Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля «партызанскай вайны» супраць міліцыянтаў у Прымор'і стала вядома пра чарговыя напады на супрацоўнікаў міліцыі ў Расеі: у Пермскай і Ноўгарадзкай вобласьцях.

Двое міліцыянтаў былі цяжка параненыя пры нападзе на патруль ДПС у Ноўгарадзкай вобласьці ў ноч на суботу. Як паведамляецца, міліцыянты атрымалі раны пры спробе затрыманьня злачынцаў. Стан пацярпелых – аднаму зь якіх 23, а другому 30 гадоў – цяжкі. Адзін паранены ў галаву, другі ў сьцягно. Ужыты плян перахопу «Вулкан», аднак падазраваных не затрымалі.

Тае ж начы напад на стацыянарны пост ДПС быў зьдзейсьнены ў Пермскім краі на трасе Перм-Екацерынбург. Быў узарваны аўтамабіль ДПС, загінуў супрацоўнік міліцыі. Нападнікаў было 5 альбо 6 чалавек, яны завалодалі аўтаматам Калашнікава і пісталетам Макарава. У вобласьці абвешчаная апэрацыя «Вулкан-3».

У Прымор'і апошнімі днямі буйныя сілы спецпадпадразьдзяленьняў былі кінутыя на паімку так званых «лясных братоў», якія забілі некалькіх міліцыянтаў. У часе спэцапрацыі ў цэнтры Ўсурыйска былі забітыя два члены групоўкі. Пазьней было абвешчана, што яны застрэліліся. Яшчэ двое «партызан» затрыманыя, двое здаліся добраахвотна.

11 чэрвеня прыморсікя СМІ паведамілі, што адзін з затрыманых -- Максім Кірылаў – ад цяжкіх траўмаў памер. Потым гэтая інфармацыя была абвергнутая, і паведамлена, што Кірылаў жывы і знаходзіцца ў шпіталі.

Становяцца вядомымі новыя падрабязнасьці пра “прыморскіх партызанаў”, якія абвясьцілі вайну міліцыянтам. Андрэй Сухарада – адзін з тых, хто нібыта застрэліўся – шэсьць гадоў таму, ва ўзросьце 16 гадоў разам зь сястрой дабраўся аўтастопам да Масквы, каб займацца палітычнай дзейнасьцю – як ён яе разумеў. Ён штурмам браў штаб «Адзінай Расеі». Свайго паплечніка пазналі па фотаздымках былыя актывісты забароненай нацыянал-бальшавісцкай партыі.


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG