Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выпускныя вечары: алькаголь будзе, але ўпотай


Выпускны баль
Выпускны баль

Сёньня ва ўсіх школах краіны — выпускныя балі. Загадам Міністэрства адукацыі катэгарычна забаронена ўжываць на выпускных вечарах сьпіртовыя напоі, а самі выпускныя вечары — праводзіць у рэстаранах і кафэ. Як сёлета пройдзе разьвітаньне са школай?


У сталіцы загадам Менгарвыканкаму ў сувязі з правядзеньнем выпускных забаронены продаж алькагольных напояў і піва — ад 15-й гадзіны 11 чэрвеня да 10-й раніцы 12 чэрвеня. На выпускных алькаголь катэгарычна забаронены, кажа галоўны спэцыяліст Камітэту адукацыі Менгарвыканкаму Надзея Вялікая:

«Будзе аб’езд структурамі Менгарвыканкаму. Адказнасьць — на ўпраўленьнях адукацыі, адміністрацыях раёнаў, дырэктараў. І, натуральна, ні пра якае расьпіцьцё сьпіртнога ня можа ісьці наагул ніякай гаворкі! Нават заікацца пра гэта ніхто ня мае права! Пэпсі-кола, вадзічка, ліманадзікі — калі ласка!»

Што кажуць бацькі, настаўнікі? Паводле назіраньняў полацкай настаўніцы Алены Сом, нягледзячы на забароны, алькаголь усё адно на выпускных ужываюць:

«Звычайна прыносяць нават ня самі дзеці, бо яны прыходзяць прыгожа апранутыя, бяз сумак, а прыносяць бацькі. Бо бацькі лічаць, што лепей няхай дзеці будуць пэўным чынам пад наглядам — маўляў, тады гэта не перарасьце ў нешта жахлівае».

Маці выпускніцы спадарыня Галіна распавяла, што іхная школа выпускны праводзіць у канцэртнай залі «Мінск». Што да алькаголю, яна кажа:

«Алькаголь афіцыйна забаронены — у нас школа прыстойная. Але кожны сам прынясе, калі здолее схаваць. Нас палохаюць, што на ўваходзе будуць абшукваць. Праўда, некаторыя кемлівыя бацькі сказалі, што будуць хаваць у кветкі».

Але многія сталічныя школьнікі будуць праводзіць выпускныя, нягледзячы на забароны, у рэстарацыях — «Вэстфаліі», рэстарацыях гатэляў «Вікторыя», «Эўропа». Галоўны спэцыяліст Камітэту адукацыі Менгарвыканкаму Надзея Вялікая патлумачыла:

«Пра „Эўропу“ мы ведаем. Але яны толькі арандуюць памяшканьне. Урачыста пройдзе мерапрыемства, але гэта не азначае, што дзеці будуць гуляць, як прынята ў рэстарацыі, зь першай, другой і трэцяй стравамі».

Настаўнік зь Віцебску Сяргей Салодкін распавёў:

«Гады два-тры запар у нашай школе было безь сьпіртнога. Хаця потым дзеці ішлі ў лес, там сьвяткавалі, сустракалі сьвітанак. А сёлета выпускны будзе разам з бацькамі…»

Карэспандэнтка: «Бацькі далі дазвол?»

«Так. Далі дазвол».

Карэспандэнтка: «А як вы думаеце, як усё ж такі лепш: калі ёсьць забарона, і дзеці потым ідуць у лес, альбо пад наглядам бацькоў, ці зусім безь сьпіртнога?»
Усё адно раней ці пазьней яны ідуць у лес.


«Можа, пад наглядам лепей. Хаця гэта нагляд часовы. Усё адно раней ці пазьней яны ідуць у лес».

Карэспандэнтка: «А так, каб зусім безь сьпіртнога, не атрымліваецца?»

«Ну, часьцей за ўсё — не. У нас дзяўчаты практычна зусім ня п’юць. Ня ведаю, як зараз будзе. Дзяўчаты летась не пілі, хлопцы пілі. Ня ведаю, як зараз будзе. У кожнай школе па-рознаму, канечне».

Як пройдуць выпускныя ў сельскіх школах, распавёў клясны кіраўнік 11-й клясы Пяцігарскай школы Бешанковіцкага раёну Георгі Станкевіч:

«Сёньня раніцай дырэктар школы ўручыла выпускнікам атэстаты, сказалі прамовы. Яны нас не запрасілі ні на якае мерапрыемства. Хаця ў мінулыя гады ў нас было такім звычаем заўсёды праводзіць застольлі, проста ў школе мы накрывалі ў спартзалі сталы са сьпіртным. А сёлета я іх настроіў на тое, што „гэта вам патрэбна ці не?“ Яны сказалі, што ім гэта не патрэбна. Я сказаў: „Ну, няхай будуць крыўдзіцца настаўнікі, якія хочуць выпіць, а мы правядзем „сухі“ выпускны“. І таму сёньня мы нічога не сьвяткуем, нічога не праводзім. Хаця, як правіла, у кожнай сельскай школе ў гэты вечар бацькі разам з выпускнікамі падымаюць па чарцы-другой».

А што кажуць самі выпускнікі? Гутару зь ліцэістам Антонам:

Карэспандэнтка: «Ты будзеш ужываць на выпускным сьпіртное?»

«Не, ня буду. Я вырашыў „затарыцца“ безалькагольнымі энэргетыкамі, „Red bull“, да прыкладу. І на іх усю ноч пратанчыць на дыскатэцы».

Карэспандэнтка: «То бок сьпіртное не патрэбна, каб быць бадзёрым?»

«Камусьці патрэбна, камусьці не патрэбна. Мне хопіць «Red bull».


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG