Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўскія каталікі ўшанавалі нябеснага апекуна гораду


Абраз сьвятога Антонія Падуанскага

Абраз сьвятога Антонія Падуанскага

Сёньня ў Магілёве мясцовыя каталікі ўшанавалі нябеснага заступніка гораду Сьвятога Антонія Падуанскага. Урачыстая імша адбылася ў магілёўскім Задняпроўі на пляцоўцы, дзе будуецца новы касьцёл у гонар апекуна.

Хвалу сьвятому Антонію прышлі аддаць каля сотні вернікаў. Дружнай грамадой яны прайшлі хросным ходам вакол будучага храма.

Сьвятога Антонія Падуанскага магілёўскія каталікі прымаюць за апекуна Магілёва ад канца XVI стагодзьдзя. Ягоны цудатворны абраз у горад прынесьлі францысканскія прапаведнікі.

Ксёндз Андрэй Далянскі
“Сьвятога Антонія мы называем рыцарам слова, рыцарам мовы. Няхай сьвяты Антоні будзе заступнікам нашай мовы, бо сёньня гэта вялікая праблема. Людзі насамрэч не шануюць сваёй мовы. Вельмі часта ўжываюць дрэнныя словы. Гэтымі словамі мы зьневажаем сябе і іншых людзей. Гледзячы на сьвятога Антонія зьвяртаемся да ўсіх бацькоў: “Няхай нашыя дамы будуць поўныя слоў цяплыні, любові, дабрыні”, казаў у сваёй прамове ксёндз Андрэй Далянскі.

У першай палове XVII стагодзьдзя ў Магілёве адбілі мэдальён, з аднаго боку якога была выява абраза Маці Божай Бялыніцкай, а з другога — Сьвятога Антонія. На мэдальёне быў надпіс: “Сьвяты Антоні Магілёўскі, маліся за нас”.

Сьвятога Антонія шануюць ня толькі каталікі, але і праваслаўныя. У Магілёве ў яго гонар цягам двухсот гадоў ладзіліся хросныя хады па вуліцы Віленскай -- ад касьцёлу сьвятога Станіслава да капліцы Сьвятога Антонія, што на польскіх могілках. Іх правядзеньне перарвалася за савецкім часам. У пачатку 90-х гг. традыцыю аднавілі. Апошні раз хросны ход праходзіў у 2002 годзе. У 2008 годзе каталікі спрабавалі зноў аднавіць традыцыю, аднак гарвыканкам абавязаў іх аплаціць паслугі міліцыі, мэдычнай дапамогі, камунальнікаў. Вернікі адмовіліся. Набажэнства адбылося без хроснага ходу ля капліцы сьвятога Антонія. Два апошнія гады ўрачыстай імшой і хросным ходам ушаноўваць нябеснага заступніка Магілёва на пляцоўцы, дзе будуецца другая каталіцкая сьвятыня ў горадзе.

Сьвяты Антоні лічыцца заступнікам Лісабону й Падуі. У гэтым італьянскім горадзе знаходзіцца Базыліка сьвятога Антонія. У гонар каталіцкага сьвятога названы горад у ЗША – Сан-Антонія.

Хвалу нябеснаму заступніку Магілёва аддаюць мясцовыя каталікі рознага ўзросту

Хросны ход у гонар сьвятога Антонія вакол будучага храма


XS
SM
MD
LG