Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АДКБ будзе вырашаць, як рэагаваць на падзеі ў Кіргізстане


Ош 12 чэрвеня

Ош 12 чэрвеня

Расея адмовіла ўраду Кіргізстану ў аказаньні ваеннай дапамогі для вырашэньня канфлікту. Беларускі МЗС заклікае да разьвязаньня крызысу мірнымі сродкамі.

Беларускі МЗС заклікае спыніць гвалт у Кіргізстане.

У камэнтары начальніка ўпраўленьня інфармацыі – прэс-сакратара МЗС Андрэя Савіных гаворыцца: «Беларускі бок з заклапочанасьцю назірае за эскаляцыяй канфліктнай сытуацыі ў Кіргізстане, ахвярамі якой сталі дзясяткі невінаватых людзей, сотні былі параненыя».

Беларусь заклікала ўлады Кіргізстану да хутчэйшага разьвязаньня крызысу мірнымі сродкамі.

11-12 чэрвеня ў выніку сутыкненьняў паміж кіргізамі і ўзбэкамі на поўдні Кіргізстану ў Оскай і Джалал-Абадзкай вобласьцях загінулі дзясяткі чалавек. 13 чэрвеня колькасьць ахвяраў узрасла да 82. У Джалал-Абадзе ў ноч на нядзелю працягваліся забурэньні, у Ошы ідзе эвакуацыя жанчын і дзяцей з кварталаў з этнічна мяшаным насельніцтвам, дзе сытуацыя найбольш складаная.

Расея ў суботу адмовіла ўраду Кіргізстану ў аказаньні ваеннай дапамогі для вырашэньня канфлікту. Напярэдадні кіраўніца часовага ўраду краіны Роза Атунбаева паведаміла, што ўлады не даюць рады сытуацыі ў краіне і маюць патрэбу ва ўводзе войскаў для стабілізацыі становішча.

Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Натальля Цімакова, камэнтуючы магчымасьць накіраваць у Кіргізію міратворчых сілаў АДКБ, зазначыла, што такое рашэньне можа быць прынятае толькі ў адпаведнасьці са статутам ААН і пасьля кансультацыяў з усімі ўдзельнікамі гэтай арганізацыі. «Дзьмітры Мядзьведзеў, як старшыня Савета сілаў калектыўнай бясьпекі краінаў-удзельніц арганізацыі, даручыў правесьці ў панядзелак кансультацыі сакратароў Савета бясьпекі дзяржаваў АДКБ для выпрацоўкі калектыўных захадаў рэагаваньня», -- сказала Цімакова.

Месяц таму, 8 траўня Аляксандар Лукашэнка прывёз на нефармальны саміт лідэраў краін-удзельніц АДКБ у Маскву заяву Курманбека Бакіева, у якой той заклікаў увесьці ў Кіргізстан вайсковы кантынгент. Гэтую прапанову ўдзельнікі паседжаньня адпрэчылі.

Замест яе была прынятая заява кіраўнікоў дзяржаў-членаў Арганізацыі Дамовы пра калектыўную бясьпеку, у якой падзеі ў Кіргізстане, «якія прывялі да неканстытуцыйнай змены ўлады», разглядаюцца членамі АДКБ як "унутраная справа" гэтай краіны.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG