Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледчая Байкова да Лукашэнкі: ”Змрочныя думкі перакрываюць дыханьне…”


Сьвятлана Байкова

Сьвятлана Байкова

Сьледчая Генэральнай пракуратуры Святлана Байкова, якую яшчэ ў лютым арыштаваў КДБ, у адкрытым лісьце да Аляксандра Лукашэнкі просіць пра вызваленьне і вяртаньне на працу.


11 чэрвеня адвакат Міхаіл Воўчак наведваў Сьвятлану Байкову ў сьледчым ізалятары КДБ — так званай «амэрыканцы», дзе былую сьледчую трымаюць зь лютага гэтага году нібыта паводле абвінавачаньня ў службовых злоўжываньнях. Міхаіл Воўчак паведаміў, што Сьвятлана Байкова перадала яму ліст, адрасаваны Аляксандру Лукашэнку. Ліст называецца «Прашэньне». Пра што просіць Байкова ў Лукашэнкі?

«Просіць быць гарантам Канстытуцыі і абараніць яе правы і свабоду, просіць вызваліць з ізалятара і вярнуць на працу».

Паводле адваката Міхаіла Воўчака, настрой у ягонай падабароннай дастаткова складаны. Вось цытаты зь ліста Сьвятланы Байковай да Аляксандра Лукашэнкі:

«Змрочныя думкі перакрываюць дыханьне. Жыцьцё, аказваецца, ня самае каштоўнае для чалавека. Найважнейшае — гэта чэснае імя, гонар і годнасьць. Я жыла і працавала, „каб не было пакутліва балюча за бязмэтна пражытыя гады“. За што ўзнагароджана і пакарана». У другім месцы ліста Сьвятлана Байкова піша: «Мае фізычныя і духоўныя сілы на сыходзе, але я яшчэ магу сказаць цьвёрдае „не“ выстаўленаму мне абвінавачаньню і заклікаць В. Ю. Зайцава адумацца і выправіць зробленую ім памылку».
Жыцьцё, аказваецца, ня самае каштоўнае для чалавека. Найважнейшае — гэта чэснае імя, гонар і годнасьць.


З 31 траўня Сьвятлана Байкова трымае галадоўку, пратэстуючы супроць незаконнага, як яна мяркуе, перасьледу. Як сябе пачувае Сьвятлана Байкова?

Воўчак: «Прыйшла яшчэ сама, не прыносілі. Але твар белы, бледная. Ціск у яе пачаў падаць, а астатняе быццам бы ў норме. У паліклініку яе возяць, рэгулярна доктар яе аглядае, які ёсьць там у ізалятары. Трымаюць яе ў звычайнай камэры, 4 квадратныя мэтры плошчы, іх там то дзьве, то тры жанчыны».

Паводле неафіцыйных зьвестак, сьледчая па асабліва важных справах Генэральнай пракуратуры Сьвятлана Байкова была арыштаваная КДБ яшчэ ў лютым. Нібыта яна злоўжывала службовым становішчам падчас сьледчых дзеяньняў у межах справы супроць мытнікаў. КДБ і пракуратура Беларусі арышт Сьвятланы Байковай не камэнтуюць. Крыніцы сьцьвярджаюць, што генэральны пракурор Беларусі Рыгор Васілевіч у траўні ня даў санкцыі на працяг утрыманьня Сьвятланы Байковай пад вартай.

Чаму жанчыну дагэтуль трымаюць у ізалятары КДБ? Згодна з новым законам, працягнуць арышт зараз магчыма і з санкцыі кіраўніка праваахоўнай структуры, дзе вядзецца сьледзтва. Паводле зьвестак, якраз такім парадкам старшыня КДБ Вадзім Зайцаў працягнуў расьсьледаваньне справы Сьвятланы Байковай і ўтрыманьне яе ў «амэрыканцы».

Ці праўда, што пачалі датэрмінова выпускаць з турмаў былых мытнікаў, чые справы вяла Сьвятлана Байкова? Адвакат Міхаіл Воўчак кажа, што чуў пра такія зьвесткі, але пацьвердзіць іх ці абвергнуць нічым ня можа. У прэсавай службе Мытнага камітэту камэнтаваць гэтыя зьвесткі адмовіліся.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG