Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фінькевіч: “Андрэю Кузьмінскаму трэба сказаць дзякуй”

абноўлена

Артур Фінькевіч
Артур Фінькевіч

Актывіст руху «Маладая Беларусь» Андрэй Кузьмінскі праз электронную пошту распаўсюдзіў ліст, у якім паведамляе, што ў выніку ціску на яго і ягоных сваякоў з боку супрацоўнікаў КДБ ён вымушаны быў пакінуць Беларусь і зьехаць ва Ўкраіну.


Падзеі вакол Андрэя Кузьмінскага і ягоны ад’езд камэнтуе лідэр «Маладой Беларусі» Артур Фінькевіч:

«Я вельмі ўдзячны Андрэю за тое, што ён на наступны дзень пасьля таго, як на яго націснулі і завэрбавалі, прыйшоў да мяне і сказаў пра гэта. Я, у сваю чаргу, зрабіў усё магчымае, каб дапамагчы Андрэю зьехаць адгэтуль, зь Беларусі.

Што тычыцца ціску на яго і ягоную сям’ю, то зь ягоных расповедаў ведаю, што ягоная цяжарная дзяўчына зараз знаходзіцца ў нейкім пансіянаце. І яе туды адправілі якраз супрацоўнікі КДБ, каб гэткім чынам кантраляваць яе і яго. Другое — ціснулі на ягоных бацькоў і патрабавалі камэнтароў да фільму «Куды ўводзіць дзяцінства Маладая Беларусь», які неаднаразова трансьліравалі па БТ.
На Андрэя мэтанакіравана ціснулі пасьля той акцыі, якая была каля унівэрмагу «Беларусь» з партрэтам Лукашэнкі і яйкамі.

На Андрэя мэтанакіравана ціснулі пасьля той акцыі, якая была каля унівэрмагу «Беларусь» з партрэтам Лукашэнкі і яйкамі. Нейкім чынам яго ўдалося зламаць, але нават у такой сытуацыі чалавек прыйшоў, усё распавёў, сказаў, што ня будзе гэтага рабіць, але баіцца за сваё жыцьцё. Я вырашыў яму дапамагчы і зрабіць усё магчымае, каб ён зьехаў.

Відавочна, што працуе такая схема: на чалавека ціснуць пэрсанальна, могуць быць дробныя вінаватасьці, на якія можна націснуць. Могуць быць сваякі, празь якіх звычайна ціснуць супрацоўнікі КДБ. Апрача таго, яны могуць запалохаць чалавека, пагражаючы фізычнай расправай. Такія выпадкі, я думаю, не адзінкавыя. Але адзінкі ў гэтым прызнаюцца. Лічу, што ў гэтай сытуацыі чалавек не зрабіў нічога шкоднага, ён прызнаўся і паведаміў, да чаго яго змушалі і што плянуюць рабіць супрацоўнікі КДБ.

Цягам бліжэйшага месяца-двух яны плянавалі правесьці фіктыўны зьезд Маладой Беларусі з дапамогай Андрэя і людзей, якія ня маюць дачыненьня да нашай арганізацыі. А пасьля гэткім чынам паўплываць на аслабленьне нашай арганізацыі перад будучай прэзыдэнцкай кампаніяй.

Лічу, што зараз досыць важным зьяўляецца тое, што мы прынцыпова падтрымліваем Аляксандра Мілінкевіча, не зважаючы ні на якую крытыку і чуткі, а таксама бруд, які распаўсюджваецца апошнім часам у СМІ, у тым ліку з вуснаў іншых прадстаўнікоў беларускага незалежніцкага блёку. Таму я лічу, што гэтаму чалавеку трэба сказаць дзякуй».

«Свабода» паспрабуе атрымаць камэнтар КДБ.

Гэта ня першыя спробы супрацоўнікаў КДБ завэрбаваць моладзевых актывістаў.

20 сьнежня 2001 году скончыў жыцьцё самагубствам гомельскі актывіст руху «Зубр» Андрэй Зайцаў, якога спрабаваў завэрбаваць КДБ.

У студзені 2007 году студэнтка Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэту Яна Карповіч абвінаваціла супрацоўнікаў КДБ у спробе празь незаконныя захады змусіць яе да супрацоўніцтва. У скарзе на імя генэральнага пракурора Яна Карповіч прасіла завесьці крымінальную справу адносна супрацоўнікаў КДБ.

У жніўні 2009 году ў інтэрнэце зьявіўся дзёньнік 26-гадовага гамельчука Сяргея Гаўрыліна, які быў блізкі да мясцовых дэмакратычных колаў. Ён прызнаецца, што быў завэрбаваны супрацоўнікамі УКДБ і апошнія чатыры гады пісаў даносы на гомельскіх лідэраў апазыцыі. Працаваў пад псэўданімамі спачатку «Эколяг», а пазьней — «Мэркурый». У дзёньніку названыя канкрэтныя прозьвішчы гамельчукоў, апісаныя некаторыя рэальныя падзеі. Гомельскі актывіст Сяргей Гаўрылін у інтэрвію «Deutsche Welle»: «Самае галоўнае, што я хацеў данесьці да людзей, гэта тое, што ані адзін, ані другі бок не вядуць сумленную гульню».

Сёньня Андрэй Кузьмінскі будзе госьцем «Начной Свабоды».


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG