Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

10 чэрвеня адбылося чарговае паседжаньне Грамадзка-кансультатыўнай рады пры адміністрацыі прэзыдэнта. Ці можна лічыць гэты орган формай зваротнай сувязі паміж уладай і грамадзтвам? Наколькі канструктыўным быў дыялёг? Якімі могуць быць ягоныя вынікі?


Удзельнікі: дырэктар Цэнтру сыстэмных бізнэс-тэхналёгій SATIO Жанна Грынюк і ганаровы старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Станіслаў Багданкевіч.

Форма зваротнай сувязі?


Валер Карбалевіч: «Апошні раз Грамадзка-кансультатыўная рада пры адміністрацыі прэзыдэнта зьбіралася год таму. З улікам гэтага як можна ацаніць эфэктыўнасьць такой інстытуцыі? Для чаго і для каго яна патрэбная?»

Жанна Грынюк: «Рада неабходная для таго, каб мы маглі сказаць уладзе пра яе недахопы. І ў гэтым сэнсе яна канструктыўная».

Станіслаў Багданкевіч: «Зразумела, рада ня можа замяніць паўнавартасны парлямэнт, у якім былі б прадстаўленыя розныя погляды і палітычныя сілы. Рада — гэта проста круглы стол, у якім бяруць удзел высокія чыноўнікі. Там ідзе свабодная дыскусія без абмежаваньняў. Потым нашы выступы накіроўваюцца ўраду і іншым органам улады».

Ці канструктыўным быў дыялёг?


Карбалевіч: «Учорашняе паседжаньне было прысьвечана тэме эканамічнай лібэралізацыі. Ці быў там канструктыўны дыялёг? Сп-ня Грынюк, вы былі там нават дакладчыкам. Якое ў вас уражаньне?»

Грынюк: «У мяне добрае ўражаньне. Мае прапановы што да працы рады былі прынятыя. Я зьяўляюся сябрам двух камісій. Адна зь іх — гэта міжведамасная камісія па распрацоўцы стандартаў кампэтэнцыі кіраўнічых кадраў дзяржпрадпрыемстваў. То бок яна вывучае праблему чалавечага капіталу. Другая камісія, створаная паводле распараджэньня прэзыдэнта, — гэта камісія па распрацоўцы праграмы сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця да 2015 году. У гэтай камісіі я зьяўляюся адзіным прадстаўніком ад бізнэсу».

Багданкевіч: «Дыялёг быў канструктыўны. Калі на першым паседжаньні рады намесьнік міністра эканомікі Тур казаў, што ў пэрыяд крызісу злачынна праводзіць рынкавыя рэформы, то цяпер ён паўтараў прапановы апазыцыі, у прыватнасьці — Аб’яднанай грамадзянскай партыі. У праекце дырэктывы прэзыдэнта аб лібэралізацыі закладзены ідэі, якія нам блізкія. Толькі ці будзе ўсё гэта рэалізавана?»

Якія вынікі абмеркаваньня?


Карбалевіч: «І што ў сухім астатку? Ці быў прадстаўлены сам праект дырэктывы прэзыдэнта аб лібэралізацыі, каб у яго можна было ўносіць папраўкі?»

Грынюк: «Праекту не было. І гэта добра. Бо ёсьць прастора для прапановаў. Мы жывем у такі пэрыяд, калі ўлада адчувальная да пераменаў і прапановаў.
У многіх чыноўнікаў існуе псыхалягічны бар’ер да зьменаў. Я бачу перамены ў мысьленьні ўраду.
У многіх чыноўнікаў існуе псыхалягічны бар’ер да зьменаў. Я бачу перамены ў мысьленьні ўраду».

Багданкевіч: «Я лічу, што рада павінна была атрымаць праект дырэктывы. Да рэформаў падштурхоўвае ня столькі наша рада, колькі сытуацыя ў эканоміцы. Я падчас свайго выступу на радзе казаў пра паглыбленьне крызісу. Сукупная крэдыторская запазычанасьць дасягнула 78% валавога ўнутранага прадукту (ВУП). Вонкавая запазычанасьць сягае 45% ВУП. У мінулыя гады праблемы ліквіднасьці ў банкаў перакрываліся з дапамогаю бюджэту. Але цяпер бюджэт дэфіцытны. Таму Нацбанк за чатыры месяцы павялічыў датацыі камэрцыйным банкам на 38%».

Карбалевіч: «Сп-ня Грынюк, вось вы ўвайшлі ў камісію па распрацоўцы стандартаў кампэтэнцыі кіраўнічых кадраў дзяржпрадпрыемстваў. Дык, можа, вырашэньне праблемы ў тым, каб прыватызаваць дзяржпрадпрыемствы? І праблема адразу вырашыцца?»

Ці трэба паскараць лібэралізацыю?


Грынюк: «Падчас крызісу ў сьвеце павялічваецца ўмяшаньне дзяржавы ў эканоміку. А мы знаходзімся ў супрацьфазе. Падчас крызісу мы праводзім лібэралізацыю. Нельга думаць, што мы правядзем лібэралізацыю, і адразу ўсё стане лепш. Наадварот, лібэралізацыя створыць шэраг праблем. Напрыклад, павялічыцца беспрацоўе. Гэта працэс, які цягнецца гадамі. Сытуацыю зьменяць ня новыя законы, а перамены чалавечага мысьленьня. Таму я б ня стала штурхаць уладу, каб яна хутчэй праводзіла рэформы».

Карбалевіч: «Сп. Багданкевіч, дык сацыяльна-эканамічныя ўмовы фармуюць чалавечы капітал — ці чалавечае мысьленьне мяняе сацыяльна-эканамічныя ўмовы?»

Багданкевіч: «Адбываецца ўзаемаўплыў. Каб у нас былі свабодныя выбары, то да ўлады прыйшлі б людзі, якія праводзілі б рынкавыя рэформы. Увесь сьвет жыве ва ўмовах рынку. Гэта сьмешна, што лібэралізацыя пагаршае ўзровень жыцьця. Наадварот. Пра гэта кажа сусьветны досьвед».

Грынюк: «Хачу папярэдзіць пра небясьпеку прагі рэваншу. Гэта разьядноўвае грамадзтва. Мы павінны забыць усе палітычныя крыўды і стаць адзінымі ў вырашэньні грамадзкіх праблемаў».


  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Яшчэ на гэтую тэму

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG