Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўскіх донараў пазбаўляюць бясплатнага праезду ў гарадзкім транспарце. Гэтай ільготай яны карысталіся два з паловай гады. Скасаваць палёгку пастанавіў новаабраны гарсавет, спасылаючыся на новы закон аб мясцовым самакіраваньні. Згодна зь ім, саветы ня маюць права надаваць ільготы.



Карыстацца льготным праездам магілёўскія донары могуць толькі да першага ліпеня:

"Рашэньне прынятае ў прынцыпе на сэсіі. Прынялі яго ў сувязі з новым законам аб мясцовым кіраваньні й самакіраваньні. Ён не дае цяпер такіх правоў — даваць ільготы на праезд. Ён уступае ў сілу з 20 ліпеня, і таму ўсе органы й арганізацыі прыводзяць свае рашэньні ў адпаведнасьць з законам", паведаміў спэцыяліст гарсавету.

Магілёўскія донары дамагліся бясплатнага праезду ў гарадзкім транспарце сваімі пратэстамі. У чэрвені 2007 году частка актыўных донараў праводзіла тыднёвы страйк. Потым былі скаргі ў структуры выканаўчай улады, а таксама дэпутатам гарсавету ды палаты прадстаўнікоў. Урэшце ў сьнежні 2007 году бясплатны праезд вярнулі. І вось цяпер зноў адбіраюць.

У Магілёве 3503 ганаровыя донары. 340 зь іх карыстаюцца бясплатным праездам. Гэтая ільгота абыходзіцца гарадзкому бюджэту ў 10 мільёнаў 200 тысяч рублёў. Пакуль ня ўсе донары-ільготнікі ведаюць пра дэпутацкае рашэньне. Тыя, хто навіну пачуў, рэагуюць надзвычай раздражнёна:
Зьдзекуюцца з нас. То дадуць, то адбяруць ...

"Зьдзекуюцца з нас. То дадуць, то адбяруць. Непрыгожа. Калі праязны даюць, дык нават прыемныя самі адносіны. "Вам даюць бясплатны праезд?" — "Так, нам даюць бясплатны праезд. А што ж мы — дзьве малочныя флягі крыві здалі. Чаму б не пакарыстацца бясплатным праязным ад дзяржавы?" Ільготы засталіся — адпачынак у любы час ды бальнічны стопрацэнтны зь першага дня. І ўсё. Зубапратэзаваньне адабралі. Пяцьдзясят працэнтаў аплаты лекаў адабралі", абураецца ганаровая донарка з 24-гадовым стажам Тамара.

У спадарыні Тамары пытаюся, ці шмат моладзі ходзіць цяпер здаваць кроў. Не, адказвае. І наагул донарства непапулярнае ў народзе, зазначае донарка:

"Вось як раней студэнты шмат здавалі. Я ж і сама вучылася. Цяперача такі сярэдні век пераважае. Я колькі агітавала: "Давайце, далучайцеся, і для здароўя карысна, і людзям дапамога". З майго калектыву ходзяць толькі, здаецца, тры чалавекі".

Падчас донарскіх забурэньняў у 2007 годзе ўлады абяцалі прапагандаваць донарства ў грамадзтве. Абяцалі й падтрымку з боку грамадзкіх прадзяржаўных арганізацыяў. На непрацяглы час у Магілёве зьявіліся бігборды з заклікам здаваць кроў. Цяпер іх няма.

Сёньня, ва Ўсясьветны дзень донараў, толькі актывісты дабрачыннай няўрадавай арганізацыі "Кропля жыцьця" і грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду" прыйшлі зранку да станцыі пераліваньня крыві, каб павіншаваць донараў зь іхнім сьвятам.

***

Паводле справаздачы Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя, 65% з агульнай колькасьці каля 85 мільёнаў выпадкаў здачы крыві на сьвеце адбываецца у высокаразьвітых краінах, у якіх жыве ўсяго 25% насельніцтва зямнога шару. У 73 краінах донары крыві не перавышаюць 1% насельніцтва краіны (гэта значыць, мінімуму, каб забясьпечыць асноўныя патрэбы ў крыві ў дадзенай краіне).

У 41 краіне сьвету пры здачы крыві не праводзілі аднаго або і болей тэстаў зь ліку чатырох асноўных тэстаў на выкрываньне заражэньняў, якія пераносяцца пры пераліваньні крыві: ВІЧ, гепатыт Б, гепатыт Ц, сыфіліс. Гэтыя дадзеныя паходзяць са справаздачы Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя з 2007 году, самага апошняга зводу інфармацыі пра бясьпеку і даступнасьць донарства крыві ў сусьветным маштабе. У сусьветнай практыцы здачы крыві існуюць тры тыпы донарства: добраахвотнае, бясплатнае донарства; сямейнае/заменнае донарства (кроў здаюць сямейнікі або знаёмыя пацыента, які патрабуе трансфузіі); платнае донарства.

Паводле справаздачы Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя, дабраахвотныя, неаплочваныя донары забясьпечваюць 100% патрэбаў у крыві ў 57 краінах сьвету. У Беларусі, паводле дадзеных Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру гематалёгіі і трансфузіялёгіі, у 2009 годзе было больш за 94 тысячы донараў крыві. Беларускія донары за здачу крыві атрымліваюць кампэнсацыю за два дні вызваленьня ад працы. За здадзеныя 475 мл крыві, 25 зь якіх ідуць на аналізы, донар атрымлівае дзьве базавыя велічыні (цяпер гэта 70 тысяч рублёў). У выпадку калі яго штодзённы заробак вышэйшы, яму даплачваюць розьніцу пры падаваньні даведкі з бухгальтэрыі. У дзень здачы крыві донар вызваляецца ад працы, другі дзень, як правіла, дадаюць да адпачынку.
XS
SM
MD
LG