Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Найбольш донараў у высока разьвітых краінах


Паводле справаздачы Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя, 65% з агульнай колькасьці каля 85 мільёнаў выпадкаў здачы крыві на сьвеце адбываецца у высокаразьвітых краінах, у якіх жыве ўсяго 25% насельніцтва зямнога шару.

У 73 краінах донары крыві не перавышаюць 1% насельніцтва краіны (гэта значыць, мінімуму, каб забясьпечыць асноўныя патрэбы ў крыві ў дадзенай краіне).

У 41 краіне сьвету пры здачы крыві не праводзілі аднаго або і болей тэстаў зь ліку чатырох асноўных тэстаў на выкрываньне заражэньняў, якія пераносяцца пры пераліваньні крыві: ВІЧ, гепатыт Б, гепатыт Ц, сыфіліс.

Гэтыя дадзеныя паходзяць са справаздачы Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя з 2007 году, самага апошняга зводу інфармацыі пра бясьпеку і даступнасьць донарства крыві ў сусьветным маштабе.

У сусьветнай практыцы здачы крыві існуюць тры тыпы донарства: добраахвотнае, бясплатнае донарства; сямейнае/заменнае донарства (кроў здаюць сямейнікі або знаёмыя пацыента, які патрабуе трансфузіі); платнае донарства.

Паводле справаздачы Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя, дабраахвотныя, неаплочваныя донары забясьпечваюць 100% патрэбаў у крыві ў 57 краінах сьвету.

У Беларусі, паводле дадзеных Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру гематалёгіі і трансфузіялёгіі, у 2009 годзе было больш за 94 тысячы донараў крыві.

Беларускія донары за здачу крыві атрымліваюць кампэнсацыю за два дні вызваленьня ад працы. За здадзеныя 475 мл крыві, 25 зь якіх ідуць на аналізы, донар атрымлівае дзьве базавыя велічыні (цяпер гэта 70 тысяч рублёў). У выпадку калі яго штодзённы заробак вышэйшы, яму даплачваюць розьніцу пры падаваньні даведкі з бухгальтэрыі. У дзень здачы крыві донар вызваляецца ад працы, другі дзень, як правіла, дадаюць да адпачынку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG