Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне «Свабоды»: «Як вам удаецца ратавацца ад сьпёкі?» Адказвалі жыхары Магілёва.


Спадарыня: «На дачы хаваюся. У цяньку. У мяне там шмат дрэваў. Так што там буду сядзець».

Малады спадар: «Дома. Нашы вадаёмы, каб там купацца — яны засьмечаныя. Толькі калі там пазагараць, максымум».

Юнак: «Душ дома добры. А так, наагул, што-небудзь лёгкае апранаю».

Юнак: «Зь сябрамі на пляжы ходзім. Ну, не сказаць, каб яны былі чыстымі. Людзі іх засьмечваюць. П’юць сьпіртовыя напоі. Усё гэта ня ў урны кідаюць, а на пясок. Бутэлькі б’юць. Шмат траўмаў. Вадаёмы, канечне, таксама бруднаватыя».

Маладая спадарыня: «Гэты час мы праводзім у кватэры. Зачыняем вокны, бальконы, каб паветра сьпякотнае не праходзіла, і ўсё. Непажадана ў гэты час знаходзіцца на сонцы. Можна атрымаць апёк нейкі».

Малады спадар: «Прымаю душ, бо пляжы ў нас жахлівыя ў Магілёве. Брудныя. Лепш дома».

Юнак зь юначкай: «Ямо марозіва, альбо ўрэшце ў цянёк».

Юнак: «Ну, у асноўным людзі на Дняпро цягнуцца».

Юначка: «Цяпер дужа брудны пляж там. Рака дужа засьмечана. Там столькі ўсяго валяецца. Уваходзіш у ваду — адразу ж можна чаго-небудзь падчапіць нядобрага».

Спадар: «Наагул на рэчцы, на азёрах, дзе шмат людзей. Прынамсі, калі што, то нехта дапаможа. Трэба быць абачлівым, ня лезьці ў ваду падвыпіўшы. Наш жа народ так любіць — выпіць, а потым у ваду».

Спадар: «Самы лепшы ў мяне варыянт — на дачу стараемся патрапіць. У шапачках у градах пакорпацца. Яшчэ ванна й возера».

Юнак: «Я звычайна сяджу дома. Калі не адчыняеш форткі, то халоднае паветра — яно застаецца ў кватэры. Яшчэ адзеньне лягчэйшае».

Спадарыня сталага веку: «Я дома. У мяне стары дом. Столь высокая, таму сьпякоты я там не адчуваю. Па-за дом я стараюся не выходзіць. Ужо ўзрост той, што трэба засьцерагчыся».

Спадар сталага веку: «Я, у прынцыпе, пераношу сьпякоту нармальна. Я ня п’ю, не палю. Мыюся часьцей дома. Цяпер няясна. То сонца, то дождж. Выйдзеш на пляж, а тут дождж пачынаецца. Трэба бегчы дадому».

Юначка: «Душ, хутчэй за ўсё, абіраю. Цяпер во на пляж няма калі хадзіць. Сэсія пачалася. Душ ратуе».

Юначка: «Хаджу на возера. Там пляжы забруджаныя. Прынамсі тыя, на якія ходзім. Хацелася б, каб чысьцейшыя крыху былі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG