей кажучы, «па беспрадзелу». У іх разьвязаныя рукі пастолькі, паколькі яны дэманструюць ляяльнасьць цэнтральнай уладзе, забясьпечваючы яе грашыма і палітычнай падтрымкай.

Кіраўнікі шэрагу рэгіёнаў праз свае сем'і кантралююць велічэзную частку ўласнасьці. Дзе-нідзе фармуюцца сапраўдныя азіяцкія дэспатыі, ханствы, дзе нахабная паказная раскоша мясцовай улады спалучаецца з рэпрэсіямі супраць усіх, хто адважваецца крытыкаваць рэжым - непакорлівых журналістаў саджаюць ці нават забіваюць.

Іншыя найкаштоўнейшыя прыбытковыя прамысловыя аб'екты належаць розным алігархам, блізкім да Пуціна ці Мядзьведзева. Квітнее рэйдэрства.
Расея: спалучэньне сыстэмнай карупцыі, бескантрольнага паліцэйскага гвалту, рэйдэрства і элемэнтаў грамадзянскай вайны.
Варта адной зь пірамідаў узмацніцца, а іншай саслабнуць, як яе ўласнасьць можа быць забраная без усякага намёку на законнасьць. Таму бізнэс не жадае інвэставаць сродкі ў мадэрнізацыю прамысловасьці. Укладзеш мільён даляраў у абсталяваньне шахты, а заўтра ў цябе гэтую шахту забяруць, і ты ня зможаш адбіць свае грошы. Тады які сэнс інвэставаць? Прасьцей здымаць вяршкі і вывозіць прыбыткі, або ўкладваць іх у фінансавыя спэкуляцыі, якія даюць хуткі вынік, спакойна пазіраючы за тым, як гніе і ржавее абсталяваньне. Вось таму шахты і заводы выбухаюць, а расейская правінцыя жыве ў галечы, ня гледзячы на тое, што краіна атрымлівае сотні мільярдаў даляраў ад продажу нафты і газу...

Існуе пункт гледжаньня (мне некалькі разоў даводзілася гэта чуць ад людзей, блізкіх да расейскай думскай палітыкі), што сілавыя структуры ва ўмовах тандэмакратыі Пуціна-Мядзьведзева, фактычна атрымалі вялікую самастойнасьць, адлучыўшыся і ад таго і ад другога, і што іх ніхто цяпер не кантралюе.

Яшчэ адзін фактар расейскай палітыкі - гэта вайна на Каўказе, якая ня скончылася. Яна працягваецца ў Чачні, хоць і зь меншай інтэнсіўнасьцю, чым напачатку 2000-х, распаўзаецца па Інгушэціі, Дагестане і іншым рэспублікам Паўночнага Каўказу. І было б вялікай памылкай тлумачыць гэта толькі мясцовымі нацыянальнымі асаблівасьцямі і распаўсюдам фундамэнталісцкага ісламу. Фундамэнтальны чыньнік у татальнай галечы і тэрарыстычных дыктатурах, якія ўсталяваліся ў рэгіёне.
Вайна на Каўказе, ня скончылася.
Там тыя ж праблемы, што і ў астатняй Расеі, толькі ў канцэнтраваным выглядзе. Калі ў моладзі няма працы і ніякіх надзей атрымаць яе ў будучыні, калі за кожнае пратэстнае дзеяньне табе пагражае сьмерць ці катаваньні, то прасьцей за ўсё далучыцца да якой-небудзь радыкальнай палітычнай групы або сэкты і сысьці ў лясы.

Такім чынам, мы маем спалучэньне сыстэмнай карупцыі, бескантрольнага паліцэйскага гвалту, рэйдэрства і элемэнтаў грамадзянскай вайны. Вось гэта атрутная сумесь і ёсьць расейскай палітыкай.

Будзімір: Як ты можаш пракамэнтаваць тое, што ў расейскай блогасфэры многія выказвалі падтрымку дзеяньням гэтак званых «прыморскіх партызанаў» - бандзе, якая нішчыла міліцыянтаў? Чаго ў гэтым болей - эпатажу ці абгрунтаванага «праведнага гневу» на ўлады?

М.Магід: Сапраўды, самы галоўны вынік кароткай прыморскай гэрыльі - масавая пазытыўная рэакцыя насельніцтва на дзеяньні «партызанаў», што пацьвярджаецца апытаньнямі грамадзкай думкі. Гэта ня толькі рэакцыя блогасфэры, гэта шырэйшая масавая рэакцыя.

Прычым, народу фактычна ўсё роўна, ідзе гаворка пра нейкі ідэалягічны супраціў, ці то пра звычайны крымінал: падтрымка тлумачыцца ў першую чаргу нянавісьцю да мянтоў.
Галеча правінцыі, татальная карупцыя, абуральная сацыяльная няроўнасьць...
Некаторыя называюць тое, што адбылося ў Прымор'і «інгушэцізацыяй Расеі». Так, гэта цалкам можна назваць міні-грамадзянскай вайной, улічваючы выкарыстаньне супраць «партызанаў» войскаў і ўжываньне рэпрэсіяў супраць мірнага насельніцтва. У выніку баявікі сталі нацыянальнымі героямі ў вачах значнай часткі грамадзтва.

Чыньнікі масавай незадаволенасьці: стомленасьць народу ад нязьменнай і неабіранай улады, галеча правінцыі, татальная карупцыя, абуральная сацыяльная няроўнасьць (уключаючы, не ў апошнюю чаргу, разрыў ва ўзроўні жыцьця паміж сталіцай і рэгіёнамі), мянтоўскае бязьмежжа, немагчымасьць дамагчыся абароны сваіх інтарэсаў легальнымі мэтадамі, затыканьне ратоў усім нязгодным. Пацьвярджаецца старая праўда - «хто затыкае рот - разьвязвае рукі».

Расея - не Беларусь, яна занадта вялікая і занадта дрэнна кіраваная, у ёй занадта шмат сацыяльных канфліктаў, каб улада магла разруліць сытуацыю простым затыканьнем ратоў.

Наогул, дзіўная справа. Здавалася б, чаму не спыніць катаваньні ў міліцыі і турмах? Павялічыць выдаткі на мэдыцыну і адукацыю, выкарыстоўваючы для гэтага некаторую частку з тых сотняў мільярдаў даляраў, якія атрымлівае дзяржава за кошт продажу нафты і газу? Але расейская дзяржава ня можа і не жадае праводзіць рэформы, хоць і кажа пра іх увесь час. Таму што няма ніякай адзінай дзяржаўнай сыстэмы, а ёсьць мноства карупцыйных пірамідаў па перапіле бабла, і ёсьць некалькі кіраўнікоў, якія знаходзяцца навідавоку і, насамрэч, зьяўляюцца проста стаўленікамі гэтых мафіёзных структураў. Паколькі ніякіх доўгатэрміновых інтарэсаў у гэтых структураў няма, паколькі яны зацікаўленыя толькі ў тым, каб як мага хутчэй, пакуль іх ня зжэрлі, не выпхнулі за мяжу ці не падстрэлілі іншыя бандыты, зьняць вяршкі са сваіх рэгіёнаў і заводаў, пастолькі ў Расеі немагчымыя ніякія стратэгічныя рашэньні, накіраваныя на структурныя пераўтварэньні эканамічнай, сацыяльнай і палітычнай сфэраў.

А гэта, у сваю чаргу, стварае ўмовы для бунтаў і развалу краіны ў будучыні.

Будзімір: Мімаволі ўзьнікае думка - можа быць, беларусам варта задавольвацца тым, што яны маюць, не наракаць на ўладу, не пратэставаць супраць яе, каб ня выйшла яшчэ горш?

М.Магід: Я не магу казаць пра тое, што рабіць і чаго не рабіць беларусам. Але мне здаецца, і ў вас сытуацыя зусім няпростая, а дыктатура душыць магчымасьці для вольнага самавыяўленьня. І яшчэ - грамадзтва не статычнае. Калі нізавое насельніцтва перастае аказваць супраціў уладам, яго становішча паступова пагаршаецца.

Будзімір: Давай зьменім тэму. Ты неяк напісаў у сваім блогу: «У мяне наогул няма ніякай этнічнай ідэнтычнасьці. Зэро. Нуль. Пустата. Проста я, верагодна, жыву ў тым самым сьвеце, што і Франц Кафка, які меркаваў, што ня ведае, што ў яго агульнага з габрэямі, паколькі яму невядома нават тое, што ў яго агульнага з самім сабой». Гэта толькі твой індывідуальны выбар, ці ты мяркуеш, што этнічная ідэнтычнасьць увогуле зьяўляецца для чалавека непатрэбным рудымэнтам накшталт апэндыкса? Як гэта спалучаецца з тваімі сымпатыямі да народаў зь ярка выяўленай этнічнасьцю (самабытнасьцю) - індыйцаў, цыганаў і г.д.?

М.Магід: Я згодны з крытыкай ідэнтычнасьці - ня толькі этнічнай, але і гендэрнай і любой іншай ідэнтычнасьці. Ідэнтычнасьць, атаясьненьне сябе з чымсьці вялікім, і не табой створаным, можа лёгка прывесьці да дыктатуры над асобай, якой навязваюцца цьвёрдыя правілы паводзінаў.
Сьвет у цэлым рухаецца да паступовага сьціраньня этнічнасьці.
Ты павінна сябе паводзіць так, а не іначай, таму што ты жанчына, ты павінен хадзіць у царкву, таму што ты - хрысьціянін, ты павінен рабіць абразаньне, таму што ты - габрэй, ты павінен, павінен, павінен... Мне падабаецца ідэя рызомы - грамадзкіх адносінаў, заснаваных на індывідуальных дамовах, і ідэя плывучых, экспэрымэнтальных ідэнтычнасьцяў, створаных аўтаномнымі групамі людзей самастойна, падчас тых ці іншых сацыяльных ці творчых экспэрымэнтаў.

Мне здаецца, што сьвет у цэлым рухаецца да паступовага сьціраньня этнічнасьці, што асабліва заўважна ў мэгаполісах. Чым далей, тым меней адрозьненьняў паміж Нью-Ёркам, Пэкінам і Бамбеем у тым, што тычыцца арганізацыі жыцьця. Яшчэ аўтары «Дыялектыкі Асьветы», Адорна і Горкгаймэр, іранізавалі з нагоды таго, што розьніца паміж культурамі палягае толькі ў розных мэню на абедах у амбасадах...

І хоць гэты працэс нясе пэўную ўніфікацыю, ён жа адкрывае і дадатковыя магчымасьці для індывідуальнага разьвіцьця, для разьвіцьця асобы, усё меней скаванай умоўнасьцямі этнічнага.

Але, разам з тым, мы ня можам патрабаваць ад чалавека адмовы ад этнічнасьці, калі яна ў яго ёсьць і калі ён шчыра прытрымліваецца тых ці іншых каштоўнасьцяў, якія блізкія яму і дарагія.
Яркія, дзіўныя, нязвыклыя ідэнтычнасьці могуць быць прывабныя.
Кепская ня столькі сама этнічнасьць, колькі жорсткія патрабаваньні, зьвернутыя да чалавека. Калі ідэнтычнасьці плястычныя, калі яны дапушчаюць разнастайныя паводзіны і адкрытыя для вонкавых уплываў, каапэрацыі і/ці сынтэзу зь іншымі ідэнтычнасьцямі, то вялікай бяды ў іх няма. Яркія, дзіўныя, нязвыклыя ідэнтычнасьці могуць быць прывабныя яшчэ і таму, што яны адкрываюць розныя грані чалавечага існаваньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG