Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Першы курс беларусістыкі ў амэрыканскім унівэрсытэце

  • Тацяна Поклад

Надзея Сычугова

Надзея Сычугова

Чаму да беларускай выкладчыцы, якая вядзе свой курс беларусазнаўства ў адным з унівэрсытэтаў ЗША, на другі год яе выкладаньня запісалася ў 10 разоў болей амэрыканскіх студэнтаў, чым у першы раз? Чаму бакаляўры–беларусісты працягваюць сваю адукацыю ў ЗША? Цэнтар беларускіх дасьледаваньняў у Канзасе: досьвед маладых беларускіх навукоўцаў. Беларусістыка ў амэрыканскім Канзасе: досьвед маладых беларусістаў, якія атрымалі стыпэндыі.


Перад тым, як размаўляць з удзельнікамі гэтай перадачы, я перачытала інфармацыю, абвесткі і патрабаваньні да студэнтаў і маладых дасьледчыкаў, якім прапаноўвае стыпэндыі Цэнтар беларускіх дасьледаваньняў, што ўжо 2 гады дзейнічае ў ЗША, у Канзасе, пры Паўднёва-Заходнім каледжы. І сваю спэцыяльнасьць трэба выдатна ведаць, і ангельскай добра валодаць, і шмат яшчэ ўсяго-рознага, і да разнастайнай працы трэба быць гатовым, – напрыклад, выкладаць курс беларусазнаўства амэрыканскім студэнтам, па-ангельску, вядома.

«Я вельмі-вельмі рада, што сваю выкладчыцкую кар'еру я пачала менавіта тут, у Злучаных Штатах. Бо, па вялікім рахунку, ад мяне ніхто нічога не патрабаваў...», – кажа Надзея Сычугова.

Адчуваньне свабоды


Спэцыяліст у беларусазнаўстве, дактарантка Польскай Акадэміі Навук, Надзея Сычугова выкладае для студэнтаў Паўднёва-Заходняга каледжу (Southwestern College) у Канзасе, ЗША, новы курс “Гісторыя і культура Беларусі”, – адзіны курс такога кшталту ва ўсёй Паўночнай Амэрыцы.

Надзея – запрошаны дасьледчык (visiting scholar), яна мае стыпэндыю ад Цэнтру беларускіх дасьледаваньняў, які быў створаны пры гэтым каледжы.

Надзея таксама і выкладае, але яна адзначыла, – у адказ на маю просьбу назваць адрозьненьні працы маладога выкладчыка ў ЗША і Беларусі, – што параўноўваць было б некарэктна, бо яна не выкладчык на сталай працы з поўнай нагрузкай. Але затое патлумачыла, чаму ёсьць такое адчуваньне свабоды ў часе працы – «ніхто нічога не патрабуе», – хаця насамрэч, патрабаваньні, здавалася б, значна большыя, чым у Беларусі.

«Я маю на ўвазе, што мне ніхто нічога не казаў, які гэта мусіць быць курс, што там павінна быць, якія тэмы асьвечаныя альбо не асьвечаныя, карацей цалкам гэта было аддадзенае на маю ўласную ініцыятыву і на мой уласны погляд. Я проста працавала на гістарычным факультэце БДУ, лябарантам на катэдры, і, зразумела, жыцьцё выкладчыкаў ведаю вельмі добра. Мне здаецца, самае галоўнае адрозьненьне ў тым, што калі прыходзіць малады выкладчык ва ўнівэрсытэт у Беларусі, то яму адразу кажуць, што ён мусіць рабіць.

Зьверху спускаюцца розныя працоўныя праграмы і гэтак далей. Для ініцыятывы застаецца даволі мала месца. А тут, у ЗША, малады выкладчык цалкам можа праявіць сябе. Тут гэта падтрымліваецца, прынамсі, так ёсьць у маім выпадку. Калі мне былі неабходныя нейкія парады, – бо, безумоўна, адрозьніваецца навучальны працэс, то, вядома, можна было зьвяртацца і з задавальненьнем мне дапамагалі, але ўвогуле ў тое, што я раблю, ніхто не ўмешваўся, ніхто не казаў, што і як павінна быць».

Група студэнтаў з Паўднёва-Заходняга каледжу ў ЗША пасьля заняткаў на курсе "Гісторыя і культура Беларусі"


Для Амэрыкі і для Беларусі


Папярэднікі Надзеі, маладыя дасьледчыкі зь Беларусі, выкладалі іншыя курсы, не зьвязаныя з беларусістыкай, і знаходзіліся ў Каледжы карацейшы тэрмін. Усе яны ўжо вярнуліся ў Беларусь, як вернецца гэтай восеньню і сама Надзея. Яна была тут даўжэй за папярэднікаў – яе праца была настолькі пасьпяховай, што стыпэндыю вырашылі працягнуць.

Вяртаньне і пасьля далейшая праца для Беларусі – умова стыпэндыяў Цэнтру для беларускіх дасьледаваньняў. Яго заснавальнік, Дэйвід Суорц, які быў першым амбасадарам ЗША ў Рэспубліцы Беларусь, для таго і ствараў гэты цэнтар у сваёй alma mater – Паўднёва-Заходнім каледжы ў Канзасе – каб карысьць была ня толькі для ЗША, але і для Беларусі:

“У маім сэрцы заўсёды было асаблівае месца для беларусаў ад таго часу, як я жыў і працаваў сярод іх. Я працаваў і ў іншых месцах былога СССР, этнічна не расейскіх, якія пацярпелі таксама ад палітыкі русыфікацыі.

Я маю асаблівыя пачуцьці да меншасьцяў у былым Савецкім Саюзе, і гэтыя пачуцьці ўзмацніліся, калі я працаваў у Беларусі пасьля распаду СССР. Пасьля я зразумеў, што ва ўсёй Амэрыцы няма акадэмічнага цэнтру, які б займаўся выключна Беларусьсю і беларусамі, у тым часе як, да прыкладу, ёсьць шмат расейскіх цэнтраў, некалькі ўкраінскіх. Такім чынам, мы вырашылі стварыць Цэнтар і яго мэта, калі казаць вельмі каротка – спрыяць беларускаму нацыянальнаму адраджэньню праз вышэйшую адукацыю. Гэта нашая місія”.

І вось цяпер гэты адзіны ў Паўночнай Амэрыцы такога кшталту ўнівэрсытэцкі навукова-дасьледчы асяродак зьдзейсьніў даўнюю мару свайго ініцыятара – распачаўся першы ўнікальны курс беларусазнаўства.

Заняткі Надзея Сычугова вядзе два разы ў тыдзень. Выкладае яна ўжо другі сэмэстар, спачатку быў курс "Уводзінаў у беларусазнаўства" і першая група складалася ўсяго з двух студэнтак. А ў зімовым сэмэстры да беларускай выкладчыцы на курс "Гісторыя і культура Беларусі" ўжо запісаліся 20 чалавек.

«Для цэнтру і для каледжу гэта была нечаканая прыемнасьць, бо сам каледж невялічкі, тут вучыцца каля 600-700 студэнтаў, а пры гэтым 15 ці 16 розных факультэтаў. Таму, калі запісваюцца 15-20 чалавек на пэўны курс, гэта лічыцца вельмі добра. І атрымалася, што мы ўпершыню абвясьцілі такі курс, і людзей гэта зацікавіла».

Middle of Nowhere


Студэнты – з розных праграм, зь іх гуманітарыяў – 2-3 чалавекі, іншыя – з бізнэс-адміністраваньня, а таксама спартоўцы, праграміст, актор...

«Вельмі шмат было з біялёгіі і хіміі студэнтаў, і ў іх я назірала найбольшую цікавасьць да прадмету, да беларускага жыцьця».

Як распавяла Надзея, студэнты – асаблівыя, з цэнтральных пераважна сельскагаспадарчых штатаў, якія жартам называюць Middle of Nowhere – Сярэдзіна месца, якога няма. Надзея кажа, што для бальшыні зь іх паняцьця Ўсходняй Эўропы, а тым больш Беларусі, практычна не існавала. А для Надзеі гэта быў першы досьвед выкладаньня, і адразу на ангельскай мове, у якой яна тады была меней спрактыкаваная. Надзея прыгадвае самую першую лекцыю з гэтай новай групай.

«Самы першы раз мае заняткі былі год таму, курс «Уводзіны ў беларусістыку», але ж тады была зусім невялікая група, дзьве студэнткі, так што гэта была такая падрыхтоўчая стадыя. Але больш цікавей распавесьці пра тыя заняткі, на якія, як я ведала, прыйдзе амаль 20 студэнтаў, у гэтым зімовым сэмэстры. Па-першае, я канешне ж, моцна хвалявалася. Але, па-другое, я ведала, што мяне прыйдзе падтрымаць адзін з дырэктараў Цэнтру беларускіх дасьледаваньняў Эндзі Шэпард (ён таксама, кажучы паводле нашых беларускіх пасадаў, прарэктар гэтага ўнівэрсытэту).

А яшчэ такі казус адбыўся: за пяць хвілін да пачатку маіх заняткаў высьветлілася, што ў мяне замінка з Power Point прэзэнтацыяй, таму мне прыйшлося яшчэ пабегаць... Але пачалі мы своечасова. Я магу сказаць, што з самага першага позірку на студэнтаў я ўнутраным пачуцьцем зразумела, што ў нас усё атрымаецца. Бо я пабачыла і цікавасьць, і павагу.

Ім, канешне, растлумачылі, што яны будуць мець справу з незвычайным выкладчыкам. У тым сэнсе, што выкладчык іншаземны, і можа ўзьнікнуць моўнае пытаньне. Каб яны былі гатовыя да таго, што выкладчык можа запытацца: «Прабачце, ці не маглі б вы паўтарыць яшчэ раз, бо я не разумею, што вы сказалі».

Але тое ж самае было сказана і студэнтам, што гэта цалкам нармальна, калі вы з-за акцэнту ці яшчэ па нейкіх прычынах не зразумееце пэўны матэрыял, то вы можаце пытацца. І я вельмі ўдзячная Эндзі Шэпарду, які сваёй пранікнёнай прамовай здолеў данесьці, што на студэнтаў ускладаецца такі пачэсны абавязак быць гаспадарамі, якія прымаюць госьцю. І што яны мусяць пастарацца, каб госьця сябе адчувала ўтульна, як дома, і я магу сказаць, што мае студэнты так і зрабілі.

Прыемна ўзгадаць, да прыкладу, што, калі яны пачыналі пра нешта выказвацца і гаварылі вельмі-вельмі хутка, карыстаючыся часам слэнгам, так што я магла папросту не ўхапіць нейкую думку, і я прасіла іх паўтарыць, яны спахопліваліся: «Так, так, прабачце, мы ж забыліся!» Так што атмасфэра такая панавала ў аўдыторыі, – у клясе, як кажуць у Амэрыцы, – што яны забываліся, што выкладчыца іншаземная, з далёкай Беларусі, для якой ангельская – ня родная».

Усьмешка па-беларуску


«Безумоўна, тут студэнт – у цэнтры... ня тое, што студэнт абсалютна ўсё вырашае, але ён плаціць грошы і хоча атрымаць за гэта добры ўзровень адукацыі. Гэта, канешне, ёсьць, у адрозьненьні ад Беларусі, што студэнты сябе вельмі свабодна паводзяць. Лепш за ўсё «залатая сярэдзіна», напэўна, бо тут, у ЗША, я б сказала, што ўжо занадта вольна трымаюцца. Але ў беларускіх навучальных установах у нас іншая крайнасьць – студэнт занадта несвабодны і гэта моцна і вельмі нэгатыўна ўплывае на навучальны працэс. Я сама былая студэнтка БДУ, так што ведаю гэта».

Надзея прыгадвала розныя выпадкі са сваімі амэрыканскімі студэнтамі – аднойчы адзін зь іх, праграміст, заснуў на занятках – іншыя пастараліся яго незаўважна пабудзіць і адчувалі за яго няёмкасьць, прыгадвае Надзея. Пасьля ён папрасіў прабачэньня...

Была Надзея гатовая і да таго, што яе могуць не цалкам зразумець – хаця і цяжка быць цалкам падрыхтаваным да такога, напрыклад, здарэньня – пасьля лекцыі, дзе шмат гаварылася пра Полацкае княства, пачатак беларускай дзяржаўнасьці, напрыканцы яе запыталіся – а што такое княства? «Вы маеце такую складаную гісторыю ў Беларусі», – казалі студэнты. І ў тым жа часе, студэнты, якія не чулі пра Беларусь дагэтуль, бадай, нічога, трапна і дакладна вызначалі асаблівасьці яе мінулага і сучаснасьці. Былі і сьмешныя выпадкі, прыгадвае Надзея.

«Такі сьмешны выпадак адбыўся практычна на апошнім занятку. Мы шмат фатаграфаваліся. Вы, напэўна чулі пра знакамітую амэрыканскую ўсьмешку, якая ўзьнікае адразу, як толькі аб'ектыў фотаапарата наводзіцца на твар. І вось адзін са студэнтаў у мяне запытаўся: «А беларусы таксама так робяць?», я кажу ім – не, у беларусаў зусім адваротная рэакцыя, калі яны бачаць камэру, твар робіцца сур'ёзным. Так што, калі ўсе зьбіраліся для агульнага здымка, той студэнт запытаўся: «Ну, што, будзем фатаграфавацца па-беларуску ці па-амэрыканску?» і сам паказаў розьніцу, вельмі сьмешна было».

Навошта беларусістам Амэрыка?


Надзея Сычугова закончыла гістфак БДУ па спэцыялізацыі “Этналёгія, этнаграфія і антрапалёгія”, цяпер працуе над доктарскай працай «Фармаваньне беларускага нацыянальнага руху на пачатку 20-га стагодзьдзя (1902 – 1915 гг.)». Навошта беларусістам амэрыканскі досьвед?

«Мне гэта дало адчуваньне ўпэўненасьці ў сваіх сілах, у сабе, – кажа Надзея. – І, вядома, карысна гэта для адукацыі і працы. Перш за ўсё, гэта камунікацыя з акадэмічнымі асяродкамі. Мне пашчасьціла сустрэцца і з амэрыканскімі, і з канадзкімі калегамі, я ўдзельнічала ў некалькіх канфэрэнцыях. Калі пабачысься, паразмаўляеш, высьвятляюцца зусім розныя погляды, ідэі, у тым ліку і на навучальны працэс, і на напісаньне дысэртацыі, і на сваю ўласную працу. Па-другое, гэта прэзэнтацыя сваёй працы для міжнароднай супольнасьці, што можа і трохі страшна, але карысьць ад гэтага перавышае і страх, і ўсё астатняе.

І, таксама, мне для маёй працы было карысна паразмаўляць з прадстаўнікамі беларускай дыяспары ў ЗША. І, канешне ж, гэта літаратура, – Амэрыка проста рай для дасьледчыка, маючы на ўвазе і даступнасьць літаратуры, і яе памеры».

Аб кнігах, аб недаступных раней выданьнях казала мне і Валерыя Міхалевіч. Яна адна з двух першых выпускніцаў бакаляўрскай праграмы “Гісторыя Беларусі і культурная антрапалёгія” з Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту, якія ад пачатку гэтага году вучацца на магістарскай праграме ў Паўднёва-заходнім каледжы ў Канзасе і працуюць валянтэрамі пры цэнтры беларускіх дасьледаваньняў. Гэта праца ў бібліятэцы Цэнтру.

«Мне гэта вельмі цікава, гэта сапраўдная скарбонка. У Беларусі такой інфармацыі няма. Ну, магчыма, што нешта даступнае, але для досыць абмежаванага кола людзей. І гэта вельмі вялікі недахоп для вывучэньня беларускай культуры, гісторыі. Напрыклад, калі я пісала свой дыплём, я мусіла закранаць дзейнасьць Саюза Беларускай Моладзі, а інфармацыя досыць абмежаваная. А тут кніга ўспамінаў саміх удзельнікаў Саюза. Мне гэтага так не хапала! А тут гэта ўсё ёсьць».

Сьвяткаваньне 25 сакавіка 2010 г. у Паўднёва-Заходнім каледжы (Southwestern College) у Канзасе, ЗША

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG