Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭКА: закон будзе, узроставых абмежаваньняў — не


Днямі ў інтэрнэце зьявілася інфармацыя, якая літаральна ўскалыхнула беларускае грамадзтва — што, маўляў, у Беларусі хочуць забараніць жанчынам рабіць штучнае апладненьне пасьля 40 гадоў.

У стадыі канчатковага зацьвярджэньня знаходзіцца праект закону «Аб выкарыстаньні дапаможных рэпрадуктыўных тэхналёгіяў», і адзін з пунктаў — забараніць праводзіць працэдуру ЭКА (экстракарпаральнага апладненьня) жанчынам пасьля 40 гадоў. То бок заканадаўцы пазбаўляюць апошняга шанцу стаць маці бясплодную жанчыну пасьля 40 шляхам штучнага апладненьня. Ці так гэта на самой справе?

Сапраўды, у Палаце прадстаўнікоў у стадыі распрацоўкі знаходзіцца закон аб выкарыстаньні дапаможных рэпрадуктыўных тэхналёгіяў. Распавядае адзін зь сябраў працоўнай групы па распрацоўцы праекту закона:

«Створана працоўная група. Туды ўключаны спэцыялісты, якія займаюцца ЭКА, галоўны акушэр-гінэколяг, юрысты, два парлямэнтары (Шылава і Вялічка), і мы літаральна па словах распрацоўваем гэты праект закону. Натуральна, у працэсе абмеркаваньня ў нас узьнікаюць па кожным артыкуле дыскусіі, спрачаемся, прыходзім да кансэнсусу. Было толькі два паседжаньні працоўнай групы. І самога праекту закона пакуль няма. Гаварыць яшчэ рана».
Было толькі два паседжаньні працоўнай групы. І самога праекту закона пакуль няма.


Заўважу, у працоўную групу ўваходзяць толькі два дэпутаты (Сьвятлана Шылава да абраньня ў парлямэнт была галоўным акушэрам-гінэколягам Мінздраву), і вельмі аўтарытэтныя адмыслоўцы з цэнтраў «Маці і дзіця», «ЭКА», «Эмбрыё».

Галоўны акушэр-гінеколяг Міністэрства аховы здароўя Аляксандар Барсукоў: «Так, ідзе дыскусія, уносяцца папраўкі, зьмены, гэта ўсё будзе яшчэ разглядацца юрыстамі, судом, праваслаўная царква захацела паўдзельнічаць у абмеркаваньні. Старшыня камісіі — Сьвятлана Дзьмітрыеўна Шылава. І яна будзе прадстаўляць канчатковы варыянт на слуханьнях у парлямэнце. А бегчы наперадзе паровозу, я лічу, яшчэ заўчасна».

Такім чынам, праца толькі пачалася, і раней за веснавую сэсію 2011 году праект ня будзе вынесены на абмеркаваньне.

І ўсё ж — адкуль такая інфармацыя пра абмежаваньне ўзросту?

Пытаньне рубам Аляксандру Барсукову.

«Я ня ведаю, адкуль гэта ўзялося — пасьля 40 гадоў. Ідзе абмеркаваньне праекту закону. Усё гэта прапрацоўваецца з улікам адмыслоўцаў, з маім удзелам. Гэта ідэя Сьвятланы Дзьмітрыеўны Шылавай — забараніць пасьля 45 гадоў. Матывуе яна тым, што 45 — гэта ўзрост, калі ужо ёсьць захворваньні, і гэта можа прывесьці да пагаршэньня стану здароўя жанчыны. Я, напрыклад, супраць узроставага абмежаваньня. Але гэта яшчэ не канчатковы варыянт. Я лічу, што ўзрост наагул ня трэба ў закон уключаць. Гэта можна ўнесьці ў паказаньні і супрацьпаказаньні. То бок гэта наагул яшчэ заўчасна абмяркоўваць».

Другі сябра працоўнай групы, спэцыяліст у галіне ЭКА, пацьвярджае гэта:

«Тое, што я прачытаў у інтэрнэце 7 чэрвеня — ня ведаю, хто гэтую інфармацыю кінуў, але „чуў звон, але ня ведаў, дзе ён“. Пытаньне пра ўзрост дыскутавалася, але не вялася гаворка пра 40 гадоў, як пішуць. А ішла гаворка пра 45 гадоў. І для гэтага ёсьць пэўнае мэдычнае абгрунтаваньне. Плюсы — магчымасьць дапамагчы чалавеку. І мінусы — пэўныя рызыкі».

У Беларусі сёньня каля 10 тысяч жанчынаў і 2 тысячы мужчын, якія з-за праблем са здароўем ня могуць мець дзяцей. 15% сужэнскіх пар — бясплодныя. Гэта ўсяго толькі афіцыйная статыстыка. Насамрэч, іх больш, бо многія проста хаваюць сваю бяду, лечацца ананімна.

Працэдуру ЭКА выконваюць у дзяржаўным аддзяленьні рэпрадуктыўных тэхналёгіяў на базе Навукова-практычнага цэнтру «Маці і дзіця», у двух камэрцыйных цэнтрах — «ЭКО» і «Эмбрыё», а таксама ў Гомелі. Прычым, даволі пасьпяхова, кажа Аляксандар Барсукоў:

У нас у цэнтрах вельмі высокая эфэктыўнасьць: да 40-45%. А сярэднестатыстычныя ўсясьветныя — 30-35%.
«У нас у цэнтрах — і дзяржаўным, і ў камэрцыйных — вельмі высокая эфэктыўнасьць: да 40-45%. А сярэднестатыстычныя ўсясьветныя — 30-35%. Так, дастаткова эфэктыўна. Але гэта мэтад, калі іншыя спосабы дапамагчы пары, каб мець генэтычна сваё дзіцё, вычарпаныя».

Але працэдура гэтая ня танная. Кошты ў Беларусі вагаюцца ад 6 да 8 мільёнаў рублёў за адзін сэанс. Верагоднасьць зацяжарыць з першай спробы складае каля 40%, таму працэдуру даводзіцца паўтараць двойчы, а то і тройчы. Ці будзе прадугледжана ў законе магчымасьць бясплатнага правядзеньня ЭКА? Сябра працоўнай групы кажа:

«Бясплатнасьць альбо платнасьць — гэта ў рамкі закону не ўваходзіць. Гэта рэгулюецца падзаконнымі актамі. Рашэньнем страхавых кампаній, абавязковым альбо не абавязковым мэдычным страхаваньнем».

Галоўны акушэр-гінэколяг Аляксандар Барсукоў тлумачыць:

«Ні ў адной краіне няма бясплатнага ЭКА. Ва ўсіх краінах гэта альбо страхавыя кампаніі альбо арганізацыі, якія выдаюць бонусы сем’ям у падтрымку — у Нямеччыне 3 выпадкі, у Вугоршчыне — 4, у Чэхіі — 3. Але нідзе дзяржава ў гэтым ня ўдзельнічае. Альбо страхавыя кампаніі абмяжоўваюць узрост. У Нямеччыне, да прыкладу, да 40 гадоў. Таму што пасьля 40 гадоў нізкі працэнт эфэктыўнасьці ЭКА. А яно жудасна дарагое».

І ўсё ж такі, ці патрэбны закон аб выкарыстаньні дапаможных рэпрадуктыўных тэхналёгій? Звычайная жанчына, эканаміст па прафэсіі, спадарыня Ірына лічыць, што так:

«Але гэты закон не павінен абмяжоўваць узрост жанчыны, што адважваецца на такую апэрацыю. У гэтым законе павінны быць прапісаныя іншыя рэчы, магчымасьць крэдытаваньня на такія рэчы, паколькі гэта дарагая апэрацыя. Можа быць, адказнасьць лекараў, павінна быць прапісаная і адказнасьць бацькі і маці. Але ні ў якім разе не павінен абмяжоўвацца ўзрост. У жанчыны можа здарыцца трагедыя (канечне, барані Бог) — страціла адзінае дзіця ў даволі сталым узросьце. І чаму заканадаўцы павінны вырашаць, нараджаць ёй дзіця ці не?»
Чаму паўстала пытаньне пра ЭКА? Таму што пачаліся судовыя працэсы.


Адпаведныя законы ёсьць амаль ва ўсіх эўрапейскіх краінах, нашых суседзяў — Расеі, Украіны. Тут Беларусь крыху спазьняецца. Паслухаем галоўнага акушэра-гінэколяга Аляксандра Барсукова:

«Чаму паўстала пытаньне пра ЭКА? Таму што пачаліся судовыя працэсы. Каго лічыць донарам генэтычнага матэрыялу, палавых клетак, хто зьяўляецца бацькам. І ўлічваючы, што ў нас няма банку донарскіх клетак, яйцаклетак і спэрматазоідаў, у нас зьяўляюцца судовыя пазовы ад жанчын да мужчын, якія лічылі, што яны далі клеткі як донары, а ў жанчын да іх потым прэтэнзіі, каб яны былі бацькамі, а потым матэрыяльна дапамагалі дзіцю. Вось чаму ўзьнікла неабходнасьць Закону».

Яшчэ адзін адмыслоўца, сябра працоўнай групы, лічыць, што закон павінен толькі замацаваць кірункі, якія потым можна разьвіваць, дапаўняць іншымі падзаконнымі актамі:

«Закон дае права жанчыне зьвяртацца па дапамогу. І дае права лекарам агаворваць свае правы. І правы пацыентам. То бок ён павінен рэглямэнтаваць некаторыя пазыцыі, якія павінны ведаць і лекары, і пацыенты. Канечне, закон павінен быць рамачным. Каб потым яго можна было дапаўняць. А зараз узьнялі непатрэбную хвалю, быццам бы гэта ўжо зроблена, гэта ўжо ёсьць».

У Беларусі з дапамогай мэтаду ЭКА нарадзілася 5 тысяч дзяцей, а першынцам ужо па 15 гадоў. Дарэчы, найстарэйшая жанчына нарадзіла здаровае дзіця ў 53 гады.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG