Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Янукевіч і Вячорка адказваюць наведнікам “Свабоды”


Старшыня Партыі БНФ і выключаны актывіст Франак Вячорка камэнтуюць выказваньні на форумах нашага сайту.

Франак Вячорка, Андрусь Крэчка, Антон Койпіш і Ўладзімер Малей выключаныя з партыі за «сыстэматычныя дзеяньні, якія ганьбяць гонар і годнасьць сяброў Партыі БНФ».

Такое рашэньне было прынятае на Сойме партыі БНФ 12 чэрвеня.

У віну цяпер ужо былым сябрам партыі ставілася «выкраданьне паролю ад партыйнага сайту», а таксама вынас маёмасьці з офісу.

Сойм таксама абвінаваціў Уладзімера Малея ў тым, што ён празь Мін’юст аспрэчваў рашэньне сойму аб парадку вылучэньня дэлегатаў на пазачарговы зьезд партыі, які прайшоў 29 траўня.

Выключаныя сябры партыі сваёй віны не прызнаюць.

Франак Вячорка
Аляксей Янукевіч


Вячорка: Лепш быць змагаром, чым прыстасаванцам


12: Режиму и делать ничего не придется, Они сами себя съедят :))))))))))

Франак Вячорка: Гэта доўгатэрміновая апэрацыя лукашэнкаўскіх спэцслужбаў па зьнішчэньні апазыцыі. Відавочна, у кожнай палітычнай партыі, у першую чаргу ў БНФ, ёсьць агенты ўплыву, празь якіх яны праводзяць выгодныя палітычныя рашэньні. Пасьля выхаду з войска на мяне напалі з усіх бакоў. З аднаго боку паліваюць брудам штатныя прапагандысты — «Ваенная газэта», БТ, нават вілейская раёнка «Шлях перамогі» прысьвяціла мне пасквіль; зь іншага — мае былыя паплечнікі па БНФ.

Валянцін Голубеў: Я ведаю гэтых людзей толькі з добрага боку. І мой гонар, як сябра БНФ яны не ганьбяць, у адрозненне ад некаторых тых, якія іх выключалі.

Здаецца, што пайшла не толькі грызня, а і паяданне іншадумцаў. Каб «выключальнікі» былі такімі ж мужнымі ў барацьбе, як Франак

Сорамна, што такое робіцца ў БНФ.


Вячорка: І мне сорамна. У сваім выступе на Сойме я сказаў, што няма большай шкоды для іміджу партыі, чым выключэньне каго-кольвек зь яе шэрагаў.

Руды: Даўно было пара. А то знайшлі «змагара» — Франака… Хай цяпер разам з бацькам стварае партыю беспрацоўных.

Вячорка: Лепш быць змагаром, чым прыстасаванцам.

Германович: Партия бездельников или как вы говорите безработных это БНФ. Там мужики, во главе с их лидером, поклялись до конца своей жизни, не устраиваться на работу. Но жить за что-то надо.Вот их и держит Лукашенко для того чтобы показывать на примере что опозиция Лукашенко все бездельники. На этих выборах Лукашенко наберёт ещё больше голосов чем на прошлых. Наш народ хоть и терпимый, но не любит гультаёв.

Вячорка: Бальшыня паважаных мной фронтаўцаў мелі і маюць сталую працу: хто выкладае, хто піша, хто трымае бізнэс, — плоцяць падаткі і пры гэтым выдаткоўваюць свой час, а бывае, і сродкі на грамадзкую дзейнасьць. Асабіста я зарабляю ад 2003 году. Супрацоўнічаў з Радыё Рацыя, Радыё Свабода, БелаПАНам, БелСатам і інш. Тое, што апазыцыя не працуе — стэрэатып, навязаны прапагандай. Іншая справа, што цяжка ўтрымацца на працы, калі ты займаесься грамадзкай дзейнасьцю. Лукашэнка дэмакратычным шляхам не пераможа. Наш народ, хоць і цярпімы, гэтую ўладу не пераварвае. Бальшыня выбаршчыкаў у Мазыры галасавалі за маю кандыдатуру ў першую чаргу таму, што я супраць Лукашэнкі.

Starkman: Наказания без вины не бывает, Франак. Гэта фраза вядома, але табе яшчэ прыдзецца яе ўсвядоміць. Час ёсць. А зараз відаць, што на тое за што ты змагаўся — за 100% незалежнасць ад рашэнняў кіраўніцтва партыі — на тое і напароўся.

Вячорка: З гэтым можна паспрачацца. Беларусы цярпелі пад палякамі, пасьля пад расейцамі, найлепшыя сядзелі ў турмах за права звацца беларусамі, прайшлі Салаўкі і Асьвенцімы, каму менш пашанцавала — навечна спачылі ў Курапатах. За што сядзелі ў турмах маладыя людзі ў 90-я гг.? У чым віна Красоўскага, Ганчара, Захаранкі? За што, у рэшце рэшт, зламалі ключыцу Зьмітру Пармону падчас велапрабегу ў гонар Багдановіча? Чым і каму ён вінаваты?!!

Сёньняшняе кіраўніцтва Партыі БНФ несамастойнае ў сваіх рашэньнях. Гэта можна было бачыць па галасаваньні на Сойме. Я меў неасьцярожнасьць на гэта намякнуць. Гаспадару не спадабалася.

Барада: Палітычная партыя — не сямейны бізнэс ці гурток па інтарэсам з татулінымі сябрамі. Пры ўсёй павазе да дзейнасьці Франака, але ён часта проста правакаваў сёньняшняе кіраўніцтва БНФ на жорсткія рашэньні ў адносінах да сябе. А некаторыя ягоныя дзеяньні аніяк акрамя сабатажу і назваць нельга.


Вячорка: Сьмешна чытаць. Я нядаўна выйшаў з войска, а ўжо пасьпеў столькі натварыць?:) Спачатку мяне, Крэчку і Койпіша абвінавачвалі ў неляяльнасьці да новага кіраўніцтва. Потым Янукевіч закідвае мне стварэньне раскольніцкай арганізацыі. Потым абвінавачваньні становяцца сьмехатворныя: маўляў, я зьнёс зь сядзібы СВАЮ гукавую апаратуру. На Сойме абвінавачваньні рассыпаюцца. У іх стаяла задача выключыць любым чынам, вось і прыдумалі зачэпку. Сапраўдная прычына — ідэйныя разыходжаньні.

Цётка: Ці вы звар’яцелі, ці што? Забыліся, што Франак быў больш за год у войску??? Які сабатаж, якія сябрукі…Хлусня нават малая-ГРЭХ!!!!!!

Бенедзікт: Спадарства, навошта так хвалявацца? Псэўда-БНФ ніколі не быў беларускай змагарнай арганізацыяй. Імітацыя палітычнай дзейнасьці, усё большы ўплыў агэнтуры, зрабілі сваю працу. Хіба ёсьць па каму ліць сьлезы?

Вячорка: БНФ заўжды быў і застаецца найбольш моцнай і ідэйнай палітычнай сілай. БНФ — гэта найперш людзі, аб’яднаныя супольнай мэтай — вольная незалежная Беларусь. Трэба адрозьніваць БНФ і сучаснае кіраўніцтва БНФ. Шараговыя фронтаўцы бачаць і разумеюць, што адбываецца.

ЭТНАКРАТ: Франак, пакайся ды пагадзіся на канструктыўную супрацу з рэжымам! :) І тады Міля дасьць загад сваім халуям ізноў прыняць цябе ва ўлоньне БНФ. Сам жа разумееш, што пераможцаў ня судзяць. А каму даюць лавэ, той і пераможца… Зараз лавэ ў Мілі! А вы ўсе — па-за гульнёй (г. зн. лузеры)!

Вячорка: Вельмі сумняюся, што ў Мілінкевіча ёсьць грошы. Калі б так было, то на сходзе 29-га траўня вылучалі б не Кастусёва, а адразу Мілінкевіча. А так застаецца поле для манэўраў.

Ales: Франак, мы негубляем абрэвіятуры БНФ, бо маем абсалютнае маральнае права на гэта… Ўсе гэтыя кастусевы прышэльцы і нічога датычнага да БЭНЭЭФАЎЦАЎ ня маюць…Таму відаць,робім як Віктар Івашкевіч і ўсе хто ў Менскай гарадской радзе БНФ, далучаемся да выбарчай кампаніі у складзе Андрэя Саннікава…Са сьцягам нашым Бел-Чырвона -Белым, бо ўся барацьба наперадзе..Жыве Беларусь-Жыве БНФ !!!

Вячорка: Жыве Беларусь! Я далучуся да каманды таго кандыдата, які здолее аб’яднаць усе здаровыя сілы дэмакратычнага руху.

Да уж…: Малея исключили потому, что он посмел через Минюст ОБЖАЛОВАТЬ решение партийного органа. И эти люди называют себя демократами. Человек реализовал свое право на обжалование незаконного решения — а они его исключили. Ну что тут скажешь, Янукович, одним словом.

Вячорка:
Малей ня мусіў зьвяртацца ў Мін’юст.

Ігнат: А тут з Януковічам трэба пагадзіца: Вырашаць свае ўнутраные справы з дапамогай акупацыйнай антыбеларускай адміністрацыі неяк не шляхетна.

Вячорка: Маеце рацыю.

Orsha:…Вся неиммитационная деятельность БНФ следующих 12 месяцев будет заключаться в:

1) В выборе Милинкевича единым кандидатом.

2) Объявлении всех кто против Милинкевича и Янукевича пророссийскими кандидатами и объявлении им войны.

3) Исключении из партии:

а) Некоторых членов ревизионной комиссии, осмелившихся критиковать руководство и не согласиться его решением.( Не для того ревизионная комиссия создана что бы контролировать руководство. Не соглашаться с его решением. Она создана для того чтобы контролировать тех кто не согласен с руководством.)
б) Других оппортунистов.
в) И затем ещё других раскольников.
г) И затем ещё других антипартийцев.
д) И затем ещё других, отклоняющихся от линии партии.
е) И затем ещё других, замеченных в шпионаже на Россию.
ё) И за тем ещё других, нарушающих 58 статью устава БНФ.
ж) И затем ещё других, и других и других….


Таццяна: Стая пацукоў робіць сваю брудную разбуральную справу. Вось каб так распраўляліся з рэжымам. Бо метады з рэжымам адны. Але, не могучы большага, пацукі маюць асалоду ад унутранай вайны — пераможцы однако ж.

Ромул: Як па мне, дык заканамернае выключэнне, столькі нарывацца і канфліктаваць, даводзіць стан у партыі да абсурду перад выбарамі. Баршчэўскі і к за справ куды меньшыя выключылі сумна вядомага Міхалевіча


Вячорка: Была каманда выключыць любым чынам. Прыдумаць абвінавачваньні — справа тэхнікі. Да абсурду партыю давёў Янукевіч, калі Менская арганізацыя ў поўным складзе, рэвізійная камісія, рэгіянальныя структуры ня ўдзельнічаюць у зьезьдзе, які мусіць вылучыць кандыдата на прэзыдэнта.

Ананім: Ну, и партия. Ну, и лидеры. Нужно было поднимать всемирный скандал из-за компьютера. Жить годами без работы умудряются, а компьютер купить не могут. Сейчас даже уборщицы, при их зарплате, имеют компьютер. Устройтесь на работу и купите компьютер. И эти обещают дать народу материальное благополучие.

Вячорка: Кампутар — толькі зачэпка

АРТ: Адказаць Франак, ты лепшы,ты добрасумленны, ты той, хто пойдзе да канца. У адрозненне ад кастусёў -рыгораў і інш. Таму трымайся і ведай: перамога бывае толькі за моцнымі духам. Спадзяемся, што ў цябе хопіць мужнасці вытрымаць і гэтае выпрабаванне. Ідзі толькі наперад, і гэтае янукевічашалупінне развее бы ветрам. Перамога ўсё роўна будзе за табою.

з пашанаю -твае сябры

Вячорка: Дзякуй, сябры!


Янукевіч: «Спадар Віктар зрабіў вялікую памылку»


Starkman: ..я па-ранейшаму адчуваю правільнасць рашэння нядаўняга з’езду БНФ, на якім кіраўніком гэтай партыі стаў Аляксей Янукевіч. Я вельмі спадзяюсь, Аляксей, што вы знойдзеце дастаткова аргументаў на хуткім паседжанні БНБ, каб у выніку спадар Кастусёў стаў адзіным кандыдатам ад гэтага блоку — блоку нацыянальна-дэмакратычных сілаў краіны. Выступ Вінцука Вячоркі разчараваў, бо адзін з заснавальнікаў партыі не можа не ведаць, што такое два кандыдата ад адной партыі ва ўмовах лукашызма + робіць выгляд, што не заўважае рашэнне мінулага З’езду, на якім кандыдат абраны. Паспрабую прадказаць, што сёння скончылася бэнээфаўская эпапея Віктара Івашкевіча.

P.S. На маю думку, «дзеці Зянона» — бацькі-заснавальнікі БНФ — таксама ў незваротным мінулым. Разам з Зянонам.

Янукевіч: «Дзякуй за Вашую падтрымку! Што тычыцца кандыдата ад БНБ — перадусім важна дамагчыся, каб былі дасягнутыя канчатковыя дамоўленасьці аб працэдуры вызначэньня адзінага кандыдата. Дзеля гэтага кіраўніцтва партыі зараз працуе вельмі актыўна. А пасьля вызначэньня працэдуры — сапраўды важна будзе і аргуманты прыводзіць, і арганізацыйна ўсёй партыі працаваць дзеля таго, каб кандыдат Партыі БНФ, вызначаны зьездам партыі — Рыгор Кастусёў — стаўся адзіным кандыдатам».

Андрей: Ивашкевич рассудил верно. Предложение Вечорки об объединении инициативных групп вполне пригодно и для пары претендентов Борщевский—Санников. Умным людям есть что объединять и нечего скрывать друг от друга. А вот политическая роль соратников Янукевича нелепа.

Янукевіч: «Спадар Віктар зрабіў вялікую памылку. Першы раз, калі вырашыў працаваць не на кандыдата Партыі БНФ, а на іншую асобу. Другі раз — калі вырашыў, што ў сп. Вінцука Вячоркі атрымаецца рэальна раскалоць Партыю і перастануць існаваць такія паняцьці, як партыйныя інтарэсы, партыйная салідарнасьць, партыйны кандыдат і г.д., і адыход да Саньнікава ня будзе выглядаць недарэчна. Аднак на Сойме менавіта кіраўнікі рэгіянальных структураў Партыі найбольш рэзка асудзілі рашэньне сп. Івашкевіча, што найлепшым чынам дэманструе — Партыя БНФ застаецца адзінай.

Я лічу, што сумленна будзе ў такой сытуацыі сп. Віктару пайсьці ў адстаўку з пасады кіраўніка Менскай гарадзкой арганізацыі. Пры гэтым хачу адзначыць: я паважаю сп. Віктара за шчырасьць і адкрытасьць.

Што да магчымых перамоваў паміж сп. Баршчэўскім і сп. Саньнікавым — калі ім абодвум будзе цікава, яны могуць сустракацца, натуральна. Гэта іх справы, і гэта ніякім чынам не ўплывае на стратэгію Партыі БНФ і на дзеяньні іншых сябраў партыі, апроч сп. Баршчэўскага».

Zianonawiec: Пазыцыя КХП-БНФ : " Пасярод гэтакіх сюжэтаў працягваецца «выбарчы марафон». Падобна, што гэтым разам сваіх «кандыдатаў у прэзыдэнты» вырашылі выставіць усе (ад «жука да жабы»). З псэўда-БНФ кінуты пасіянарны лёзунг «Са Шклова прышла бяда, Шклоў яе і ліквідуе!» і прадстаўлена пад гэта зусім невядомая нікому шклоўская асоба. «Левыя» у сваю чаргу ўжо лепяць сваю прэзыдэнцкую электаральную фігуру. Яшчэ рак на гары ня сьвіснуў, а гэтая публіка ўжо даволі грунтоўна затлуміла галаву людзям, якія хаця б крыху цікавяцца палітычнымі справамі. Гэта і ёсьць іхная сапраўдная функцыя, за якую іх утрымлівае на плаву антынародны рэжым. Нудны, нястройны хор з фальшывых галасоў выводзіць сваю даўно знаёмую ўсім песьню…«

Янукевіч: Насамрэч, усім даўно знаёмая песьня — гэта стогн ад КХП пра вечны байкот. Тэма байкоту абмяркоўвалася неаднаразова. Байкот магчымы толькі ў краіне, дзе сумленна лічаць тых, хто прагаласаваў. У беларускіх умовах адсутнасьць людзей на ўчастках не стварае Лукашэнку абсалютна ніякіх праблемаў. Больш за тое, на вуліцу людзей можа вывесьці толькі моцнае абурэньне, якое можа стацца перадусім вынікам фальшаваньня іх выбару. Ня выключана, што дэмакратычныя сілы ці прынамсі Партыя БНФ вымушаныя будуць схіліцца да байкоту гэтых выбараў, але гэта слабейшая пазыцыя, зь якой цяжэй арганізаваць акцыі пратэсту.

Альберт: Минюсту пора ликвидировать так званую Партию БНФ! Ведь если проверить, то с трудом наберётся 500 чел.партийцев. Так какая это партия, это секта БНФ. Однако Минюст не трогает БНФ ради демократии. И вообще Партия БНФ — это партия неудачников. И куда они лезут на выборы! Да без Вас господа-националисты выберут достойного Президента! А Вам БНФ никогда не быть у власти. Вы будете как обычно у разбитого корыта!

Янукевіч: Паверце, Мін’юст правярае рэгулярна. І калі б толькі знайшоў падставы — даўно ліквідаваў бы Партыю БНФ. Мы былі і застаемся самай масавай і разгалінаванай партыяй з усіх дэмакратычных, нягледзячы на тое, што Мін’юстам зьнішчаныя дзясяткі нашых рэгіянальных структураў.

Нацыянальна-дэмакратычныя сілы на чале з Партыяй БНФ карыстаюцца падтрымкай значнай часткі беларусаў і застаюцца адзінай альтэрнатывай Лукашэнку. Так, ён здолеў нанесьці нацыянальным сілам некалькі балючых удараў цягам свайго кіраваньня, але ня здолеў зьнішчыць. І ніколі ня здолее. Час, калі ў краіне будзе сапраўды беларуская ўлада, якая будзе абараняць нацыянальныя інтарэсы, непазьбежна набліжаецца. Хоць зьмена ўлады і не адбудзецца ўжо заўтра, але прыйдзе і наш час.

АРТ: Таксама знайшлі кандыдата- Кастусёва! Больш недарэчнага рашэння і ўявіць нельга! Спачатку Янукевіч, потым Кастусёў…Хто далей?Мілінкевіч! А ў выніку- Лукашэнка. Вось і ўся мэта гэтай групы, што прыйшла да ўлады ў БНФ. Навошта тады гэты шум, выключэнні-перавыключэнні? Нехта не згодны з Янукевічам? Значыць, яго прэч?! А можа, прэч аднаго Янукевіча?Няхай бяжыць да ўсенароднага бацькі.Бо паслужыў яму ўжо ладненька-зганьбіў партыю.

Янукевіч: Рыгор Кастусёў — выдатны кандыдат! Мае добры жыцьцёвы досьвед, як працоўны, так і палітычны. Мае здольнасьць пераконваць людзей і гуртаваць іх вакол сябе, мае бездакорную рэпутацыю як чалавек, як палітык і як мэнэджэр-гаспадарнік. Рыгор Кастусёў мае добрую сям’ю. Ён — сапраўдны беларускі нацыянальны кандыдат.

Вынікі нашай працы падвядзе зьезд партыі ў 2011 годзе. Аднак перакананы, што яны будуць лепшымі, чым вынікі кіраваньня папярэдняй каманды ад 1999 году. За ўвесь час свайго кіраваньня яны ня вылучылі нават намінальнага кандыдата ў прэзыдэнты. Домаш, на якога партыя працавала ў 2001 годзе, зьнік з палітыкі, а Мілінкевіча, на якога працавала партыя ў 2006 годзе, мінулае кіраўніцтва абвясьціла галоўным ворагам Фронту. А ў выніку, як Вы кажаце, — Лукашэнка.

Андрусь Крэчка: «Мне гэты Сойм нагадаў беларускі суд»


Андрэй Крэчка
Кіраўнік Моладзі БНФ камэнтуе вынікі Сойму Партыі БНФ, які прайшоў 12 чэрвеня.

«Я расцэньваю выключэньне мяне, Койпіша і Вячоркі як рэпрэсіі з боку кіраўніцтва Партыі БНФ, Аляксея Янукевіча і ягонай каманды. Яны даўно рыхтаваліся і шукалі падставы для гэтага выключэньня. Яны іх знайшлі. Галоўная падстава выключыць мяне — я вынес кампутар Франка зь сядзібы. Падстава для выключэньня Койпіша — ён ладзіць бойкі на сядзібе. Яны прамаўчалі пра тое, што ён адбіваецца, калі яго выганяюць зь сядзібы. Усе нашыя аргумэнты ігнараваліся. Нас выключылі.

Адметна, што ў Сойме пасьля верасьнёўскага зьезду, калі абралі цяперашняе кіраўніцтва, большасьць чальцоў — гэта сябры руху „За свабоду“. Гэта ім выгодна, бо менавіта гэтыя тры чалавекі актыўна не падтрымліваюць Аляксандра Мілінкевіча і не падтрымліваюць палітыку Янукевіча што да Мілінкевіча. Я ўпэўнены, што Кастусёў, кандыдат ад Партыі БНФ на маючых адбыцца прэзыдэнцкіх выбарах, у хуткім часе здымецца менавіта пад рух „За свабоду“. Я хачу памыляцца, але, на жаль, гэта так. Таму яны проста выкідаюць з партыі сваіх апанэнтаў. Робяць абсалютна так, як гэта робіць Лукашэнка. Мне гэты Сойм нагадаў беларускі суд: бачна, што ты не вінаваты, але твае аргумэнты не прымаюцца. Але мы не зьбіраемся спыняць сваю працу. Мы будзем працаваць у межах Моладзі БНФ. З Моладзі БНФ нас ня выключылі і выключаць не зьбіраюцца. Будзем ладзіць акцыі, будзем працаваць у палітычным кірунку».

Журналістам «Свабоды» пакуль не ўдалося зьвязацца з Антонам Койпішам і Ўладзімерам Малеем, каб даведацца іхныя меркаваньні пра тое, што іх выключылі з шэрагаў Партыі БНФ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG