Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Лукашенка-Д. Мядзьведзеў: шчырая зьверка гадзіньнікаў


Дзьмітрый Мядзьведзеў

Дзьмітрый Мядзьведзеў

У Падмаскоўі адбыліся перамовы паміж прэзыдэнтам Расеі Дзмітрыем Мядзевдзевым і кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам. Адкрываючы перамовы, Мядзьведзеў сказаў: "Мы сёньня можам з вамі зьверыць гадзіньнік па бягучай сытуацыі і перш за ўсё па двухбаковых адносінах, па праблемах інтэграцыі".


Сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з прэзыдэнтам Дзьмітрыем Мядзьведзевым і прэм’ер-міністрам Уладзімерам Пуціным былі заплянаваныя на пачатак дня. Аднак у першай палове дня сваіх суразмоўцаў Лукашэнка так і не знайшоў: Мядзьведзеў браў удзел у паседжаньні Рады Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ва Ўзбэкістане, а Пуцін з працоўным візытам знаходзіўся ў Францыі.

У Ташкенце Мядзьведзеў заявіў, што разьлічвае на ўзаемныя кампрамісы ў перамовах з Лукашэнкам, уключна са спрэчнымі момантамі ў фармаваньні Мытнага саюзу: «Ад сустрэчы з Аляксандрам Рыгоравічам я заўсёды чагосьці чакаю, калі вяртаюся з далёкіх вандровак», — пажартаваў Мядзьведзеў.

Аляксандар Лукашэнка зьмяніў гнеў на міласьць і шукае кампрамісу з кіраўніцтвам Расеі ў справе пабудовы Мытнага саюзу Расеі, Беларусі і Казахстану. Менавіта гэтая праблематыка акрэсьленая як прыярытэтная ў праграме візыту Лукашэнкі ў Маскву. На 5 ліпеня ў Астане заплянаванае пасяджэньне Міждзяржаўнай рады ЭўрАзЭС і «тройкі» Мытнага саюзу, таму Расея і Казахстан хочуць пэўнасьці што да пазыцыі Беларусі ў фармаваньні Мытнага саюзу, а ў пэрспэктыве — Адзінай эканамічнай прасторы (АЭП). Нагадаю, што 21 траўня на ўрадавай сустрэчы ў Санкт-Пецярбургу беларуская дэлегацыя заявіла пра нязгоду з шэрагам артыкулаў Мытнага кодэксу, а праз тыдзень прэм’ер-міністар Сяргей Сідорскі і ўвогуле праігнараваў аналягічнае мерапрыемства. Мытныя дамоўленасьці паміж Масквой і Астаной былі падпісаныя без удзелу Менску.

Ігар Сечын
Сёньня віцэ-прэм’ер расейскага ўраду Ігар Сечын сказаў, што насьпела неабходнасьць абмеркаваць зь Менскам пытаньні ўзаемадзеяньня ў паліўна-энэргетычнай сфэры. Чыноўнік лічыць, што пастаўкі нафты і газу павінны ажыцьцяўляцца ў строгай адпаведнасьці з пагадненьнямі аб паэтапным пераходзе на прынцыпы рынкавага цэнаўтварэньня ва ўзаемным гандлі. І заявіў, што ня бачыць падставаў для перагляду дамоўленасьцяў пра экспартнае мыта на нафту для Беларусі, бо адмена магчымая толькі ў рамках фармаваньня АЭП. Гэтаксама Расея выступае за безумоўнае выкананьне абавязкаў па аплаце прыроднага газу: з-за таго, што Менск вырашыў плаціць за спажыты газ паводле самавызначанага кошту, запазычанасьць Беларусі перад «Газпрамам» перавысіла 190 мільёнаў даляраў.

Аляксандар Мех
Экспэрт у энэргетычных пытаньнях Аляксандар Мех лічыць, што пытаньне энэргарэсурсаў — цалкам палітычнае, таму шукаць у ім эканамічны сэнс папросту не выпадае:

«Справа ў тым, што гэта пытаньне палітычнае. Тут няма ніякай эканомікі, толькі палітыка. А значыць, і рашэньні прымацца будуць палітычныя. З гледзішча рынкавай эканомікі — калі ёсьць дамова плаціць адну цану, а іншы бок плаціць зусім іншую — то гэта ўжо не эканоміка. Безумоўна, ідзе торг, ёсьць пэўны шантаж, правакаваньне канфлікту — маўляў, хоць і ёсьць вызначаная плянка, але будзем плаціць меней. На гэтым эканоміка Беларусі сёньня і трымаецца. Бо калі зрабіць для краіны тую рынкавую цану, што ёсьць у сьвеце, то эканоміка ня вытрымае, ня вытрымаюць ні людзі, ні прадпрыемствы. Цяпер уся прамысловасьць, камунальная гаспадарка будуецца якраз на танным газе. Удзельная вага расейскага газу на гэты момант — 85% у паліўна-энэргетычным балянсе краіны».

Без удзелу ў Мытным саюзе і Адзінай эканамічнай прасторы Менску складана спадзявацца на сыравінныя прэфэрэнцыі. Аднак, як лічыць эканаміст Павел Данэйка, беларускае кіраўніцтва займае слушную пазыцыю, спрабуючы атрымаць ад гэтага сяброўства максымум дывідэндаў. Хоць фармальна ў мытным саюзе з Расеяй Беларусь знаходзіцца даўно:

Павал Данэйка
«Пазыцыя кіраўніцтва Беларусі, якое намагаецца вытаргаваць лепшыя для сябе ўмовы, правільная. І сам факт няўдзелу ў мытнай прасторы не сьмяротны. Па сутнасьці, у нас ужо не адзін раз падпісаныя мытныя пагадненьні. Фармальна мы і так існуем у адзінай прасторы, у нас няма мытні паміж Расеяй і Беларусьсю. У чым праблема? Нейкіх відавочных бар’ераў ад пачатку працы Расеі і Казахстану ў Мытным саюзе чакаць не выпадае. Усе бар’еры, якія выбудоўваюцца ў адносінах паміж Менскам і Масквой па перамяшчэньні тавараў, ня маюць да мытнай прасторы і мытных тарыфаў ніякага дачыненьня. Гэта ўсе бар’еры ня мытнай уласьцівасьці, правільна? Гэта бар’еры, якія ствараюцца органамі кантролю іншага кшталту. Таму якое дачыненьне гэта мае да Мытнага саюзу? Ніякага».

У прэсавых службах прэзыдэнта і прэм’ер-міністра Расеі не сказалі нічога пэўнага адносна перамоваў Дзьмітрыя Мядзьведзева і Ўладзімера Пуціна з Аляксандрам Лукашэнкам 11 чэрвеня. Адзінае, што сам Мядзьведзеў па выніках паседжаньня Рады Шанхайскай арганізацыі заявіў, што мае намер сустрэцца з кіраўніком Беларусі сёньня позна ўвечары. А вось наконт аўдыенцыі ў Пуціна пытаньне застаецца адкрытым.

Тым часам Аляксандар Лукашэнка наведаў Усерасейскі навукова-дасьледчы інстытут электрамэханікі, дзе вядуцца працы над спадарожнікам дыстанцыйнага зандаваньня Зямлі. Спроба запусьціць першы беларускі спадарожнік «БелКа» ў ліпені 2006 году скончылася аварыяй ракеты-носьбіта, аднак ад амбітных плянаў стаць касьмічнай дзяржавай Беларусь не адмовілася. Чакаецца, што бліжэйшым часам будзе названая дата чарговай спробы выхаду ў космас — дагэтуль плянавалася, што спадарожнік будзе выведзены на арбіту сёлета ў красавіку.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG