Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хадзіце на чэмпіянат Беларусі!


Гэтыя дудкі-вувузэлы рэальна пачынаюць даставаць. Скончыцца ўсё можа тым, што тэлевізійныя рэйтынгі матчаў чэмпіянату сьвету ўпадуць. А гэта ня ёсьць гуд для футбольнага маркетынгу.


Дудкі на футболе – паказчык прымітыўнасьці мысьленьня. То бок чалавек здольны толькі на тое, каб дудзець, а не, напрыклад, сьпяваць песьню ці проста скандаваць назву сваёй каманды. Шмат хто зь неабазнаных людзей чамусьці трывала атаясамлівае футбольнага заўзятара з дудкай. Відаць, гэта вытворцы гэтых самых дудак імкнуцца як мага болей тавару прадаць, таму і стараюцца прывіць заўзятарам "дудачную культуру". Я прашу ўсіх людзей, якія наведваюць ці зьбіраюцца калі-небудзь пайсьці на футбол: не бярыце на стадыён дудку! Лепей набудзьце майку сваёй каманды ці шалік, зрабіце плякат ці вывучыце песьню.

Прадстаўнікі аргкамітэту чэмпіянату сьвету ўжо раздумваюць наконт магчымай забароны выкарыстаньня дудак-вувузэлаў падчас футбольных матчаў. Дудзеньне замінае і футбалістам, і заўзятарам. Добра дацкаму трэнэру Мортэну Ольсэну: ён проста можа на час матчу адключыць слыхавыя апараты…

У нядзелю я быў на выдатным футболе бяз дудак. Гэта быў матч чэмпіянату Беларусі, гулялі "Дынама-Менск" і гарадзенскі "Нёман". Я ўбачыў характар і прагу да перамогі, я ня чуў ніводнай дудкі. Фанацкія сэктары сьпявалі, простыя заўзятары падтрымлівалі фанаў, як маглі. "Нёман" бараніў нічыю, а "Дынама" да самага фінальнага сьвістку спрабавала затаўчы пераможны гол, арганізаваўшы сапраўдны артабстрэл варотаў гарадзенскага галкіпэра Астапенкі. Калі заканчвалася 5-я хвіліна кампэнсаванага часу, менчукі нарэшце забілі! Некаторыя журналісты, якія не хаваюць сваіх сымпатыяў да менскага "Дынама", ад радасьці ледзьве не разбамбілі ложу прэсы. Быў сярод іх і я.

А вечаровы матч Нямеччына – Аўстралія стаў першай сур'ёзнай дэманстрацыяй сілы на чэмпіянаце сьвету. Бундэс-машына проста раздушыла аўстралійцаў. Сур'ёзная каманда ў немцаў, шматнацыянальная і сур'ёзная. Прэтэндэнты, адназначна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG